Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 23.05.2008

23 мая 2008 года ў Мінску адбылося пасяджэнне Савета Кіраўнікоў урадаў краін СНД

23 мая 2008 года ў Мінску адбылося пасяджэнне Савета Кіраўнікоў урадаў краін СНД

Савет кіраўнікоў урадаў дзяржаў СНД прыняў рашэнне па ўсіх 20 пытаннях парадку дня на пасяджэнні, якое завяршылася сёння ў Мінску. Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Старшыня Выканаўчага камітэта - Выканаўчы сакратар Садружнасці Сяргей Лебедзеў. Паводле яго слоў, гэта пераважна пытанні эканамічнага супрацоўніцтва. Акрамя таго, былі разгледжаны некаторыя арганізацыйна-пратакольныя пытанні. У прыватнасці, было прынята рашэнне аб старшынстве ў СКУ. З гэтага моманту старшынства ў Савеце Кіраўнікоў урадаў СНД ад Украіны пераходзіць да Беларусі.

"Упэўнены, што Беларусь будзе магутным рухавіком Садружнасці ў наступным годзе. Са свайго боку Выканаўчы камітэт СНД гатовы самым цесным чынам узаемадзейнічаць з усімі структурамі Беларусі", - заявіў Сяргей Лебедзеў.

У рамках пасяджэння Савета Кіраўнікоў урадаў краін СНД Прэм'ер-міністр Беларусі сустрэўся з калегамі з Украіны і Малдовы.

"Мінск вельмі ўразіў мяне. Гэты палац (Нацыянальная бібліятэка Беларусі) наогул цудоўны", - сказала Прэм'ер-міністр Малдовы Зінаіда Грачаная.

Сяргей Сідорскі ў адказ прапанаваў пабудаваць у Кішынёве аналагічны будынак, падкрэсліўшы пры гэтым, што Нацыянальная бібліятэка была ўзведзена сіламі беларускіх будаўнікоў.

Бакі таксама абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва.

Тавараабарот Беларусі з Малдовай у 2007 годзе ўзрос на 28,1 працэнта да $226 млн. Пры гэтым экспарт беларускіх тавараў склаў $144,55 млн. (на 51,1 працэнта), імпарт малдаўскай прадукцыі - $81,93 млн. (рост на 1,1 працэнта). Дадатнае сальда гандлю Беларусі з Малдовай у 2007 годзе склала $62,6 млн. і павялічылася ў параўнанні з паказчыкамі 2006 года ў 4,3 раза.

Рост тавараабмену працягваецца і ў бягучым годзе. Так, у першым квартале аб'ём узаемнага гандлю павялічыўся ў параўнанні з такім жа перыядам 2007 года на 64 працэнты і дасягнуў $71,5 млн. Пры гэтым беларускі экспарт узрос на 63 працэнты да $51,1 млн.

Гандаль паміж дзяржавамі вядзецца больш як па 400 назвах тавараў. Беларусь экспартуе ў Малдову нафтапрадукты, трактары, грузавыя аўтамабілі, халадзільнікі, веласіпеды, матацыклы, будматэрыялы, мінеральныя ўгнаенні, хімічныя валокны, поліэтылен, тавары лёгкай прамысловасці, трыкатаж, абутак, мэблю, ворсавае палатно, штучную футру і іншыя. Малдова пастаўляе ў Беларусь у асноўным сельскагаспадарчую прадукцыю, у першую чаргу віно, агародніну, фрукты, насенне кукурузы.

У Беларусі і Украіны шмат важных пытанняў для абмеркавання, заявіла Прэм'ер-міністр Украіны Юлія Цімашэнка на сустрэчы ў Мінску з Кіраўніком урада Беларусі Сяргеем Сідорскім.

Юлія Цімашэнка адзначыла, што бакі на пастаяннай аснове вядуць дыялог па актуальных тэмах супрацоўніцтва на высокім узроўні. Так, напрыклад, у гэтым годзе адбыўся візіт у Беларусь Першага віцэ-прэм'ер-міністра Украіны Аляксандра Турчынава.

Гандлёвыя адносіны Беларусі з Украінай развіваюцца дынамічна. Тавараабарот у студзені-сакавіку бягучага года ўзрос на 98 працэнтаў у параўнанні з адпаведным перыядам 2007 года і склаў $1,2 млрд. Экспарт беларускай прадукцыі павялічыўся ў 2,4 раза да $757,4 млн., імпарт - на 49,8 працэнта да $449,2 млн.

