Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 08.07.2008

Урад Беларусі мае намер максімальна дэбюракратызаваць працэс дзяржзакупак

Урад Беларусі мае намер максімальна дэбюракратызаваць працэс дзяржзакупак

Урад Беларусі ў адпаведнасці з даручэннямі Кіраўніка дзяржавы мае намер максімальна дэбюракратызаваць працэс дзяржаўных закупак. Пра гэта заявіў намеснік Міністра эканомікі Андрэй Тур у ходзе пасяджэння Прэзідыума Савета Міністраў, на якім абмяркоўваўся праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 жніўня 2006 г. "Аб дзяржаўных закупках" і некаторыя іншыя указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". Пасяджэнне прайшло пад старшынствам Прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага.

Як адзначыў Андрэй Тур, унесенае на разгляд Прэзідыума Савета Міністраў пытанне датычыцца ўдасканалення парадку дзяржаўных закупак і звязана з рэалізацыяй даручэнняў Кіраўніка дзяржавы па выніках праведзенай 13 чэрвеня 2008 г. нарады па гэтай праблеме.

Паводле слоў намесніка Міністра эканомікі, сутнасць зводзіцца да максімальнай дэбюракратызацыі працэсу дзяржаўных закупак і ўзмацнення адказнасці за выкананне патрабаванняў, прадугледжаных заканадаўствам.

У праекце Указа прапануецца прынцыпова змяніць схему дзеянняў заказчыка, які раней павінен быў прайсці працяглую працэдуру ўзгаднення пры ажыццяўленні закупак. Так, пры закупках на суму больш як 8 тыс. базавых велічынь (Br280 млн.) заказчык павінен быў узгадніць яе з вышэйстаячым органам. А калі набываемыя тавары ўваходзілі ў пералік, вызначаны Урадам і Кіраўніком дзяржавы, то такую закупку трэба было ўзгадніць з рэспубліканскай або абласной камісіяй па павышэнню канкурэнтаздольнасці эканомікі. Пры кошце закупкі больш як 200 тыс. базавых велічынь (Br7 млрд.) трэба было прайсці ўзгадненне двойчы, пры гэтым пасля конкурсу трэба было зацвердзіць вынікі ва Урадзе. Пры закупцы на суму больш як 500 тыс. базавых велічынь (Br17 млрд.) заказчык праходзіў вышэйназваныя ўзгадненні, а таксама ўзгадняў гэту працэдуру з Кіраўніком дзяржавы. Усе гэтыя этапы ўплывалі на працягласць ажыццяўлення закупкі, рабілі гэты працэс вельмі грувасткім і працяглым, што адбівалася на аператыўнасці як самой закупкі, так і гаспадарчай дзейнасці арганізацыі. У выніку працягласць некаторых працэдур закупак дасягала 7-8 месяцаў, удакладніў намеснік Міністра эканомікі.

Пры гэтым заказчык у пэўнай ступені быў пазбаўлены самастойнасці ў выбары пастаўшчыка. Адказнасць перакладалася на тыя органы, якія забяспечвалі ўзгадненне закупкі. А калі закупкі ажыццяўлялі рэспубліканскія міжведамасныя камісіі, заказчык наогул быў пазбаўлены права выбару пастаўшчыка і вымушаны быў чакаць, калі камісія правядзе конкурс па выбары. Усё гэта, вядома, таксама ўплывала на рэзультатыўнасць закупачнага працэсу.

На гэта і звяртаў увагу Кіраўнік дзяржавы. Ён даручыў пакінуць пры неабходнасці за міжведамаснымі камісіямі толькі кантрольныя функцыі. І ў праекце Указа прадугледжана скасоўваючая норма. Прапануецца пры дапамозе павышэння ролі і адказнасці заказчыкаў і вышэйстаячых органаў дзяржкіравання праз сістэму рэгістрацыі скасаваць дзейнасць рэспубліканскіх (абласных) міжведамасных камісій па закупках для патрэб аховы здароўя, сельскай гаспадаркі, перапрацоўчай прамысловасці, сілавых структур.

Спрашчэнню парадку правядзення дзяржзакупак будзе таксама садзейнічаць права, а не абавязак заказчыка ствараць камісіі пры правядзенні працэдуры запыту цэнавых прапаноў. Стварэнне камісіі цяпер будзе абавязковае толькі для конкурсаў.

Такім чынам, прапанаваная праектам указа сістэма дзяржзакупак забяспечыць спрашчэнне працэдуры і скарачэнне яе працягласці да трох месяцаў, падкрэсліў Андрэй Тур.

Намеснік Міністра эканомікі таксама паведаміў, што праект Указа Прэзідэнта аб удасканаленні парадку дзяржзакупак прадугледжвае абавязковы выбар пастаўшчыка з некалькіх прэтэндэнтаў, скарачэнне тэрміна рэгістрацыі заявак на правядзенне конкурсу і роўныя рынкавыя ўмовы для ўсіх удзельнікаў. У прыватнасці, прапануецца змяніць падыход да абароны айчынных вытворцаў шляхам адмены 15-працэнтнай прэферэнцыйнай папраўкі да кошту тавара расійскай ці беларускай вытворчасці.

Гэтая прапанова Міністэрства эканомікі выклікала пытанні з боку кіраўніка Урада. Сяргей Сідорскі выказаў апасенні, што замежныя таваравытворцы шляхам дэмпінгу могуць паспрабаваць заваяваць беларускі рынак. "У нас ёсць прэцэдэнты, калі замежныя кампаніі, каб заваяваць рынак, гадамі дэмпінгуюць", - сказаў Сяргей Сідорскі. На яго думку, неабходна ўсё дасканала ўзважыць, перш чым прымаць рашэнне аб адмене папраўкі.

Прэм'ер-міністр таксама выступіў супраць стварэння камерцыйных прадпрыемстваў пры міністэрствах для правядзення дзяржзакупак.

Кіраўнік Урада падкрэсліў, што за "працэдуры правядзення дзяржаўных закупак у галіне павінен адказваць міністр". Для гэтага няма неабходнасці ствараць спецыяльнае камерцыйнае прадпрыемства. "Інакш гэта зноў будзе пасрэднік у працэдуры дзяржзакупак", - лічыць Сяргей Сідорскі. "Міністр сваім загадам або распараджэннем павінен прымаць рашэнне і адказваць за яго", - падкрэсліў ён. - Таму ніякіх ЗАТ, ТАА пры міністэрствах быць не павінна".

Прэм'ер-міністр таксама заклікаў пры ажыццяўленні дзяржзакупак працаваць з самімі кампаніямі, а не з іх пасрэднікамі. Многія замежныя фірмы прапануюць заказчыкам прэферэнцыі пры закупках, у той час як іх пасрэднікі на гэта не ідуць, адзначыў Сяргей Сідорскі.

У сваю чаргу намеснік Міністра эканомікі Андрэй Тур паведаміў, што ў мэтах абароны беларускіх пастаўшчыкоў і выкаранення неабгрунтаванага пасрэдніцтва праектам Указа прапануецца пры падрыхтоўцы задання на закупку ўвесці ў абавязак заказчыка вывучыць кан'юктуру беларускага рынку. Па выніках закупкі заказчык у даведцы аб працэдуры гэтага працэсу павінен будзе адзначыць, па якой прычыне пераможцам не стаў айчынны пастаўшчык.