Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 27.06.2008

Рост ВУП Беларусі ў 2009-2010 гадах запланаваны на ўзроўні 110-112 працэнтаў


Рост ВУП Беларусі ў 2009-2010 гадах запланаваны на ўзроўні 110-112 працэнтаў

Штогадовы тэмп росту валавога ўнутранага прадукту ў Беларусі на 2009-2010 гады запланаваны на ўзроўні 110-112 працэнтаў. Аб гэтым Першы намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка паведаміў у ходзе сумеснага пасяджэння палат беларускага парламента.

Паводле яго слоў, на такі тэмп росту ВУП арыентаваны сцэнарый прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2009-2010 гады.

Галоўным чынам, тэмп росту ВУП у 2009 годзе прагназуецца забяспечыць за кошт павелічэння аб'ёму вытворчасці ў вядучых галінах эканомікі: прамысловасці, будаўніцтве, гандлі. Пры гэтым асаблівая ўвага будзе ўдзелена рэалізацыі мерапрыемстваў па паскарэнню развіцця сферы паслуг і павелічэнню яе ролі ў фарміравані ВУП, адзначыў Першы віцэ-прэм'ер.

Вызначальную ролю ў прагназуемым эканамічным росце будзе адыгрываць прамысловасць. У 2009 годзе вытворчасць прамысловай прадукцыі павінна павялічыцца на 10,5-12,5 працэнта, а тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал прагназуецца на ўзроўні 123-125 працэнтаў. Значны акцэнт будзе зроблены на прыток замежных інвестыцый.

Урад Беларусі распрацоўвае дадатковыя меры для стабілізацыі знешняга гандлю. Уладзімір Сямашка адзначыў, што па выніках чатырох месяцаў бягучага года сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі склала мінус $626,2 млн. "Яго суадносіны знаходзяцца ў дапушчальных прагнозам рамках, але толькі за красавік адмоўнае значэнне ўзрасло на $400 млн. І гэта патрабуе прыняцця неадкладных мер па карэкціроўцы ЗЭД", - сказаў Уладзімір Сямашка.

Паводле яго слоў, урад глыбока прааналізаваў тэндэнцыю росту адмоўнага сальда, прычыны якога звязаны ў асноўным са знешнімі фактарамі. Цяпер у стадыі дапрацоўкі знаходзяцца дадатковыя меры, якія будуць задзейнічаны ў другім паўгоддзі для стабілізацыі знешняга гандлю.

Сцэнарый прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2009-2010 гады прадугледжвае рост заработнай платы ў цэлым па народнай гаспадарцы да $760 у эквіваленце. Першы віцэ-прэм'ер удакладніў, што ў бюджэтнай сферы да канца 2010 года сярэдняя заработная плата павінна дасягнуць $700 у эквіваленце. У 2009 годзе памер сярэдняй заработнай платы ў цэлым па народнай гаспадарцы павінен скласці $590, а ў бюджэтнай сферы - $550, удакладніў Уладзімір Сямашка.

Паводле слоў першага віцэ-прэм'ера, прагназуемы рост ВУП у 2009 годзе дасць магчымасць забяспечыць прырост рэальных даходаў насельніцтва на ўзроўні 14-15 працэнтаў.

Тэмп росту платных паслуг насельніцтву ў 2009 годзе прагназуецца на ўзроўні 113-114 працэнтаў, рознічнага тавараабароту - 116-117 працэнтаў.-

Урад Беларусі абмяркоўвае магчымасць росту зарплаты да ўзроўню $1 тыс., заявіў Першы намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка, адказваючы на пытанні парламентарыяў. Ён сказаў, што такую задачу паставіў перад Урадам Прэзідэнт Беларусі. Уладзімір Сямашка адзначыў, што цяпер урад вырашае задачу да канца 2010 года давесці ўзровень заработнай платы ў сярэднім да не менш як $760 па краіне. "У прамысловасці гэты паказчык будзе яшчэ вышэйшы, - удакладніў першы віцэ-прэм'ер. - Для таго, каб выйсці на гэты рубеж, мы павінны павысіць тэмпы росту ВУП да 110,5-112 працэнтаў. Гэта не самамэта, гэта сродак для дасягнення такой задачы".

