Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 23.11.2010

У Беларусі ў 2011-2015 гадах плануецца рэалізаваць амаль тысячу буйных інавацыйных праектаў – С.Сідорскі

У Беларусі ў 2011-2015 гадах плануецца рэалізаваць амаль тысячу буйных інавацыйных праектаў – С.Сідорскі

1 2 3 4 5
У Беларусі ў 2011-2015 гадах плануецца рэалізаваць 965 буйных інавацыйных праектаў. Аб гэтым 23 лістапада паведаміў Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Сяргей Сідорскі, выступаючы ў Гомелі на абласным сходзе дэлегатаў IV Усебеларускага народнага сходу.

На праекты па гэтай дзяржпраграме будзе накіравана Br100 трлн. Сяргей Сідорскі адзначыў, што на аналагічную праграму, якая завяршаецца, было выдзелена Br23 трлн., што ў чатыры разы менш у параўнанні з планамі на наступныя 5 гадоў.

У наступнае пяцігоддзе ў рэспубліцы па дзяржпраграме інавацыйнага развіцця будзе створана 207 новых прадпрыемстваў, мадэрнізавана 380, на 400 прадпрыемствах будуць укаранёны інавацыйныя тэхналогіі. У прыватнасці, у Гомельскай вобласці плануецца пабудаваць завод па вытворчасці ліставога, сартавога металапракату, увесці ў строй новыя магутнасці ў ААТ "Гомельшкло", на Мазырскім НПЗ, Гомельскім хімічным заводзе і шэрагу іншых прадпрыемстваў.


Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што ў Беларусі нацыянальная мадэль сацыяльна арыентаванай эканомікі ў 2011-2015 гадах будзе захавана.

Паводле слоў Прэм'ер-міністра, гэта рашэнне кіраўніцтва краіны грунтуецца на пераемнасці мэт і прыярытэтаў, якія былі сфармуляваны і рэалізоўваліся ў папярэднія гады. "Нацыянальная мадэль сацыяльна арыентаванай эканомікі, якую ў свой час сфармуляваў кіраўнік дзяржавы, добра зарэкамендавала сябе на працягу апошніх 15 гадоў, і мы будзем прыкладаць усе намаганні, каб у далейшым яна стала ўзорам і для іншых дзяржаў", – адзначыў Сяргей Сідорскі.

Асаблівасцю развіцця эканомікі Беларусі ў 2006-2010 гадах стала яе праграмнае абнаўленне, калі мадэрнізаваліся не асобныя прадпрыемствы, а цэлыя галіны, падкрэсліў Прэм'ер-міністр. У прыватнасці, было праведзена карэннае тэхпераўзбраенне машынабудавання, малочнаперапрацоўчай, кансервавай галін і іншых.

Маштабнай стала дзяржпраграма адраджэння і развіцця вёскі. За апошнія пяць гадоў айчыннымі вытворцамі было пастаўлена ў АПК больш як 9 тыс. новых збожжаўборачных і 3 тыс. кормаўборачных камбайнаў, 15 тыс. трактароў і іншых відаў тэхнікі. За гэты час рэканструявана 1,2 тыс. малочнатаварных ферм, 211 жывёлагадоўчых комплексаў і 60 птушкафабрык, узведзены новыя аб'екты. Гэта дало магчымасць забяспечыць у поўным аб'ёме харчовую бяспеку краіны, а таксама нарошчваць экспарт. "У 2010 годзе аб'ём экспарту прадуктаў харчавання Беларусі павінен скласці каля Br3 млрд., што ў 6 разоў перавышае паказчык 2000 года", – дадаў Сяргей Сідорскі.

Паводле слоў Прэм'ер-міністра, за гэты перыяд створана 187 прамысловых прадпрыемстваў, мадэрнізавана больш як 320, укаранёна больш як 500 новых тэхналогій.

Аналізуючы вынікі развіцця эканомікі Гомельскай вобласці, кіраўнік Урада адзначыў рэалізацыю такіх маштабных праектаў, як увод у эксплуатацыю трубнай вытворчасці на Беларускім металургічным заводзе, асваенне выпуску бензіну па стандарту Еўра-5 у ААТ "Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод", рэканструкцыя Добрушскага фарфоравага завода.

