Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 10.07.2008

Праект бюджэта Беларусi на 2009 год прадугледжвае кампенсацыю працэнтаў па банкаўскіх крэдытах пад асабліва важныя інвестпраекты

Праект бюджэта Беларусi на 2009 год прадугледжвае кампенсацыю працэнтаў па банкаўскіх крэдытах пад асабліва важныя інвестпраекты

Бюджэт Беларусі 2009 года возьме на сябе абслугоўванне працэнтаў па банкаўскіх крэдытах пад асабліва важныя інвестпраекты. Аб гэтым 10 лiпеня заявіў Першы намеснiк Прэм'ер-мiнiстра Беларусi Уладзімір Сямашка на сходзе саюза некамерцыйных арганізацый "Канфедэрацыя прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (наймальнікаў)".

Ён адзначыў, што бюджэт будучага года "ўжо звярстаны, у бліжэйшы час ён будзе накіраваны на абмеркаванне ў парламент".

У 2009 годзе плануецца ў тры разы павялічыць памер бюджэтных сродкаў на абслугоўванне ставак па крэдытах пад асабліва важныя інвестыцыйныя праекты, калі яны прайшлі экспертызу, маюць высокую акупнасць і вялікае значэнне для развіцця эканомікі. Паводле слоў Уладзіміра Сямашкі, бюджэт возьме на сябе 20-50 працэнтаў ад стаўкі па крэдытах. Мяркуецца, што попыт на такія грошы будзе, адзначыў першы віцэ-прэм'ер.

Як адзначыў Уладзімір Сямашка, "мы цяпер стаім на парозе акцыяніравання буйных прадпрыемстваў, у бліжэйшы час яны будуць акцыяніраваны". У сувязі з гэтым, адзначыў першы віцэ-прэм'ер, "Урад даў каманду пачынаць працэс на адным з такіх прадпрыемстваў - на МАЗе".

Да гэтага працэсу ў Беларусі падышлі цывілізавана, "тут няма ніякай надзвычайшчыны", падкрэсліў Уладзімір Сямашка. "Раней мы стрымлівалі працэс прыватызацыі, мы не распрадалі свае прадпрыемствы, як гэта адбылося ў суседніх краінах", - дадаў ён.

Яшчэ пяць гадоў таму, нагадаў першы віцэ-прэм'ер, за кантрольны пакет акцый ААТ "Белшына" замежны інвестар прапаноўваў крыху больш як $50 млн. "Цяпер мы вядзём размову аб продажы акцый гэтага прадпрыемства больш як за $1 млрд.", - сказаў ён. "Гэта зусім іншыя грошы, на парадак вышэй, - падкрэсліў Уладзімір Сямашка. - Гэта выгадна дзяржаве і самому прадпрыемству, продаж акцый - добрая крыніца інвесціравання для развіцця гэтага ААТ".

Першы віцэ-прэм'ер таксама заявіў, што цяпер краіна падышла да новага разумення развіцця эканомікі праз акцыяніраванне. Раней буйныя беларускія прамысловыя прадпрыемствы працавалі з разлікам на атрыманне льготных крэдытаў, пазык, ільготныя падаткаабкладанне і мытны рэжым. "Але так далей прадаўжацца не можа, маштабы растуць, і мы павінны пераходзіць да цывілізаванага працэсу прыватызацыі праз акцыяніраванне", - падкрэсліў Уладзімір Сямашка.

Мінскі аўтамабільны завод інвесціраваў у развіццё вытворчасці $380 млн. і вырабіць у 2008 годзе 26 тыс. аўтамабіляў. Але да 2014 года ў развіццё МАЗа неабходна ўкласці яшчэ $1 млрд. для падваення аб'ёмаў вытворчасці - да 50 тыс. машын.

Першы віцэ-прэм'ер прывёў як прыклад расійскі КамАЗ, які чатыры гады таму выпускаў 5 тыс. грузавых аўтамабіляў, а ў 2008 годзе выйдзе на аб'ём вытворчасці 60 тыс. аўтамабіляў. "Каб быць значным іграком на аўтамабільным рынку, МАЗу неабходна нарошчваць аб'ёмы вытворчасці не менш як да 80 тыс. аўтамабіляў. Такая задача ўжо цяпер фарміруецца перад Мінскім аўтазаводам", - адзначыў Уладзімір Сямашка.

Не менш амбiцыёзныя задачы ставяцца i перад iншымi беларускiмi прамысловымi гiгантамi. Так, па словах першага віцэ-прэм'ера, Мінскі трактарны завод у бліжэйшыя 4-5 гадоў выйдзе на новы інвестыцыйны цыкл пашырэння вытворчасці коштам $1,2 млрд., што дасць магчымасць выпускаць у год 100-105 тыс. трактароў.

У 2009 годзе МТЗ завяршае першы інвестыцыйны цыкл мадэрнізацыі вытворчасці на $680 млн. У 2008 годзе завод разлічвае выпусціць 70 тыс. трактароў, што на 10 тыс. больш, чым у 2007-м. МТЗ на працягу шасці гадоў стабільна кожны год прыбаўляе ў тэмпах росту на 20-25 працэнтаў.

"У бліжэйшыя гады асноўнай вытворчай сілай у Беларусі будуць буйныя сістэма- і валаўтваральныя прамысловыя прадпрыемствы, якія сёння дэманструюць высокія тэмпы росту", - адзначыў Уладзімір Сямашка.