навіна

ад 26.11.2010

Беларусь у ліку лідараў сярод краін СНД па забяспечанасці насельніцтва жыллём – В.Бура

Беларусь у ліку лідараў сярод краін СНД па забяспечанасці насельніцтва жыллём – В.Бура

1 2 3 4 5 6 7

Паводле інфармацыі віцэ-прэм'ера, на пачатак 2010 года забяспечанасць насельніцтва жыллём у Беларусі склала 23,6 кв.м агульнай плошчы на аднаго жыхара. Увод жылля на адну тысячу чалавек насельніцтва ў мінулым годзе дасягнуў амаль 600 кв.м агульнай плошчы. Усяго ў 2009 годзе ў краіне пабудавана каля 70 тыс. кватэр. "Цяпер Беларусь мае лепшыя стратэгічныя паказчыкі жыллёвага будаўніцтва сярод краін СНД", – сказаў віцэ-прэм'ер.

Дынаміка ўводу ў дзеянне агульнай плошчы жылых дамоў сведчыць аб устойлівасці росту гэтага паказчыка за апошнія 5 гадоў. Так, калі ў 2005 годзе ўвод жылых дамоў склаў каля 3,8 млн.кв.м, то ў 2009 годзе – 5,75 млн.кв.м. У гэтым годзе стаіць задача пабудаваць 6 млн. 960 тыс.кв.м жылля, што ў 1,84 раза больш, чым у 2005-м.

У цэлым за 2006-2010 гады ў Беларусі будзе ўведзена каля 26,6 млн.кв.м агульнай плошчы жылых дамоў, што забяспечвае выкананне верхняга параметра прагнозу, устаноўленага на пяцігодку па гэтым паказчыку, падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Намеснік Прэм'ер-міністра таксама расказаў, што ў студзені-кастрычніку гэтага года на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы Беларусі накіравана Br41,1 трлн. інвестыцый у асноўны капітал, што ў супастаўных цэнах на 11,5 працэнта больш да ўзроўню студзеня-кастрычніка 2009 года. З гэтай сумы Br21,2 трлн., або 51,6 працэнта накіравана на будаўніча-мантажныя работы.

Віктар Бура адзначыў, што аб'ёмы штогадовага жыллёвага будаўніцтва ў Беларусі да 2015 года вырастуць да 9,5-10 млн. кв.м.

"У адпаведнаці з праектам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады, да 2015 года аб'ёмы штогадовага жыллёвага будаўніцтва плануецца павялічыць да 9,5-10 млн. кв.м.", – праінфармаваў віцэ-прэм'ер.

У студзені-кастрычніку бягучага года арганізацыямі ўсіх форм уласнасці пабудавана 65,3 тыс. новых кватэр. За кошт усіх крыніц фінансавання ўведзена ў эксплуатацыю 5,2 млн. кв.м агульнай плошчы жылля, што складае 75,3 працэнта гадавога задання. За справаздачны перыяд у параўнанні са студзенем-кастрычнікам 2009 года ўвод жылля вырас амаль на 530 тыс. кв.м, або на 11,2 працэнта, канстатаваў Віктар Бура.

За названы перыяд для грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, уведзена 3,4 млн. кв.м агульнай плошчы жылля, або 64,9 працэнта агульнага ўводу жылля, з іх у шматкватэрных жылых дамах у гарадах – 2,5 млн. кв.м.

У сельскіх населеных пунктах і малых гарадскіх паселішчах пабудавана больш як 2 млн. кв.м жылля, або 40,4 працэнта агульнага аб'ёму ўводу па Беларусі. Гэта складае 110,8 працэнта да адпаведнага перыяду 2009 года.

Па запэўненнях аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, у 2010 годзе заданне па ўводу жылля будзе выканана ўсімі абласцямі і Мінскам, рэзюмаваў віцэ-прэм'ер.

