Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 25.11.2010

Больш як 400 новых прадпрыемстваў і вытворчасцей створана ў Беларусі па дзяржпраграме інавацыйнага развіцця

Больш як 400 новых прадпрыемстваў і вытворчасцей створана ў Беларусі па дзяржпраграме інавацыйнага развіцця

1 2 3 4 5

Больш як 400 новых прадпрыемстваў і вытворчасцей створана ў Беларусі па Дзяржаўнай праграме інавацыйнага развіцця на 2007-2010 гады. Аб гэтым паведаміў Першы намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка 25 лістапада на парламенцкіх слуханнях на тэму "Стратэгія інавацыйнага развіцця эканомікі Беларусі і роля навукі і адукацыі ў гэтым працэсе".

Першы віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што больш за палову гэтых прадпрыемстваў і вытворчасцей створаны літаральна з нуля. У цэлым па дзяржпраграме інавацыйнага развіцця рэалізуецца 1149 праектаў. У выніку выканання праграмы будзе ўведзена ў эксплуатацыю 1022 аб'екты. Больш як 100 праектаў пяройдуць у дзяржпраграму інавацыйнага развіцця на 2011-2015 гады.

За перыяд выканання праграмы аб'ём вырабленай інавацыйнай прадукцыі склаў каля Br15 трлн. Толькі ў 2009 годзе такой прадукцыі выпушчана больш як на Br6,6 трлн., што ў 4 разы больш, чым у 2007 годзе. У першым паўгоддзі бягучага года аб'ём выпуску інавацыйнай прадукцыі склаў Br2,7 трлн.

Уладзімір Сямашка адзначыў і высокія тэмпы нарошчвання інвестыцый у інавацыйныя праекты. За мінулы перыяд дзеяння праграмы такіх сродкаў на праекты прыцягнута больш як Br17 трлн. Калі ў 2007 годзе агульнае фінансаванне інавацыйных праектаў склала Br3,6 трлн., то ў 2009-м - ужо Br7,2 трлн. Гэтага росту ўдалося дасягнуць у многім за кошт прыцягнення замежных інвестыцый, крэдытаў банкаў і ўласных сродкаў прадпрыемстваў.

Зменшылася і ступень зносу актыўнай часткі асноўных сродкаў вытворчага абсталявання. "Знос знізіўся з 75 працэнтаў у 2007 годзе да 62,1 працэнта ў 2009-м, - праінфармаваў Першы віцэ-прэм'ер. - У 2010 годзе гэта лічба павінна скласці 57,5 працэнта".

У ліку буйных праектаў, якія ўдалося рэалізаваць па дзяржпраграме інавацыйнага развіцця, Уладзімір Сямашка назваў у першую чаргу праекты па лініі Мінпрама. Па дзяржпраграме створана 110 новых прадпрыемстваў і вытворчасцей прамысловага профілю. Гэта вытворчасць бясшвовых труб на Беларускім металургічным заводзе, новых інтэгральных мікрасхем на НВА "Інтэграл", высокапрадукцыйных збожжаўборачных камбайнаў на "Гомсельмашы" і "Лідаграпраммашы", кар'ерных самазвалаў на БелАЗе. Асвоена таксама новая вытворчасць пральных машын, трактароў, тэлевізійнай тэхнікі.

Вялікі поспех у нафтахіміі і хімічнай прамысловасці. Атрыманы калійныя ўгнаенні з палепшанымі ўласцівасцямі, распрацаваны новыя тэхналогіі вытворчасці біяпаліва. У цэлым у нафтахіміі асвоены выпуск больш як 290 новых відаў прадукцыі, з іх звыш 90 відаў - імпартазамяшчальных.

Уладзімір Сямашка таксама адзначыў буйныя праекты ў энергетычнай галіне - створаны новыя энергаблокі, мадэрнізаваны ўжо дзеючыя, пабудаваны новыя міні-ЦЭЦ. Адна з іх, напрыклад, пабудавана ў Пружанах па фінскай тэхналогіі. Яе ўвод даў магчымасць знізіць тарыфы на цеплаэнергію і ваду ў раёне.

У будгаліне выканана 75 інавацыйных праектаў, асвоена Br2,2 трлн. інвестыцый. Уведзены ў дзеянне новая лінія ліставога шкла на ААТ "Гомельшкло", лінія па вытворчасці сучасных керамічных матэрыялаў у Лоеве, выкананы і іншыя праекты.

Уладзімір Сямашка падкрэсліў, што менавіта павышэнне канкурэнтаздольнасці эканомікі за кошт укаранення вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак стане важнейшай задачай краіны ў 2011-2015 гадах. "Трэба павярнуць галіны эканомікі да інавацый. Нацэліць іх на шырокае ўкараненне навуковых дасягненняў і сучасных тэхналогій", - сказаў ён. Неабходна выкарыстоўваць навуковы патэнцыял непасрэдна на вытворчасці, садзейнічаць пераўтварэнню прадпрыемстваў у сучасныя холдынгі. Такія дзеянні дадуць магчымасць вывесці краіну на больш высокі ўзровень эканамічнага развіцця, лічыць Першы намеснік Прэм'ер-міністра.