Сяргей Сідорскі таксама адзначыў, што Беларусь выйшла на першае месца ў будаўніцтве жылля на аднаго жыхара сярод краін СНД, змагла апярэдзіць і шэраг іншых краін свету. Да канца гэтага года ў рэспубліцы будзе пабудавана амаль 7 млн. кв.м жылля, у той час як у 1991 годзе гэта лічба складала ўсяго 1,9 млн. кв.м.

У будучым пяцігоддзі галоўная задача, над якой будзе працаваць урад, – забеспячэнне росту дабрабыту і паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва на аснове інавацыйнага развіцця і павышэння канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі. Магістральным шляхам для развіцця эканомікі будзе стварэнне ў Беларусі прынцыпова новых вытворчасцей, прадпрыемстваў і галін, якія вырабляюць экспартаарыентаваную высокатэхналагічную прадукцыю.

Рэалізацыя Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады дасць магчымасць павялічыць рэальныя грашовыя даходы насельніцтва ў 2015 годзе да ўзроўню 2010 года ў 1,7-1,76 раза на аснове забеспячэння росту ВУП у 1,62-1,68 раза. Аб'ём прамысловай вытворчасці павінен вырасці ў паўтара раза, сельскай гаспадаркі – у 1,45 раза.

Паводле слоў Прэм’ер-міністра, аб'ём экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі Беларусі ў 2010 годзе, паводле папярэдніх даных, можа дасягнуць $3 млрд.

У 2009 годзе экспарт гэтай прадукцыі склаў $2,3 млрд., у 2000-м – толькі $500 млн. Такім чынам, за 10 гадоў экспарт узрос прыкладна ў 6 разоў. Такі значны прырост паставак прадуктаў харчавання за мяжу быў дасягнуты за кошт асваення новых тэхналогій і карэннай мадэрнізацыі АПК краіны.

У праекце Праграмы асноўных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады прадугледжваецца, што вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі павінна вырасці ў 1,45 раза.

Сяргей Сідорскі паведаміў, што цяпер ва Ўрадзе завяршаецца работа над стварэннем галіновых праграм, у якіх будзе выкладзена стратэгія развіцця аграрнага комплексу.

Прэм’ер-міністр таксама адзначыў, што Беларусь выйдзе на дадатнае сальда знешняга гандлю да канца 2013 года.

Дасягнута гэта будзе, паводле слоў Сяргея Сідорскага, за кошт павелічэння аб'ёму экспартных паставак. Што датычыцца Гомельскай вобласці, то згодна з планам сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну ўжо ў 2011 годзе тут павінны забяспечыць дадатнае сальда знешняга гандлю ў аб'ёме $230 млн., а ў 2015 годзе – $400 млн.

Падчас выступлення Прэм'ер-міністр даручыў кіраўніцтву рэгіёну пачаць пошук пляцоўкі для размяшчэння індустрыяльнага парку для развіцця высокатэхналагічных кітайскіх вытворчасцей у Гомельскай вобласці.

Калі рэгіён прапануе самую вялікую пляцоўку, то гэтыя вытворчасці будуць размешчаны тут, сказаў Сяргей Сідорскі. Індустрыяльны парк з удзелам кітайскага капіталу зможа ў значнай ступені ўзмацніць эканоміку вобласці і ўмацаваць экспартны патэнцыял.

"Неабходна больш актыўна весці работу з нашым стратэгічным інвестарам Кітаем па ўсіх напрамках", – падкрэсліў Сяргей Сідорскі, нагадаўшы, што аб'ём прадастаўленых гэтай краінай крэдытных рэсурсаў складае $15 млрд.


Прэм’ер-міністр таксама паведаміў, што глыбіня перапрацоўкі нафты на ААТ "Мазырскі НПЗ" да 2014 года дасягне 92 працэнтаў.

Паводле слоў Сяргея Сідорскага, павелічэнне глыбіні перапрацоўкі нафты будзе ажыццёўлена за кошт рэалізацыі шэрага інвестыцыйных праектаў, у тым ліку і будаўніцтва ўстаноўкі ізаметрыі. Да 2014 года НПЗ павінен увайсці ў лік лепшых сусветных прадпрыемстваў, якія займаюцца нафтаперапрацоўкай.

Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод уведзены ў эксплуатацыю ў 1975 годзе, пераўтвораны ў ААТ у 1994 годзе. У статутным фондзе прадпрыемства доля дзяржавы складае 42,7 працэнта, АТ "НГК "Славнафта" – 42,6 працэнта, іншых акцыянераў – 14,7 працэнта. Завод уваходзіць у склад канцэрна "Белнафтахім".