Віктар Бура прінфармаваў, што для дадатковага стымулявання жыллёвага будаўніцтва ўрадам падрыхтаваны і накіраваны на разгляд кіраўніка дзяржавы прапановы па зніжэнню з 5 працэнтаў да 1 працэнта платы за карыстанне і павелічэнню з 20 да 40 гадоў тэрміну пагашэння льготных крэдытаў для жыхароў населеных пунктаў з колькасцю насельніцтва да 50 тыс. чалавек, а таксама такіх гарадоў, як Кобрын, Слуцк, Рэчыца і Светлагорск. "Накіравана таксама прапанова па апераджальнаму льготнаму крэдытаванню дзяржзаказчыкаў да фарміравання арганізацыяй-забудоўшчыкам у памеры да 50 працэнтаў ад каштарыснага кошту будаўніцтва з далейшым пераводам доўгу на грамадзян, а таксама льготнаму крэдытаванню дзяржзаказчыкаў для перспектыўнага праектавання жылых дамоў", – паведаміў ён.

Аналізуючы дынаміку развіцця беларускай будгаліны Віктар Бура адзначыў, што сітуацыя застаецца стабільнай. У той жа час захоўваюцца праблемы ў знешнеэканамічнай дзейнасці. Віцэ-прэм'ер нагадаў, што на нарадзе вясной гэтага года кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача забяспечыць у 2010 годзе экспарт будпаслуг у аб'ёме не менш як $300 млн., а ў 2011 годзе – $600 млн. "Задача, безумоўна, не з лёгкіх, – сказаў Віктар Бура. – Фактычна неабходна ў 2010 годзе значна павялічыць аб'ёмы ў параўнанні з базай 2009 года". І ў гэтай сітуацыі прыярытэтам для беларускай эканомікі з'яўляецца выхад на рынкі краін далёкага замежжа. Спецыялісты будкомплексу Беларусі актыўна асвойваюць гэтыя рынкі ў Венесуэле, Іраку, Туркменістане, Лівіі. Прадаўжаюць працаваць беларускія трэсты і ў Расіі.

За дзевяць месяцаў аб'ём экспарту будаўнічых, архітэктурных, інжынерных і іншых тэхнічных паслуг дасягнуў $127,1 млн., што на 34,5 працэнта перавышае ўзровень студзеня-верасня мінулага года. У той жа час за названы перыяд імпартавана такіх паслуг на $166,3 млн. "У выніку сальда склала мінус $39,2 млн.", – канстатаваў Віктар Бура. Сярод прычын росту імпарту будаўнічых паслуг ён назваў выкананне замежнымі арганізацыямі шэф-мантажных работ імпартнага абсталявання пры мадэрнізацыі вытворчасці, а таксама прыцягненне замежных прадпрыемстваў да распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі і выканання будаўніча-мантажных работ на аб'ектах, што фінансуюцца за кошт звязаных крэдытаў.

"Пералічаныя прычыны не апраўданне. Мы павінны мець зусім іншую выніковасць у плане валютнай выручкі", – рэзюмаваў Віктар Бура.

Віцэ-прэм'ер адзначыў, што ў Беларусі вядзецца пошук альтэрнатыўных схем фінансавання жыллёвага будаўніцтва. Да іх належаць іпатэчнае крэдытаванне і будаўнічыя зберажэнні. "Праект закона аб сістэме жыллёвых будаўнічых зберажэнняў, які прадугледжвае актыўны ўдзел грамадзян у фарміраванні сродкаў сістэмы з выкарыстаннем дзяржпадтрымкі ў выглядзе жыллёвых прэмій, падрыхтаваны ва ўрадзе, прынцыпова падтрыманы кіраўніком дзяржавы і да канца года будзе ўнесены ў Палату прадстаўнікоў", – праінфармаваў Віктар Бура.

Ён таксама дадаў, што для стварэння ўмоў для актывізацыі выдачы іпатэчных крэдытаў у праекце Жыллёвага кодэкса прадугледжана рэгуляванне парадку задавальнення патрабаванняў банкаў крэдытаатрымальнікамі, якія не выконваюць абавязацельствы па іпатэцы, за кошт закладзенага жылля.

Намеснік Прэм’ер-міністра падкрэсліў, што беларускі Ўрад праводзіць мэтанакіраваную работу па стрымліванню росту кошту жыллёва-камунальных паслуг для насельніцтва..

Віцэ-прэм'ер нагадаў, што кожны год у краіне распрацоўваюцца і выконваюцца мерапрыемствы па зніжэнню затрат на аказанне такіх паслуг. У выніку бягучай пяцігодкі гэтыя затраты скарочаны больш як на Br420 млрд., або на 23,4 працэнта.

