Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 27.05.2008

Доля стратных арганізацый у Беларусі ў студзені-сакавіку скарацілася

Доля стратных арганізацый у Беларусі ў студзені-сакавіку скарацілася

Вынікі работы эканомікі за чатыры месяцы сёння былі разгледжаны на пасяджэнні Савета Міністраў Беларусі. Найбольшую дабаўленую вартасць у ВУП Беларусі забяспечваюць прамысловасць, будаўніцтва, сфера паслуг. Аб гэтым заявіў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Савета Міністраў. Ён адзначыў, што дабаўленая вартасць ствараецца ва ўсіх галінах, але найбольшы ўклад "у скарбонку эканомікі ўносяць прамысловасць, будаўніцтва, сфера паслуг". Урад разгледзеў дапрацаваную праграму развіцця сельскай гаспадаркі рэспублікі.

На думку Прэм'ера, удасца навярстаць упушчанае ў мінулым годзе. "Задачы, якія стаяць у бягучым годзе перад Мінсельгасхарчам і абласцямі, цалкам пад сілу", - лічыць Сяргей Сідорскі.

Разам з тым ён крытычна ацаніў работу Гродзенскай вобласці, якая цяпер адстае па выкананню прагнозных паказчыкаў, а гэта ж рэгіён з высокім эканамічным патэнцыялам. Не выконваюць прагнозныя паказчыкі па тэмпу росту сельгасвытворчасці і іншыя вобласці, акрамя Магілёўскай. У сувязі з гэтым кіраўнік Урада запатрабаваў прыняць канкрэтныя меры па змяненню сітуацыі.

Сяргей Сідорскі таксама прааналізаваў ход выканання інавацыйных праектаў. За 4 месяцы ў Беларусь прыцягнута $2,13 млрд. замежных інвестыцый, з іх $617 млн. - прамыя. Прыцягненне прамых інвестыцый - найважнейшая задача для міністэрстваў і канцэрнаў.

Пры гэтым Прэм'ер-міністр крытыкаваў ведамствы, якія знізілі тэмп прыцягнення капітальных укладанняў, у прыватнасці, транспартныя. Так, знос асноўных фондаў Беларускай чыгункі складае больш як 70 працэнтаў, не хапае рухомага саставу. Некаторыя прадпрыемствы толькі пачалі будаваць планы па абнаўленню, якія змогуць быць рэалізаваны да 2013 года. А між тым высокі ўзровень мадэрнізацыі патрабуецца ўжо сёння, падкрэсліў кіраўнік Урада.

Сяргей Сідорскі таксама адзначыў марудную работу па павелічэнню аб'ёму паслуг. Пакуль што ні адна вобласць ў рэспубліцы не выканала паказчыкі росту паслуг. "У гэтай сферы ў нас грошы праплываюць міма", - дадаў Прэм'ер.

Для павелічэння сярэдняй заработнай платы ў Беларусі да 2010 года да $700 у эквіваленце трэба нарошчваць прадукцыйнасць працы. На думку Прэм'ер-міністра, у бліжэйшы час заработная плата ў Беларусі будзе расці паскоранымі тэмпамі. У студзені-сакавіку 2008 года сярэдняя зарплата ў краіне склала Br934 тыс., або амаль $450 у эквіваленце. У некаторых сектарах эканомікі адзначаны яе апераджальны рост. У навуковых установах, напрыклад, сярэдняя зарплата перасягнула Br1,1 млн., у будаўніцтве - склала больш за Br1 млн. "Мы чакаем аддачы ад гэтых сфер", - сказаў Прэм'ер-міністр. Аднак пакуль што, мяркуючы па цяперашніх тэмпах будаўнічых работ, гэтага не адчуваецца, падкрэсліў Сяргей Сідорскі.

Кіраўнік Урада канстатаваў, што ў рэспубліцы дзейнічаюць праграмы развіцця паслуг, сэрвісу, сельскай гаспадаркі, інавацый. "Мы павінны дакладна выконваць намечаныя праграмы", - сказаў Прэм'ер.

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі раскрытыкаваў Мінгандаль за рост імпарту ў краіну кандытарскіх вырабаў, а таксама электрабытавых прыбораў, у тым ліку халадзільнікаў. Кіраўнік Урада адзначыў, што ў бягучым годзе ў рэспубліку ўвезена шакаладу на $15 млн., пячэння - на $12 млн. Халадзільнікаў імпартавана на $23 млн. Пры гэтым уся гэта прадукцыя вырабляецца ў Беларусі, падкрэсліў Сяргей Сідорскі.

"Не можаце справіцца са зніжэннем імпарту - стварайце сумесныя прадпрыемствы з замежнымі кампаніямі", - заклікаў Прэм'ер кіраўнікоў міністэрстваў і канцэрнаў. Аднак пакуль што ніхто не спяшаецца гэта рабіць, хоць такія прадпрыемствы патрэбны краіне ўжо сёння, а не праз год, дадаў ён.

