Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 26.05.2008

БЧ павінна актывізаваць інавацыйную дзейнасць

БЧ павінна актывізаваць інавацыйную дзейнасць

Тэмпы інавацыйнага развіцця Беларускай чыгункі неабходна паскорыць, заявіў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на нарадзе ва ўпраўленні БЧ у Мінску. Паводле яго слоў, трэба больш дынамічна нарошчваць экспартны патэнцыял чыгункі, паскорыць працэс абнаўлення яе рухомага саставу, удасканальваць сістэму кіравання перавозкамі. "Беларусь выбрала інавацыйны шлях развіцця. Беларуская чыгунка павінна развівацца не толькі за кошт нарошчвання экспартнага патэнцыялу, але таксама за кошт стварэння сучасных інавацыйных вытворчасцей", - сказаў Прэм'ер-міністр.

Сяргей Сідорскі адзначыў, што ступень зносу рухомага саставу БЧ складае 72 працэнты.

"У мінулым годзе парк чыгункі абнавіўся ўсяго на 1,46 працэнта, аднак гэтага недастаткова", - заявіў ён. Значны аб'ём грузавых вагонаў БЧ закупляе за межамі краіны. Стварэнне новых вытворчасцей па іх выпуску дасць магчымасць не толькі забяспечыць патрэбнасць унутранага рынку ў гэтай прадукцыі, але і пастаўляць яе на знешнія рынкі. "Многія краіны маюць патрэбнасць у грузавых вагонах і гатовы набываць іх у нас, - сказаў Прэм'ер-міністр. - Сярод нашых патэнцыяльных партнёраў - прадпрыемствы Расіі і Казахстана". Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод, які ствараецца сумесна з расійскім ЗАТ "Гранд-экспрэс", можа стаць буйным экспарцёрам танкаў-кантэйнераў і грузавых вагонаў.

Неабходна таксама ўдасканальваць сістэму апрацоўкі грузавых вагонаў. "Чаму мы не можам паскорыць працэс разгрузкі вагонаў? Гэта ж робіць паслугі БЧ больш прывабнымі для нашых партнёраў, - сказаў Сяргей Сідорскі. - Нам неабходна павялічыць экспартныя грузаперавозкі на 60 працэнтаў".

Паводле яго слоў, многія інавацыйныя праекты, якія прапануюцца БЧ, - доўгатэрміновыя. "ВА ўмовах развіцця ў краіне інавацыйнай эканомікі прыярытэт неабходна аддаваць кароткатэрміновым праектам, якія на працягу 1-2 гадоў дадуць высокі эканамічны эфект", - дадаў Прэм'ер-міністр.