Садружнасць Незалежных Дзяржаў павінна стаць адной з сусветных зон магутнага эканамічнага росту. Упэўненасць у гэтым выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з Кіраўнікамі дэлегацый, якія ўдзельнічаюць у пасяджэнні Савета Кіраўнікоў урадаў дзяржаў - удзельніц СНД.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што "нам не дабіцца сур'ёзных зрухаў, калі мы не будзем паслядоўна выконваць узятыя на сябе дамоўленасці: для нас усіх асноўная мэта - зрабіць Садружнасць адной з сусветных зон магутнага эканамічнага росту". Прэзідэнт Беларусі лічыць, што гэта рэальная неабходнасць, на якой заснавана будучыня нашых суверэнных народаў.

Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва - стрыжань узаемадзеяння краін СНД, паведаміў Прэзідэнт Беларусі. Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што "ўжо даўно пара актывізаваць сумесную работу ў транспартнай і транзітнай галінах. У гэтым годзе, які аб'яўлены ў СНД годам транспарту, мы павінны адчуць канкрэтныя вынікі".

Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, у бліжэйшым будучым трэба ўкараніцца ў мясцовыя транспартна-лагістычныя сістэмы. Прэзідэнт Беларусі назваў актуальнай прапрацоўку праекта транзітнага калідора "Заходні Кітай - Расія - Еўропа".

Прэзідэнт Беларусі заявіў, што Расія адыгрывае асаблівую ролю ў актывізацыі дзейнасці СНД і з'яўляецца натуральным лакаматывам інтэграцыі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што менавіта з пазіцыі Расіі, ад яе чалавечага, тэрытарыяльнага, рэсурснага і эканамічнага патэнцыялу залежыць рэалізацыя многіх задач і праектаў, накіраваных на далейшае ўмацаванне эканомік нашых краін, павышэнне ўзроўню жыцця нашых людзей. Напрыклад, пытанне, якое даўно "завісла", - завяршэнне фарміравання поўнамаштабнай зоны свабоднага гандлю СНД. Гэта ключавы момант эканамічнага развіцця: "мы павінны вызначыць адзіныя падыходы ў такіх сферах, як транспарт, энергетыка, агульны рынак працоўных рэсурсаў, харчовая бяспека".

Задача Савета Кіраўнікоў урадаў дзяржаў СНД - напоўніць узаемадзеянне краін канкрэтным зместам, -- заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "ад нас чакаюць актыўных дзеянняў у паглыбленні супрацоўніцтва, новых рацыянальных прапаноў па ажыццяўленню ўсіх напрацаваных ідэй". Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта ў поўнай меры адпавядае чаканням нашых народаў, якія патрабуюць менавіта актывізацыі дзеянняў, а не расчлянення або ліквідацыі Садружнасці.

"Па сутнасці, ад нашага ўмення чуць адзін аднаго, знаходзіць шляхі вырашэння складаных пытанняў, ад гатоўнасці ўвасабляць словы ў канкрэтныя справы залежыць, ці атрымае СНД "другое дыханне", рэальны дадатковы імпульс для далейшага развіцця руху", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі выказаў надзею, што "сённяшняе пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў і гэта сустрэча пройдуць у канструктыўнай і дзелавой абстаноўцы, будуць садзейнічаць якаснаму паляпшэнню шматбаковага ўзаемадзеяння". Пры гэтым прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што асноўныя вектары руху наперад ужо вызначаны ў Канцэпцыі далейшага развіцця Садружнасці, адобранай кіраўнікамі дзяржаў СНД паўгода таму.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, "сёння, калі мы знаходзімся на піку працэсу рэфармавання СНД, важна даць першыя аб'ектыўныя, недзе, магчыма, крытычныя, ацэнкі сумесна праведзенай рабоце". Нас аб'ядноўвае не толькі адзінае мінулае, але і новыя сумесныя праграмы, якія паспяхова рэалізуюцца, адзначыў прэзідэнт Беларусі. Паводле яго слоў, гісторыя пацвярджае - разам мы заўсёды дабіваліся больш важкіх, адчувальных вынікаў.