Уладзімір Сямашка адзначыў, што "мы рухаемся да таго, каб сярэднямесячная заработная плата расла і, як у савецкі час, была роўная кошту 1 кв.м жылой плошчы". Першы віцэ-прэм'ер нагадаў, што ў 2008 годзе ў Беларусі павінна быць пабудавана 4,7-5,2 млн.кв.м жылля, а ў 2010 годзе - 10 млн.кв.м. "Мы будзем падціскаць будаўнікоў, каб яны зніжалі кошт будаўніцтва жылля, каб на сваю заработную плату грамадзянін мог пабудаваць кватэру, узяць для гэтага крэдыт", - адзначыў Уладзімір Сямашка.

На думку Уладзіміра Сямашкі, зніжэнне падатковай нагрузкі ў 2009 годзе на 1,2 працэнтнага пункта да ВУП вызваліць для развіцця эканомікі Br1,4 трлн. Гэтыя грошы застануцца ў рэальным сектары эканомікі. У мэтах скарачэння падатковай нагрузкі ў 2009 годзе прадугледжваецца зніжэнне стаўкі збору ў рэспубліканскі фонд падтрымкі сельгасвытворцаў з 2 працэнтаў да 1 працэнта ад выручкі. Гэта дасць скарачэнне даходаў на Br1,245 трлн. Будуць устаноўлены таксама адзіныя стаўкі мясцовых падаткаў з продажаў тавараў у рознічным гандлі і мясцовага падатку на паслугі ў памеры 5 працэнтаў. Цяпер пакуль што дзейнічаюць стаўкі 5 працэнтаў і 15 працэнтаў на айчынныя і імпартныя тавары адпаведна. Ад скарачэння гэтых падаткаў у эканоміку паступіць Br305,2 млрд. Будуць выключаны з аб'ектаў падаткаабкладання падатак на нерухомую маёмасць, актыўную частку вытворчых фондаў (Br312,7 млрд.). Удасканальваецца парадак і ўмовы прымянення падаходнага падатку з фізічных асоб і яго спрашчэнне. У 2009 годзе намечаны пераход да прымянення адзінай стаўкі падаткаабкладання - 12 працэнтаў.

Рэалізацыя гэтых мер і дасць магчымасць скараціць падатковую нагрузку ў 2009 годзе.

Акрамя таго, канцэрн "Белнафтахім" за 5 месяцаў гэтага года забяспечыў стабільную работу арганізацый, якія ў яго ўваходзяць. Тэмп росту выпуску прадукцыі ў паліўнай прамысловасці за гэты перыяд павялічаны на 13,9 працэнта, у нафтаперапрацоўчай - на 19,4 працэнта.

"На буйных прадпрыемствах "Белнафтахіма" ідзе інтэнсіўны працэс мадэрнізацыі вытворчых магутнасцей. Надзвычай складана ў час мадэрнізацыі забяспечваць тэмп росту прамысловай вытворчасці, але тым не менш, у нас гэта атрымліваецца", - сказаў Першы намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка.

Паводле слоў Уладзіміра Сямашкі, нафтаперапрацоўчыя заводы поўнасцю забяспечаны сыравінай, узрос экспартны патэнцыял нафтахімічнага комплексу.

У цэлым прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны выконваецца па большасці зацверджаных параметраў. Асноўнай крыніцай высокага тэмпу эканамічнага росту з'яўляецца прамысловасць. За 5 месяцаў 2008 года рост прампрадукцыі склаў 113,3 працэнта пры прагнозе 108-109 працэнтаў.

У машынабудаванні і металаапрацоўцы аб'ём вытворчасці прамысловасці за 5 месяцаў узрос на 14,9 працэнта. Гэта дало магчымасць павялічыць вытворчасць трактароў на 21,8 працэнта, збожжаўборачных камбайнаў - на 48,8 працэнта.