У той жа час адна з асноўных прычын неабходнасці павышэння тарыфаў на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі – рост цэн на энергарэсурсы. Так, з 2006 года да гэтага моманту кошт імпартуемага прыроднага газу ўзрос у 5,4 раза, тарыфы на электраэнергію – больш як у 3 разы.

Віктар Бура асабліва падкрэсліў, што рашэнне аб павышэнні тарыфаў на паслугі ЖКГ прымаюцца толькі на аснове дэталёвага аналізу сабекошту жыллёва-камунальных паслуг і з улікам росту даходаў насельніцтва. "Па выніках бягучага года чакаецца, што насельніцтвам будзе кампенсавацца толькі 25 працэнтаў затрат арганізацый ЖКГ на прадастаўленне жыллёва-камунальных паслуг, – сказаў віцэ-прэм'ер. – Удзельная вага плацяжоў за жыллёва-камунальныя паслугі ў сукупным даходзе сям'і нязначная і складае ў сярэднім 8,1 працэнта".

Паводле слоў Намесніка Прэм'ер-міністра, Урадам будзе і ў далейшым праводзіцца ўзважаная палітыка тарыфнага рэгулявання на жыллёва-камунальныя паслугі. "Так ці інакш кампенсацыя затрат у гэтай галіне павінна быць аб'ектыўна павялічана, а нагрузка на бюджэт – скарочана", – рэзюмаваў віцэ-прэм'ер.

Гаворачы аб транспартнай сферы Віктар Бура адзначыў, што да 2014 года плануецца завяршыць рэканструкцыю Нацыянальнага аэрапорта Мінск.

"У галіне авіяцыі адным з прыярытэтных праектаў з'яўляецца рэканструкцыя дзеючага аэравакзальнага комплексу "Нацыянальны аэрапорт Мінск" са стварэннем міжнароднага пасажырскага тэрмінала і будаўніцтвам другой штучнай узлётна-пасадачнай паласы з магчымасцю прыёму самых буйных самалётаў тыпу А-380", – сказаў Віктар Бура. Агульны кошт праекта складае $600 млн. Пастаўлена задача завяршыць яго да 2014 года. Рэканструкцыя Нацыянальнага аэрапорта Мінск дасць магчымасць павялічыць аб'ём абслугоўвання пасажыраў да 5 млн. чалавек у год.

Адказваючы на пытанне дэпутата Генадзя Давыдзькі, віцэ-прэм'ер растлумачыў прычыны, па якіх узнікла неабходнасць рэканструкцыі аэрапорта. Паводле яго слоў, завяршыўся тэрмін эксплуатацыі існуючай узлётна-пасадачнай паласы. Каб яго прадоўжыць, была ўзмоцнена нясучая здольнасць верхняга слоя. Дзякуючы гэтаму ўзлётна-пасадачная паласа можа эксплуатавацца яшчэ 7-8 гадоў, але пасля гэтага яе трэба будзе закрываць на рэканструкцыю. Таму было прынята рашэнне загадзя пачаць будаўніцтва другой узлётна-пасадачнай паласы, каб у будучым не спыняць работу аэрапорта і не пераносіць яго ў іншае месца. Адначасова пры рэканструкцыі будзе вырашана яшчэ адна важная праблема – па абслугоўванню транзітных пасажыраў. Для гэтага прадугледжана будаўніцтва міжнароднага тэрмінала.

Закранаючы тэму дарожнага будаўніцтва, Віктар Бура адзначыў, што Беларусь прымае меры для павышэння транзітнай прывабнасці краіны. Адна з іх – рэканструкцыя рэспубліканскіх аўтадарог. У бліжэйшыя 5 гадоў плануецца абнавіць галоўныя транспартныя артэрыі, якія ўваходзяць у міжнародны транспартны калідор і звязваюць Мінск з абласнымі цэнтрамі. Гэта работа будзе праведзена ў тры этапы. На першым плануецца рэканструяваць аўтадарогі Мінск – Магілёў, Мінск – Гомель на працягу 2010-2012 гадоў. Затым намечана рэканструкцыя дарог Мінск – Гродна ў 2012-2014 гадах і Мінск – Віцебск (на ўчастку Лагойск – Плешчаніцы) у 2013-2014 гадах. На апошнім этапе чакаецца рэканструкцыя асноўных транспартных маршрутаў у напрамку поўнач-поўдзень і захад-усход – гэта аўтадарогі Гомель – Брэст і Гомель – граніца Расіі. Фінансавацца праект будзе з прыцягненнем крэдытных рэсурсаў, у тым ліку Сусветнага банка, Беларусбанка, Эксімбанка Кітая і іншых, аж да еўрапейскіх грантаў.