Садружнасць Незалежных Дзяржаў можа і павінна ўнесці свой уклад у забеспячэнне шматпалярнасці светаўладкавання. "Негатыўныя тэндэнцыі, якія намеціліся як у свеце, так і на прасторы нашай Садружнасці, пацвярджаюць, што рашучыя крокі насустрач адзін аднаму нам трэба было зрабіць яшчэ ўчора", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца пазіцыі Беларусі, то яна была і застаецца стабільнай і прадказальнай, накіраванай на ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва ў мэтах павышэння ўзроўню дабрабыту нашых народаў, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць нарошчванне транспарціроўкі энергарэсурсаў важным элементам узаемавыгаднага выкарыстання транзітнага патэнцыялу краін СНД. Такі пункт погляду Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў сёння на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый, якія ўдзельнічаюць у пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў - удзельніц СНД.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Беларусь паважліва ставіцца да нацыянальных інтарэсаў краін - экспарцёраў энергарэсурсаў. Але вельмі разумнай была б арганізацыя сумеснай дзейнасці па здабычы, перапрацоўцы і пастаўках на знешнім рынку газу, нафты, а таксама электраэнергіі".

"Мы гатовы абмяркоўваць усе праекты, якія не стануць убіваць клін паміж суседзямі, а будуць умацоўваць агульную энергетычную бяспеку", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, для разгляду такіх пытанняў на шматбаковай аснове павінны быць створаны аптымальныя ўмовы ў наступным годзе, які, як чакаецца, у рамках СНД будзе прысвечаны энергетыцы.

Толькі сумесна краіны СНД могуць вырашаць любыя складаныя праблемы. "Дынаміка сусветнага развіцця настолькі інтэнсіўная, што кожны год будуць узнікаць усё новыя і новыя выклікі. І мы не можам не рэагаваць на іх. Я перакананы, што гэта толькі арыенціроўка, маякі, а далей давядзецца вырашаць не менш сур'ёзныя праблемы і задачы, якія будуць паўставаць перад кожнай з дзяржаў Садружнасці. Толькі разам мы можам вырашаць гэтыя складаныя праблемы, што ўзнікаюць у свеце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ў свой час на ўзроўні Кіраўнікоў дзяржаў было прынята правільнае рашэнне прысвячаць у СНД кожны год вырашэнню глабальнай задачы. Гэты год аб'яўлены Годам транспарту, наступны - энергетыкі.

Звяртаючыся да Кіраўнікоў дэлегацый, якія прымаюць удзел у пасяджэнні Савета Кіраўнікоў урадаў дзяржаў - удзельніц СНД, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яны могуць ставіць перад кіраўніцтвам Беларусі любыя задачы ў рамках дзейнасці саміту, і запэўніў, што беларускі бок гатовы вырашаць любыя з іх.

Актывізацыя эканамічнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД з'яўляецца асновай росту дабрабыту народаў Садружнасці, паведаміла Прэм'ер-міністр Украіны Юлія Цімашэнка. Яна адзначыла, што гэты прыярытэт вызначаны на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у мінулым годзе.

На гэтым СКУ неабходна падвесці вынікі, падпісаць запланаваныя дакументы і намеціць планы развіцця СНД на будучае, сказала Прэм'ер-міністр Украіны.

Год таму, калі Украіна стала старшынствуючай краінай у Савеце Кіраўнікоў урадаў дзяржаў СНД, упершыню была прынята праграма гэтага старшынства, якая робіць краіну генератарам рухаючай сілы ў дасягненні пастаўленых у Садружнасці задач.

Юлія Цімашэнка адзначыла высокі ўзровень падрыхтоўчай работы да пасяджэння СКУ СНД у Мінску і выказала ўдзячнасць Прэзідэнту Беларусі за аказаную падтрымку.

Краінам СНД неабходна больш актыўна выкарыстоўваць магчымасці па ўзаемнаму інвесціраванню. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі сёння на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў у Мінску.

На яго думку, гэтыя магчымасці выкарыстоўваюцца далёка не поўнасцю. "А эканомікі ж нашых дзяржаў фарміраваліся ў рамках адзінага народнагаспадарчага комплексу, і таму ў значнай ступені ўзаемадапаўняльныя", - падкрэсліў Сяргей Сідорскі.