Паводле слоў Першага віцэ-прэм'ера, для такіх пераўтварэнняў у Беларусі створаны эфектыўны інавацыйны клімат. "Ужо ў наступным годзе чакаецца паляпшэнне пазіцый у такіх сферах, як своечасовая выплата падаткаў, атрыманне правоў на вядзенне будаўніцтва і бізнесу ў цэлым, а таксама стварэнне яшчэ больш спрыяльнага інвестыцыйнага клімату", - сказаў Уладзімір Сямашка.

Ён таксама прывёў даныя штогадовага даклада Сусветнага банка. У гэтым дакуменце канстатуецца, што кіраўніцтва Беларусі за апошнія некалькі гадоў зрабіла важныя захады ў паляпшэнні ўмоў для прыходу ў краіну замежных інвестыцый. Беларусь лідзіруе ў сваім рэгіёне па паказчыку "прастаты арганізацыі замежных прадпрыемстваў" і апярэджвае такія краіны, як Аўстрыя, Вялікабрытанія, Іспанія, ЗША, Ірландыя, а таксама займае высокія пазіцыі па паказчыку "магчымасці інвесціравання ў розныя сектары эканомікі". "Беларусь прызнана адным з вядучых рэфарматараў і ўвайшла ў тройку вядучых краін па сукупнаму эфекту прадпрымальніцкай здольнасці за 2006-2010 гады", - падкрэсліў Уладзімір Сямашка.

Першы віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што адным з важнейшых напрамкаў інавацыйнай дзейнасці з'яўляецца "канцэнтрацыя высокатэхналагічных экспартаарыентаваных прамысловых прадпрыемстваў у рамках холдынгавых структур". Напрыклад, цяпер для развіцця айчыннай тэлекамунікацыйнай галіны Дзяржкамваенпрам стварае холдынг сістэм сувязі і кіравання. Яго галоўнай задачай стане стварэнне вытворчасці сучасных айчынных сродкаў радыёсувязі, растлумачыў Уладзімір Сямашка.

Паводле яго слоў, Нацыянальная акадэмія навук і Міністэрства прамысловасці распрацавалі праект Указа Прэзідэнта аб стварэнні навукова-вытворчага цэнтра фатонікі і электронікі. "Плануецца стварэнне ў ім буйнога аб'екта інфраструктуры для развіцця новых тэхналогій у галіне лазернай, аптычнай, электроннай тэхнікі, стварэнне новых і пашырэнне існуючых вытворчасцей па выпуску навукаёмістай прадукцыі", - сказаў Уладзімір Сямашка. Ён дадаў, што ў гэтых галінах налічваецца некалькі дзясяткаў прадпрыемстваў, галоўным чынам Мінпрама, Дзяржкамваенпрама і НАН.

Уладзімір Сямашка такама паведаміў, што ў Беларусі рыхтуецца стратэгія развіцця фармацэўтычнай галіны да 2020 года.

Паводле слоў Першага віцэ-прэм'ера, у аснове стратэгіі - задача па павелічэнню да 2015 года долі айчынных лекавых сродкаў на ўнутраным рынку да 50 працэнтаў у вартасным выражэнні.

Уладзімір Сямашка адзначыў, што дзякуючы мадэрнізацыі фармацэўтычнай галіны ў Беларусі сёння выпускаюцца лекавыя сродкі практычна ўсіх фармацэўтычных груп. Доля айчынных лекавых сродкаў у рэспубліканскім пераліку даведзена да 41 працэнта, а наменклатура айчыннай прадукцыі складае 626 назваў.

Уладзімір Сямашка таксама паведаміў, што да 1 снежня плануецца падрыхтаваць праект Закона аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы.

"Стаіць задача перад Урадам і Нацыянальнай акадэміяй навук падрыхтаваць да 1 снежня законапраект аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы", - падкрэсліў Першы віцэ-прэм'ер.

У сваю чаргу Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка растлумачыў, што новы законапраект прызначаны забяспечыць поўнае і сістэмнае рэгуляванне грамадскіх адносін, якія ўзнікаюць на ўсіх стадыях інавацыйнага працэсу.

Галоўнай мэтай праекта закона з'яўляецца фарміраванне і развіццё прававых умоў, якія садзейнічаюць росту эканамічнага і сацыяльнага дабрабыту грамадства шляхам правядзення актыўнай інавацыйнай палітыкі і актывізацыі інавацыйнай дзейнасці як асновы сучаснай эканомікі. "Самае галоўнае - варта стварыць такі прававы механізм, пры якім крэдытная, падатковая і мытная палітыка дзяржавы мела б стымулюючы характар для суб'ектаў інавацыйнай дзейнасці і інвестараў", - падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка. Гэта асабліва важна на пачатковым этапе інавацыйнай дзейнасці, у перыяд распрацоўкі і наладжвання серыйнай вытворчасці новай навукаёмістай прадукцыі.

Законапраект аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы павінен стаць асноватворным заканадаўчым актам у інавацыйнай сферы, які служыць асновай для стварэння ў Беларусі інавацыйнай эканомікі - эканомікі ведаў.