Сяргей Сідорскі таксама адзначыў недапрацоўку Мінгандлю і аблвыканкамаў па захоўванню агародніны і садавіны. Пакуль што ведамствы не прыйшлі да адзінай думкі наконт таго, ці патрэбны агароднінасховішчы, каб аптымізаваць імпарт садавіны. А ў выніку за сакавік 2008 года адмоўнае сальда ў Беларусі павялічылася да мінус $200 млн.

Паводле слоў міністра эканомікі Беларусі Мікалая Зайчанкі, інфляцыя ў Беларусі ў маі бягучага года не перавысіць 1 працэнт. За студзень-красавік індэкс росту спажывецкіх цэн склаў 105,3 працэнта пры гадавым прагнозе 108 працэнтаў. Пры гэтым з агульнага прыросту індэкса цэн (5,3 працэнта) на харчовыя тавары прыпадае 2,6 працэнта. Мікалай Зайчанка растлумачыў, што гэта звязана з павышэннем цэн на прадукты харчавання і падаражэннем паліўна-энергетычных рэсурсаў.

За 4 месяцы бягучага года інфляцыя ў Расіі склала 6,3 працэнта, ва Украіне - 13,1 працэнта.

Паводле слоў Мікалая Зайчанкі, Міністэрства эканомікі прадоўжыць рэалізацыю сістэмных мер, прынятых Урадам па абмежаванню інфляцыі.

Доля стратных арганізацый у Беларусі скарацілася з 16,9 працэнта ў студзені-сакавіку 2007 года да 11,1 працэнта ў студзені-сакавіку 2008 года, -- заявіў міністр эканомікі. Паводле яго слоў, у першым квартале бягучага года стратнымі былі 1183 прадпрыемствы (у студзені-сакавіку 2007 года 1808).

Разам з тым міністр эканомікі адзначыў недастаткова эфектыўную рэалізацыю бізнес-планаў развіцця прадпрыемстваў. Па выніках першага квартала 2008 года выкананне бізнес-планаў забяспечылі 3262 арганізацыі, або 57,3 працэнта ад агульнай колькасці дзяржарганізацый. Дзякуючы ўстанаўленню кантролю з боку Урада за выкананнем бізнес-планаў, персанальнай адказнасці кіраўнікоў органаў дзяржкіравання за выкананне заданняў адбылося скарачэнне долі прадпрыемстваў, якія не рэалізавалі бізнес-планы. Па асобных органах дзяржкіравання доля арганізацый, што не выканалі бізнес-планы развіцця, значна вышэйшая за сярэднерэспубліканскі ўзровень. Напрыклад, па канцэрну "Беллеспаперапрам" - 70,3 працэнта, "Белбіяфарм" - 66,7 працэнта, "Беллегпрам" - 61,2 працэнта. Сярод абласцей найбольшая ўдзельная вага праблемных арганізацый у Гомельскай вобласці.

У Беларусі нельга дапусціць зніжэння тэмпу росту інвестыцый, таксама заявіў сёння на пасяджэнні Савета Міністраў Мікалай Зайчанка .

За студзень-красавік бягучага года тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал склаў 124,4 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года, што вышэй за зацверджаны Кіраўніком дзяржавы гадавы прагноз і амаль адпавядае заданню, устаноўленаму Урадам. "Ні ў якім выпадку нельга дапусіць замаруджвання гэтага параметра. Апошнім часам шмат намаганняў укладзена ў павышэнне прывабнасці інвестыцыйнага клімату Беларусі, прыняты меры па ўдасканаленню інвестыцыйнага заканадаўства", - адзначыў Мікалай Зайчанка.

Ён нагадаў, што нядаўна прыняў удзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў ЕБРР ва Украіне. "Да прэзентацыі Беларусі была праяўлена цікавасць з боку інвестараў. Наша краіна сёння сапраўды прывабная для інвестараў", - падкрэсліў міністр. Ён таксама адзначыў, што толькі ад ініцыятыўнай работы Урада, мясцовых органаў улады залежыць тое, наколькі мы зможам выкарыстаць тыя магчымасці, якія створаны ў краіне па прыцягненню інвестыцый.

Тарыфную стаўку першага разраду ў Беларусі неабходна павысіць у кастрычніку да Br94 тыс. Цяпер гэта прапанова Мінэканомікі прапрацоўваецца Міністэрствам фінансаў і Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны насельніцтва. Гэта будзе першым крок па выхаду ў 2010 годзе на сярэднюю заработную плату $700 у эквіваленце.

Мікалай Зайчанка растлумачыў, што павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду неабходна для забеспячэння росту намінальнай сярэднямесячнай заработнай платы на канец 2008 года да Br966 тыс. ($460 у эквіваленце). Тэмп росту рэальнай заработнай платы пры гэтым павінен скласці не менш як 109,5 працэнта.

Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва за студзень-сакавік узраслі на 10,7 працэнта, пры гэтым у студзені-лютым прырост быў 12,9 працэнта. Гэта абумоўлена больш высокім узроўнем інфляцыі ў параўнанні з прагнозным значэннем. Рэальная заработная плата па рэспубліцы ў першым квартале павысілася на 8,3 працэнта.