"Мы плануем прыцягненне крэдытных рэсурсаў Сусветнага банка, Эксімбанка Кітая, нашага Беларусбанка, а таксама прывабных крыніц, напрыклад еўрапейскіх грантаў, калі гаворка ідзе аб участках у бок мяжы", – сказаў Віктар Бура.

Віцэ-прэм'ер таксама распавёў аб плануемых да рэалізацыі маштабных праектах у галіне чыгуначнага транспарту, у прыватнасці развіцці хуткаснага пасажырскага паведамлення. Паводле яго слоў, да 2015 года плануецца павялічыць хуткасць руху цягнікоў паміж абласцямі і Мінскам, а таксама паміж Мінскам і Вільняй да 140-160 км/ч, дадзеная работа будзе ажыццяўляцца паэтапна.

Віктар Бура таксама паведаміў аб планаваным запуску ў 2011 годзе праекта гарадской электрычкі ў Мінску, аб паляпшэнні зносін Мінска з гарадамі-спадарожнікамі, развіцці Мінскага чыгуначнага вузла і праектах электрыфікацыі шэрагу участкаў чыгункі ў 2011-2013 гг. з прыцягненнем кітайскіх рэсурсаў.

Дэпутат Уладзімір Васіленка пацікавіўся ў віцэ-прэм'ера, як у Беларусі вырашаецца праблема пробак на дарогах, якія ўсё часцей узнікаюць ужо не толькі ў Мінску, але і ў абласных цэнтрах. Віктар Бура запэўніў, што ўрад уважліва займаецца гэтай праблемай, розныя шляхі для прадухілення пробак прадугледжваюцца пры планаванні будаўніцтва новых мікрараёнаў, гандлёва-забаўляльных цэнтраў. Акрамя таго, прадугледжваецца развіццё сеткі грамадскага транспарту, што, на думку віцэ-прэм'ера, таксама будзе садзейнічаць разгрузцы найбольш праблемных участкаў дарог.

Віктар Бура таксама праінфармаваў дэпутатаў аб тым, што ў Беларусі да верасня 2011 года будзе праведзены тэндар на права выкарыстання LTE-частотаў.

"Дзяржаўная камісія па радыёчастотах пры Савеце бяспекі прыняла рашэнне аб правядзенні тэндара на выкарыстанне радыёчастотнага спектра, які плануецца завяршыць да верасня 2011 года", – сказаў віцэ-прэм'ер. Паводле яго слоў, з 1 студзеня 2012 года аператары электрасувязі, якія перамаглі ў конкурсе, змогуць пачаць аказваць паслугі сотавай сувязі з выкарыстаннем тэхналогіі LTE.

Віктар Бура адзначыў дынамічнае развіццё галіны мабільнай сувязі за апошнія гады: колькасць карыстальнікаў павялічылася з 4,1 млн. абанентаў у 2006 годзе амаль да 10 млн. абанентаў у 2010-м. Пакрыццё тэрыторыі Беларусі мабільнай сувяззю дасягае 98 працэнтаў, у той час як у 2006 годзе было 75,5 працэнта.

LTE – гэта тэхналогія мабільнай сувязі новага пакалення. Яна спраектавана для перадачы вялікіх аб'ёмаў інфармацыі з мінімальнымі фінансавымі і энергазатратамі. Пры гэтым скорасць перадачы даных па паветры параўнальная са скорасцю оптавалаконных сетак. Дзякуючы змяншэнню часу водгуку абаненты атрымліваюць мабільны доступ да любых анлайн-паслуг, такіх як HD-відэа, шматкарыстальніцкія гульні і інш.