Прэм'ер-міністр адзначыў, што ў 2007 годзе ў краінах СНД складвалася даволі спрыяльная эканамічная сітуацыя. ВУП у сярэднім па Садружнасці павялічыўся на 9 працэнтаў, вытворчасць прамысловай прадукцыі - на 7 працэнтаў, інвестыцыі ў асноўны капітал - больш як на 20 працэнтаў, рознічны тавараабарот - на 16-18 працэнтаў.

Высокія тэмпы эканамічнага развіцця забяспечылі паскарэнне росту рэальнай заработнай платы, даходаў і зберажэнняў насельніцтва.

Разам з тым эканамічны рост практычна ва ўсіх краінах СНД суправаджаўся павелічэннем інфляцыі, а ў шэрагу дзяржаў у 2007 годзе яна была самая высокая з 2000 года. Асабліва павялічыліся цэны на прадукты харчавання, што звязана з ростам сусветных цэн на іх, скарачэннем іх імпарту і недастатковым аб'ёмам айчыннай вытворчасці, канстатаваў Кіраўнік беларускага Урада.

Распрацоўку стратэгіі эканамічнага развіцця Садружнасці неабходна завяршыць у бліжэйшы час. На думку Прэм'ер-міністра Беларусі, стварыць эфектыўную структуру Садружнасці дасць магчымасць аптымізацыя дзейнасці галіновых органаў СНД, уключаючы скасаванне фармальна існуючых і аб'яднанне органаў з падобнымі задачамі.

"Без фарміравання адзінай міждзяржаўнай інавацыйнай прасторы і рынку высокіх тэхналогій разам з актыўным выкарыстаннем прыкладных навуковых даследаванняў і распрацовак мы не зможам забяспечыць дынаміку эканамічнага росту і стварыць эфектыўную канкурэнтаздольную эканоміку Садружнасці", - падкрэсліў ён.

Сяргей Сідорскі лічыць важным у бліжэйшы час вызначыць перспектывы развіцця двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін, выпрацаваць "кропкавыя" ўзаемавыгадныя праекты і садзейнічаць іх рэалізацыі. Пры гэтым ён асабліва выдзеліў падрыхтоўку і рэалізацыю праектаў у галіне прамысловасці, транспарту, энергетыкі.

Акрамя таго, паводле слоў Кіраўніка беларускага Урада, з развіццём інавацыйнай сферы ў краінах Садружнасці ўсё большую актуальнасць мае работа па абароне інтэлектуальнай уласнасці.

Прэм'ер-міністр Беларусі выказаў упэўненасць у тым, што прынятыя па выніках пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў СНД рашэнні паслужаць умацаванню гандлёва-эканамічных сувязей паміж краінамі, закладуць аснову для далейшых дзеянняў па самаму шырокаму спектру напрамкаў супрацоўніцтва.

У цэлым ён падкрэсліў, што для Беларусі пашырэнне супрацоўніцтва ў рамках СНД з'яўляецца адным з прыярытэтных знешнепалітычных і знешнеэканамічных арыенціраў. "Садружнасць адыгрывае значную ролю ва ўмацаванні ўзаемадзеяння нашых суверэнных дзяржаў у розных галінах, аднак асноўным напрамкам рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў з'яўляецца эканамічная сфера", - сказаў Сяргей Сідорскі. Ён таксама адзначыў, што павышэнне канкурэнтаздольнасці эканомік краін СНД, актывізацыя інвестыцыйнай дзейнасці, пашырэнне і дыверсіфікацыя экспарту, імкненне рухацца па інавацыйнаму шляху развіцця будуць асновай устойлівага эканамічнага росту краін Садружнасці.

Увядзенне поўнамаштабнага рэжыму свабоднага гандлю паміж краінамі СНД павінна стаць асновай для збліжэння нацыянальных эканомік краін Садружнасці. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі.

Ён падкрэсліў, што ў мінулым годзе ва ўсіх краінах Садружнасці ўзрос агульны аб'ём знешнегандлёвага абароту. На працягу 2007 года рост узаемнага гандлю таварамі ў СНД апярэджваў рост гандлю з іншымі краінамі свету. "Як вынік - у краінах СНД узрасла ўдзельная вага ўзаемнага гандлю ў агульным аб'ёме экспартна-імпартных аперацый Садружнасці", - сказаў Сяргей Сідорскі.