Тэмп росту вытворчасці спажывецкіх тавараў у Беларусі ўжо не адпавядае пастаўленым высокім задачам сацыяльна-эканамічнага развіцця. Па выніках 5 месяцаў гэтага года выпуск спажывецкіх тавараў у Беларусі ўзрос на 14,2 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года (прагноз росту на год - на 9-10 працэнтаў). Аднак гэта недастатковы ўзровень. "Павышэнне заработнай платы да канца пяцігодкі да $700, а магчыма і вышэй, дыктуе неабходнасць звязвання грошай і патрабуе павелічэння вытворчасці высакаякасных айчынных тавараў і паслуг", - сказаў Уладзімір Сямашка. Інакш можна атрымаць некантралюемы аб'ём спажывецкага імпарту, удакладніў ён.

У сувязі з гэтым урад адкарэкціраваў парадак арганізацыі і фарміравання імпартазамяшчальных праграм. Узмоцнены кантроль за рэалізацыяй інавацыйных праектаў у сферы імпартазамяшчэння.

Уладзімір Сямашка адзначыў, што ёсць праблемы з канцэрнам "Беллегпрам", які не выйшаў на ўзровень вытворчасці прадукцыі мінулага года. Разам з тым ужо намеціўся рух па росту вытворчасці, і ў другім паўгоддзі чакаюцца станоўчыя вынікі ў рабоце канцэрна, сказаў першы віцэ-прэм'ер. Ён нагадаў, што ў маі прыняты ўказ нумар 282, які дасць магчымасць прадпрыемствам канцэрна нарасціць абаротныя сродкі і выйсці на больш эфектыўную работу.

Тры заводы - спадарожнікі МТЗ будуць створаны ў бягучым годзе, заявіў сёння, выступаючы ў парламенце, Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка. У прыватнасці, у лістападзе запланаваны ўвод у эксплуатацыю вытворчасці трактароў у Бабруйску. Магутнасці гэтага завода ацэньваюцца ў 6-7 тыс. трактароў у год. Вытворчасць на 4-5 тыс. гусенічных трактароў у год таксама будзе адкрыта ў Мазыры. Акрамя таго, у Смаргоні арганізуецца вытворчасць трактароў для апрацоўкі садоў. Іх плануецца выпускаць у колькасці 4-5 тыс. у год.

Усяго да канца бягучага года ў Беларусі плануецца рэалізаваць яшчэ 252 праекты ў рамках Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця на 2007-2010 гады. На гэты час рэалізаваны 721 праект, у ліку якіх увод у эксплуатацыю завода газетнай паперы ў Шклове.

Сістэму электронных білетаў на ўсе віды міжгародняга транспарту ўвядуць у Беларусі. Аб гэтым паведаміў сёння першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка на сумесным пасяджэнні дзвюх палат Нацыянальнага сходу.
Паводле яго слоў, укараненне такой сістэмы плануецца ў 2009 годзе, таму што існуючая сёння сістэма выдачы білетаў стваралася 30 гадоў таму і патрабуе абнаўлення.

Першы віцэ-прэм'ер сказаў, што свае паслугі па ўкараненню электроннай сістэмы выдачы білетаў прапануе ўжо адна фірма з ААЭ.


Многія карпарацыі з сусветным імем гатовы інвесціраваць у Беларусь, заявіў Уладзімір Сямашка. Паводле яго слоў, праведзенае ў маі ў Мінску пасяджэнне Кансультатыўнага савета па замежных інвестыцыях пры Савеце Міністраў паказала, што расце цікавасць замежных інвестараў да работы ў Беларусі. "Многія карпарацыі з сусветным імем гатовы прыйсці ў Беларусь надоўга і ўкласці значныя грошы", - падкрэсліў Уладзімір Сямашка.

Ён лічыць, што павышэнню такой цікавасці таксама будзе садзейнічаць прыняцце рашэнняў па ўдасканаленню фінансавага рынку. "Мы ўшчыльную падышлі да магчымасці выхаду на міжнародныя фінансавыя рынкі, грунтоўна рыхтуемся да працэдуры IPO з долямі акцый вядучых прадпрыемстваў краіны", - паведаміў Першы віцэ-прэм'ер.