Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 25.06.2008

Беларусь у бліжэйшы час адкрые гандлёвае прадстаўніцтва ў Самарскай вобласці

Беларусь у бліжэйшы час адкрые гандлёвае прадстаўніцтва ў Самарскай вобласці

Беларусь у бліжэйшы час адкрые гандлёвае прадстаўніцтва ў Самарскай вобласці Расіі. Аб гэтым паведаміў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі сёння на сустрэчы з губернатарам - Старшынёй Урада Самарскай вобласці Уладзімірам Арцяковым. На думку Сяргея Сідорскага, гэта будзе садзейнічаць далейшаму паглыбленню гандлёва-эканамічных адносін паміж Беларуссю і Самарскай вобласцю. Кіраўнік беларускага Урада нагадаў аб сваім візіце ў гэты расійскі рэгіён у 2005 годзе. "У мяне тады шчыры інтарэс выклікаў завод у Тальяці", - дадаў прэм'ер.

У цэлым, канстататаваў Сяргей Сідорскі, узаемныя пастаўкі прадукцыі Беларусі і Самарскай вобласці ідуць актыўна. У 2007 годзе тавараабарот паміж бакамі склаў каля $400 млн., у студзені-красавіку гэтага года - больш як $300 млн. і ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічыўся ў тры разы. Найбольшую долю ў пастаўках з Самарскай вобласці займае нафта і нафтапрадукты. "Але самае галоўнае, што ёсць зрухі ў пастаўках складанай тэхнікі, якая вырабляецца ў Самарскай вобласці і Беларусі", - адзначыў Прэм'ер-міністр.

Ён таксама закрануў нядаўнюю сустрэчу ў Брэсце Прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, на якой ішла гаворка аб развіцці кааперацыйных сувязей паміж беларускімі і расійскімі прадпрыемствамі, неабходнасці адыходу ад прамых кантрактаў, дагавораў. "Такім чынам, мы будзем ствараць новыя прамысловыя вытворчасці ў Самарскай вобласці. Ёсць шэраг цікавых праектаў", - сказаў Сяргей Сідорскі.

У час свайго візіту ў Беларусь члены дэлегацыі Самарскай вобласці маюць намер наведаць некалькі беларускіх прадпрыемстваў, што дасць магчымасць адкрыць новыя магчымасці для развіцця кантактаў паміж суб'ектамі гаспадарання. "Я думаю, у нас ёсць добры патэнцыял для далейшага развіцця, які мы заклалі ў мінулыя гады", - лічыць кіраўнік беларускага Урада.

Як заявіў сёння губернатар - Старшыня Урада Самарскай вобласці Уладзімір Арцякоў пасля сустрэчы з Прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім, Самарская вобласць запрашае беларускія прадпрыемствы прыняць удзел у рэалізацыі праектаў у рэгіёне.

"Мы наведалі беларускія прадпрыемствы, якія маглі б удзельнічаць у буйных праектах, аб'яўленых у вобласці. Гэта два прамысловыя тэхналагічныя паркі - Самарскі і Тальяцінскі", - сказаў ён.

Паводле слоў Уладзіміра Арцякова, цяпер бакі выйшлі на новы этап развіцця. "Усе раней дасягнутыя дамоўленасці паміж Беларуссю і Самарскай вобласцю паэтапна рэалізуюцца. У далейшым мы будзем арыентавацца на такія ж тэмпы работы", - падкрэсліў губернатар.

Уладзімір Арцякоў лічыць вельмі важным адкрыццё ў Самарскай вобласці гандлёвага прадстаўніцтва Беларусі. "Кантакты будуць мець больш прамы характар. Акрамя таго, нам ёсць чаму павучыцца ў Беларусі", - адзначыў ён. Самарская вобласць зацікаўлена ў пастаўках дарожнай, камунальнай, сельскагаспадарчай тэхнікі, аўтамабільнага транспарту, якія вырабляюцца ў Беларусі.

"Таксама ёсць ідэі стварыць на тэрыторыі Самарскай вобласці сумесныя вытворчасці. Я лічу, што трэба пераходзіць да іх практычнага ўвасаблення. Перакананы, мы зможам гэта зрабіць", - падкрэсліў Уладзімір Арцякоў.