Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 01.07.2008

У Беларусі павiнны быць створаны ўмовы для інвестараў, якiя маюць намер працаваць у рэкламным бізнесе

У Беларусі павiнны быць створаны ўмовы для інвестараў, якiя маюць намер працаваць у рэкламным бізнесе

У Беларусі павінны быць створаны ўмовы для інвестараў у рэкламным бізнесе. Аб гэтым заявіў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе абмяркоўваўся ход рэалізацыі мерапрыемстваў па развіццю вонкавай рэкламы ў краіне. "Рэкламныя паслугі - гэта частка бізнесу, і мы павінны ўстанавіць тут дакладныя правілы гульні для тых інвестараў, якія маюць намер працаваць у гэтай сферы",- сказаў кіраўнік Урада.

Пакуль жа ў рэспубліцы такіх умоў няма, чыноўнікі часта падмяняюць работу рэгуляваннем і каардынацыяй, і яна не рухаецца, дадаў Сяргей Сідорскі.

Вонкавая рэклама прыносіць у бюджэт краіны да Br10 млрд. у год. Нягледзячы на тое, што многія пытанні гэтай дзейнасці заканадаўча ўрэгуляваны, актыўнай работы не бачна, лічыць Сяргей Сідорскі. Працэс па-ранейшаму забюракратызаваны, ведамствы, адказныя за размяшчэнне рэкламных шчытоў, доўга разглядаюць гэтыя пытанні, што не стварае ўмоў для вядзення бізнесу.

Кіраўнік Урада рэзка крытыкаваў Мінскі гарвыканкам за зацягванне распрацоўкі канцэпцыі развіцця вонкавай рэкламы. У сувязі з бурным развіццём горадабудаўніцтва ў сталіцы прыпынена размяшчэнне новых рэкламных канструкцый. Да 1 жніўня вядзецца інвентарызацыя існуючых рэкламных шчытоў. У выніку трацяцца час і грошы, якія маглі б папоўніць бюджэт.
Як паведаміў Міністр гандлю Аляксандр Іванкоў, па прычыне прыпынення размяшчэння ў горадзе новых буйнафарматных рэкламных канструкцый бюджэт Мінска штогод недаатрымлівае да 20 працэнтаў паступленняў ад вонкавай рэкламы, што складае амаль $2 млн.

На думку Міністра гандлю, работа ў сталіцы па размяшчэнню рэкламных шчытоў згорнута неапраўдана. Ён прывёў у прыклад развіццё рэкламнага бізнесу ў іншых краінах. Так, у Чэхіі на 10 тыс. насельніцтва прыпадае 48 рэкламных канструкцый, а ў расійскіх гарадах Екацярынбургу, Чэлябінску, Казані - 18 адзінак. У Мінску на 10 тыс. жыхароў прыпадае толькі 6 рэкламных канструкцый.

Развіццю рэкламнага бізнесу ў Беларусі паслужыць адкрытасць інфармацыі ў рэгіянальных планах развіцця рэкламнага рынку, лічыць Міністр. Для гэтага мясцовыя органы ўлады павінны размяшчаць на сваіх афіцыйных сайтах падрабязную інфармацыю, дзе можна ўстанавіць рэкламныя шчыты і па якіх тарыфах.

Патрабуе далейшага вырашэння і спрашчэнне працэдуры афармлення вонкавай рэкламы. З гэтай мэтай Міністэрства гандлю ўжо распрацавала праекты адпаведных нарматыўна-прававых актаў, якія прадугледжваюць скарачэнне тэрмінаў працэдур і перадачу паўнамоцтваў па ўзгадненню рэкламы ад аблвыканкамаў у гаррайвыканкамы. Цяпер гэты дакумент праходзіць узгадненне ў органах дзяржкіравання.

Аляксандр Іванкоў таксама звярнуў увагу на той факт, што частка дзяржаўных аператараў, якія займаюцца размяшчэннем вонкавай рэкламы, у 2007 годзе працавалі з адмоўнай рэнтабельнасцю. Часткова сітуацыя тлумачыцца тым, што арганізацыі пачалі займацца рэкламнай дзейнасцю толькі ў мінулым годзе і таму мелі вялікія расходы на набыццё канструкцый, іх тэхнічнае абслугоўванне, афармленне дазволаў на пагашэнне крэдытаў. У той жа час такія арганізацыі ў Брэсцкай і Віцебскай абласцях маюць дастаткова высокую рэнтабельнасць - 29 працэнтаў.

Аб'ём выручкі рэкламных арганізацый у 2007 годзе павялічыўся на 41 працэнт (пры заданні на 5 працэнтаў) і склаў Br153 млрд. да ўзроўню 2006 года. Заданне, прадугледжанае Комплекснай праграмай развіцця сферы паслуг на 2006-2010 гады, выканана па ўсіх абласцях і Мінску, акрамя Гродзенскай вобласці. Міністэрству гандлю было даручана рэалізаваць 78 мерапрыемстваў па развіццю вонкавай рэкламы, з іх 52 выкананы ў поўным аб'ёме. Да 2010 года ў пастаянным рэжыме будуць рэалізоўвацца яшчэ больш як 20 мерапрыемстваў. Да гэтага часу не выканана адно даручэнне - няма канцэпцыі развіцця вонкавай рэкламы па горадзе Мінску, дадаў Аляксандр Іванкоў.

Паводле ацэнкі старшыні Камітэта дзяржкантролю Зянона Ломаця, у Мінску "адсутнічае належная каардынацыя па развіццю вонкавай рэкламы, што стварае глебу для злоўжыванняў". Паводле даных КДК, бюджэт горада недаатрымлівае больш за Br1 млрд. ад распаўсюджвання рэкламы. Зянон Ломаць таксама паведаміў, што ў Мінску ўсяго на 51 з 1200 рэкламных шчытоў прадстаўлена рэклама айчынных таваравытворцаў.

У сваю чаргу Намеснік Прэм'ер-міністра Андрэй Кабякоў прапанаваў "не ўпадаць у крайнасці". У многіх краінах назойлівая і празмерна яркая вонкавая рэклама ўжо раздражняе людзей, псуе архітэктурнае аблічча гарадоў. "Бурна развіваючы рэкламны бізнес, мы не павінны ператварыць горад у этыкетку", - лічыць Андрэй Кабякоў. На яго думку, пры вырашэнні гэтай праблемы неабходна захаваць як дзяржаўныя інтарэсы, так і інтарэсы бізнесу.

Па вынiках абмеркавання Мiнiстэрству гандлю даручана з улiкам выказанных сёння заўваг яшчэ раз падрабязна прааналiзаваць iснуючыя недахопы ў развiццi рынка вонкавай рэкламы i да 1 жніўня зноў унесцi гэтае пытанне на разгляд Урада.