Рашэнні Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў - удзельніц СНД у Мінску паслужаць далейшаму ўмацаванню шматбаковага супрацоўніцтва краін Садружнасці, заявіла Прэм'ер-міністр Украіны Юлія Цімашэнка сёння на пасяджэнні СКУ.

"За мінулы год ва Украіне адбыліся змяненні ў заканадаўчай і выканаўчай уладзе, але ў знешняй палітыцы, асабліва ў супрацоўніцтве ў рамках Садружнасці, мы заўсёды выступаем за актывізацыю развіцця эканамічных сувязей", - падкрэсліла Юлія Цімашэнка. Год таму, калі Украіна прыняла старшынства ў Савеце кіраўнікоў урадаў СНД, упершыню была абвешчана праграма старшынства. "Спадзяюся, што з часам праграмы старшынства ў СНД стануць праграмамі Садружнасці ў цэлым", - сказала яна.

"Вельмі добра, што большасць нашых прапаноў улічана ў Канцэпцыі далейшага развіцця СНД і плане асноўных мерапрыемстваў па яе рэалізацыі. Мы спадзяёмся, што яны атрымаюць развіццё ў наступных дакументах Садружнасці", - падкрэсліла Прэм'ер-міністр Украіны.

Юлія Цімашэнка падзякавала ўдзельнікам пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў СНД за гатоўнасць да далейшага развіцця супрацоўніцтва ў фармаце СНД. "Пытанні, якія разглядаюцца сёння, і прынятыя па іх рашэнні паслужаць далейшаму ўмацаванню шматбаковага супрацоўніцтва ў рамках СНД, развіццю эканомік нашых краін і росту дабрабыту грамадзян", - падкрэсліла яна.

Беларусь гатова падзяліцца з іншымі краінамі СНД вопытам у барацьбе з нелегальнай міграцыяй. Аб гэтым, падводзячы вынікі праведзенага сёння ў Мінску пасяджэння Савета Кіраўнікоў урадаў дзяржаў СНД, паведаміў журналістам Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі.

Закранаючы пытанне правядзення ўзгодненай міграцыйнай палітыкі ў СНД, Сяргей Сідорскі адзначыў, што праз Беларусь праходзяць галоўныя транспартныя артэрыі Садружнасці. "Мы актыўна змагаемся з нелегальнай міграцыяй, нягледзячы на тое, што для краіны гэта дорага каштуе", - сказаў Сяргей Сідорскі.

У Мінску створаны міжнародны вучэбны цэнтр па павышэнню кваліфікацыі, перападрыхтоўцы кадраў у сферы міграцыі і процідзеяння гандлю людзьмі. Паводле слоў прэм'ер-міністра, прыняцце ў Беларусі канцэпцыі міграцыйнай палітыкі дасць магчымасць прывесці гэты працэс у кіруемую форму. Сяргей Сідорскі праінфармаваў, што "нашы намаганні ў гэтым напрамку даюць рэальны вынік", і таму яны могуць быць выкарыстаны іншымі краінамі СНД.

Прыняцце рашэння аб прысваенні цэнтру статусу базавай арганізацыі па адпаведнай падрыхтоўцы спецыялістаў краін СНД дасць магчымасць больш актыўна задзейнічаць міжнародны патэнцыял у сферы барацьбы з нелегальнай міграцыяй, падкрэсліў беларускі Прэм'ер.

Краіны СНД павінны каардынаваць пытанні забеспячэння харчовай бяспекі, заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі. Ён адзначыў, што ў СНД трэба выпрацаваць сумесныя меры па вырашэнню гэтага важнага пытання. "Сёння дзейнічаюць знешнія рычагі, якія падштурхоўваюць краіны Садружнасці да прыняцця рашэнняў унутры дзяржаў па павышэнню цэн на тавары, якія яны атрымліваюць з-за мяжы, і тыя тавары, якія з'яўляюцца экспартным патэнцыялам", - сказаў Сяргей Сідорскі. У прыватнасці, гэта праблема датычыцца Расіі, Казахстана - буйнейшых экспарцёраў збожжа не толькі ў краіны Садружнасці, але і на сусветным рынку. "Безумоўна, мы павінны каардынаваць пытанні харчовай бяспекі", - падкрэсліў прэм'ер-міністр Беларусі.

