Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 23.11.2010

С.Сідорскі запатрабаваў ад міністэрстваў і ведамстваў канкрэтных дзеянняў па выхаду на дадатнае сальда знешняга гандлю


С.Сідорскі запатрабаваў ад міністэрстваў і ведамстваў канкрэтных дзеянняў па выхаду на дадатнае сальда знешняга гандлю

1 2 3
Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Сяргей Сідорскі запатрабаваў ад міністэрстваў і ведамстваў канкрэтных дзеянняў па выхаду на дадатнае сальда знешняга гандлю. Такія патрабаванні ён агучыў 23 лістапада на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна ў Мінску.

Кіраўнік Урада нагадаў, што "аб'ём у валюце вызначаны – у якім калідоры кожнае міністэрства павінна працаваць". Пры гэтым Прэм'ер-міністр запатрабаваў ад міністэрстваў і ведамстваў канкрэтных дакументаў па выхаду на дадатнае сальда. У іх павінна быць распісана, што будзе зроблена і за кошт чаго дасягнута, без усялякіх агульных разважанняў, падкрэсліў ён.

Сяргей Сідорскі дадаў, што выхад на дадатнае сальда знешняга гандлю – адна з галоўных задач. "Усе вобласці, аблвыканкамы ўзгаднілі на працягу 2010 года стратэгіі эканамічнага развіцця па выхаду на дадатнае сальда. Цяпер я патрабую, каб быў дакладна распісаны па кожнаму году рух", – сказаў ён. Пры гэтым Прэм'ер-міністр адзначыў некаторыя праблемы, якія ўзнікаюць у міністэрстваў па гэтым пытанні. "Мне зноў дакладваюць, што Мінпрам не можа знайсці $1 млрд. Я не збіраюся вяртацца да таго, што мы абмяркоўвалі тут раней, для гэтага ёсць міністэрствы, прадпрыемствы, у міністэрстваў ёсць падгаліны, – падкрэсліў Сяргей Сідорскі. – Разглядайце, сядайце, працуйце".

Прэм'ер-міністр дадаў, што прыняў рашэнні, згодна з якімі гэтыя пытанні будуць разглядацца ва ўрадзе. "Міністр эканомікі будзе запрашаць сваіх спецыялістаў, будуць запрашацца і іншыя міністры. Я падпісаў графікі, звод вашай работы будзе кантраляваць віцэ-прэм'ер Андрэй Кабякоў, – сказаў Сяргей Сідорскі. – Але працаваць за міністраў я не маю намеру. Параметры вызначаны, калі камусьці нешта незразумела, прыйдзіце, спытайце, але, на мой погляд, тут поўная зразумеласць. Дакументы падпісаны і пасля заканчэння пяцігодкі і па 2011 году па двух гэтых напрамках – прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і выхаду на дадатнае сальда, што мы павінны зрабіць".

Таксама на Прэзідыўме быў разгледжаны праект дзяржаўнай праграмы развіцця чыгуначнага транспарту ў Беларусі на 2011-2015 гады, якую прадставіў Міністр транспарту і камунікацый Іван Шчэрба.

Паводле яго слоў, на выкананне дзяржпраграмы плануецца накіраваць Br14,6 трлн. Фінансаваць дзяржпраграму прадугледжваецца за кошт уласных сродкаў Беларускай чыгункі (39 працэнтаў ад агульнага аб'ёму фінансавання), крэдытаў банкаў (57,6 працэнта), сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў (3,4 працэнта), у тым ліку інавацыйнага фонду Мінтранса.

Іван Шчэрба адзначыў, што асноўны акцэнт у праграме зроблены на развіццё інфраструктуры і абнаўленне рухомага саставу. Галоўная мэта праграмы – развіццё чыгуначнага транспарту як адной з важнейшых умоў устойлівага развіцця краіны, поўнае транспартнае забеспячэнне патрэбнасцей насельніцтва і прадпрыемстваў матэрыяльнай сферы. У ліку задач – гарантаванне бяспекі руху паяздоў, развіццё і мадэрнізацыя чыгуначнай інфраструктуры, абнаўленне цягавага і маторвагоннага рухомага саставу, удасканаленне дзеючых тэхналогій перавозкі грузаў і пасажыраў.

Пры рэалізацыі праграмы запланавана выкананне інвестыцыйных праектаў, у лік якіх уваходзіць набыццё цягавага і маторвагоннага рухомага саставу – 30 электравозаў для грузавога руху, 24 электравозы і 8 цеплавозаў для пасажырскага руху, 6 манеўровых цеплавозаў, 29 электрапаяздоў, 20 дызель-паяздоў, 182 пасажырскія вагоны і 10 тыс. грузавых вагонаў.

Плануецца электрыфікацыя чыгуначных ліній на ўчастках Асіповічы – Гомель, Жлобін – Калінкавічы, Маладзечна – дзяржграніца. Гэта дасць магчымасць пашырыць палігон функцыянавання электрыфікаванай сеткі ў 9-м транспартным калідоры, знізіць экалагічную нагрузку на прылеглыя да чыгункі тэрыторыі і сабекошт перавозак грузаў і пасажыраў. Будзе развівацца Мінскі чыгуначны вузел, удасканальвацца ўнутрыгарадскія чыгуначныя перавозкі пасажыраў у Мінску, з'явяцца дадатковыя галоўныя пуці на падыходах да станцыі Мінск-Пасажырскі і на абходах Мінска.

Асаблівая ўвага будзе ўдзелена развіццю скорасных міжрэгіянальных пасажырскіх зносін. Скорасць руху пасажырскіх паяздоў плануецца павысіць да 140-160 км/гадз. Рэалізацыя праекта скароціць працягласць знаходжання пасажыраў у шляху паміж абласнымі цэнтрамі і Мінскам на 1-2 гадзіны адносна існуючага часу руху. Напрыклад, ад Мінска да Брэста можна будзе даехаць за 2 гадзіны 40 хвілін.

Вырашэнне задач новай дзяржпраграмы павінна забяспечыць да 2015 года рост асноўных паказчыкаў развіцця чыгуначнага транспарту, падкрэсліў міністр. "Так, аб'ёмы перавозак грузаў узрастуць на 127,6 працэнта, у тым ліку прырост транзіту прагназуецца на ўзроўні 144,8 працэнта, увозу – 158,4 працэнта, вывазу – 120,1 працэнта", – праінфармаваў ён. Тэмп росту валавога ўнутранага прадукту галіны складзе 168 працэнтаў, сальда знешняга гандлю – 304,2 працэнта (Br752,2 млн.). Тэмп росту прадукцыі прамысловасці дасягне 183,7 працэнта, прадукцыйнасці працы – 175,7 працэнта.

Прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі запатрабаваў асаблівую ўвагу ў новай праграме ўдзяліць імпартазамяшчэнню. Паводле яго слоў, няма неабходнасці закупляць за мяжой тое, што можна вырабляць у Беларусі.