Паводле слоў Сяргея Сідорскага, створана адпаведная рабочая група, якая падрыхтуе дакумент па гэтых пытаннях для прадстаўлення на разгляд Кіраўнікоў дзяржаў у лістападзе гэтага года.

Праект стратэгіі эканамічнага развіцця Садружнасці Незалежных Дзяржаў да 2020 года будзе прадстаўлены на разгляд Кіраўнікоў дзяржаў СНД у лістападзе, -- паведаміў журналістам Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі па выніках пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў СНД у Мінску.

"Сёння мы разгледзелі падыходы і структуру стратэгіі. Напаўненне дакумента зместам будзе залежаць ад ініцыятыўнай работы Выканаўчага камітэта СНД", - адзначыў Сяргей Сідорскі. Разам з тым Беларусь унесла прапанову аб тым, каб актыўны ўдзел у распрацоўцы стратэгіі па асобных напрамках прымалі намеснікі міністраў краін СНД.

"На працягу часу, які застаўся, нам неабходна зрабіць сістэмны, добры дакумент, таму трэба будзе актыўна папрацаваць", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр Беларусі.

Як адзначыў Сяргей Сідорскі, ключавымі напрамкамі ў рамках стратэгіі павінны быць супрацоўніцтва ў транспартнай сферы, а таксама пытанні забеспячэння харчовай бяспекі краін СНД.

Энергетычныя пытанні ў СНД трэба вырашаць з пазіцый XXI стагоддзя, падкрэсліў Прэм'ер-міністр Беларусі. Паводле яго слоў, важна не замыкацца толькі на традыцыйных крыніцах - нафце і газе, а выкарыстоўваць таксама альтэрнатыўныя і аднаўляльныя крыніцы энергіі.

Сяргей Сідорскі адзначыў, што наступны год у СНД аб'яўлены Годам энергетыкі. Энергетычны складальнік важны для эканомікі кожнай з краін Садружнасці. "Пры гэтым мы гаворым не толькі аб тых крыніцах энергіі, якія з'яўляюцца традыцыйнымі для нашых дзяржаў, але і аб тэхналогіях, якія могуць забяспечыць іх замяшчэнне", - сказаў Прэм'ер-міністр. Паводле яго слоў, у Садружнасці "неабходна стварыць праграму, якая будзе ўключаць адпаведны раздзел".

Кіраўнік урада падкрэсліў, што за апошнія 5 гадоў Беларусь прыбаўляе ў аб'ёме вытворчасці і росце ВУП на 8-10 працэнтаў у год без павелічэння спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў. Энергаёмістасць ВУП штогод зніжаецца на 7-8 працэнтаў. Вопыт рэспублікі будзе карысны таксама для іншых дзяржаў Садружнасці, лічыць беларускі Прэм'ер-міністр.

Наступнае пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў адбудзецца ў канцы кастрычніка ў Кішынёве. У цэлым, паводле слоў Сяргея Сідорскага, на пасяджэнні было разгледжана 20 пытанняў. Практычна ўсе яны датычыліся эканамічнага супрацоўніцтва краін СНД. У прыватнасці, разгледжаны перспектывы ўзаемадзеяння дзяржаў у транспартнай, энергетычнай сферах.

Асаблівая ўвага была ўдзелена ходу выканання даручэнняў Савета Кіраўнікоў дзяржаў СНД ад 5 кастрычніка 2007 года і Савета кіраўнікоў урадаў СНД ад 22 лістапада 2007 года па выпрацоўцы праекта Стратэгіі эканамічнага развіцця Садружнасці, прапаноў у сферы ўзгодненай транспартнай палітыкі і падрыхтоўцы комплексу сумесных мер па павышэнню харчовай бяспекі дзяржаў - удзельніц СНД.

Разгледжаны таксама праект Канвенцыі аб прыгранічным супрацоўніцтве. Гэта адзін з нарматыўных прававых актаў для фарміравання прававога поля прыгранічнага супрацоўніцтва краін СНД.

Акрамя таго, Кіраўнікі ўрадаў дзяржаў Садружнасці абмеркавалі праект плана асноўных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да святкавання 65-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Канвенцыю аб прававым статусе працоўных-мігрантаў і членаў іх сем'яў у дзяржавах - удзельніцах Садружнасці і іншыя пытанні.