Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 20.05.2008

Механізм спагнання сродкаў з нядбайных бацькоў неабходна ўдасканаліць

Механізм спагнання сродкаў з нядбайных бацькоў неабходна ўдасканаліць

У Беларусі неабходна ўдасканаліць меры па спагнанню сродкаў з нядбайных бацькоў, абавязаных кампенсаваць расходы дзяржаве на ўтрыманне іх дзяцей. Аб гэтым сёння на сумесным пасяджэнні Прэзідыума Саўміна і калегіі Адміністрацыі Прэзідэнта паведаміў Прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі. На пасяджэнні разглядаўся ход рэалізацыі дэкрэта нумар 18 "Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдалых сем'ях". Сума запазычанасці гора-бацькоў перад дзяржавай складае Br53 млрд. "Пятая частка абавязаных асоб не плаціць ні капейкі", - сказаў Сяргей Сідорскі.

Існуюць таксама праблемы з забеспячэннем узроўню аплаты працы абавязаных асоб, які даваў бы ім магчымасць у поўным аб'ёме выплачваць неабходныя сумы на ўтрыманне дзяцей. Паводле слоў прэм'ер-міністра, амаль 5,5 тыс. чалавек ухіляюцца ад кампенсацыі сродкаў, 1,1 тыс. - аб'яўлены ў вышук.

Кіраўнік Урада звярнуў увагу на неабходнасць стварэння адзінага банка даных дзяцей і бацькоў, у які былі б уключаны ўсе звесткі аб няўдалых сем'ях, дзецях, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, аб абавязаных асобах. На думку Сяргея Сідорскага, "вузкаведамасныя падыходы да рэалізацыі дэкрэта не садзейнічаюць яго эфектыўнасці".

"Неабходна не толькі абараніць дзяцей ад дрэннага сямейнага становішча, забяспечыць рэалізацыю іх правоў, але і стварыць умовы, пры якіх нядбайныя бацькі не змогуць ухіляцца ад выканання сваіх абавязкаў", - рэзюмаваў Прэм'ер-міністр.

Як заявіў сёння на сумесным пасяджэнні Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Генадзь Нявыглас, у Беларусі захоўваецца нізкі працэнт кампенсацыі сродкаў нядбайнымі бацькамі.

Сярод іншых праблем, якія выяўлены ў ходзе рэалізацыі Дэкрэта, Генадзь Нявыглас назваў ухіленне гора-бацькоў ад працаўладкавання і работы, адсутнасць у іх прафесійных навыкаў і матывацыі да працы, а таксама ўзровень заработнай платы, які не дае магчымасці выконваць свае абавязацельствы перад дзяржавай у поўным аб'ёме. Акрамя таго, не забяспечваецца рацыянальнае выкарыстанне часова свабоднага жылля, замацаванага за сацыяльнымі сіротамі. Такія памяшканні неабходна здаваць па дагаворы найму (паднайму) у якасці атрымання дадатковай крыніцы сродкаў для кампенсацыі расходаў па ўтрыманню дзяцей. Дарэчы, паводле інфармацыі Мінюста, у рэспубліцы здадзена толькі 36 памяшканняў.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў, што Дэкрэт нумар 18 замацаваў беспрэцэдэнтныя меры па абароне правоў дзяцей, узмацненню адказнасці бацькоў, прафілактыцы сацыяльнага недабрабыту. Гэты дакумент не мае аналагаў, падкрэсліў Генадзь Нявыглас. За час яго рэалізацыі ўдалося дасягнуць станоўчых вынікаў. Так, 48 працэнтаў дзяцей вернуты ў свае сем'і, многія бацькі адноўлены ў сваіх бацькоўскіх правах.

Міністэрства юстыцыі Беларусі прапануе ўстанавіць адміністрацыйную адказнасць бацькоў за злоснае невыкананне імі абавязкаў па выхоўванню непаўналетніх дзяцей. Аб гэтым паведаміў міністр юстыцыі Віктар Галаванаў на сумесным пасяджэнні Прэзідыума Саўміна і калегіі Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.

Практыка рэалізацыі Дэкрэта паказала абгрунтаванасць падыходаў да работы з няўдалымі сем'ямі. У рэспубліцы створана абстаноўка нецярпімасці да тых, хто кінуў сваіх дзяцей. На прафілактычны ўлік узяты ўсе праблемныя сем'і. Павысілася зладжанасць у рабоце ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў. Намецілася тэндэнцыя да вяртання дзяцей у сем'і пасля прафілактычных мерапрыемстваў. Аднак, падкрэсліў Віктар Галаванаў, неабходна далейшае ўдасканаленне палажэнняў дэкрэта нумар 18 у мэтах дасягнення больш эфектыўных вынікаў.

Паводле слоў міністра, прапануецца больш выкарыстоўваць магчымасці накіравання абавязаных асоб у лячэбна-працоўныя прафілакторыі як для іх выхавання і лячэння, так і для павышэння ўзроўню спагнання. Трэба таксама дакладна вызначыць, калі абавязаная асоба можа быць вызвалена ад выплаты запазычанасці па кампенсацыі расходаў на ўтрыманне дзяцей, прадугледзець такую магчымасць для тых абавязаных асоб, якім дзеці былі вернуты па рашэнню камісіі па справах непаўналетніх. Мінюст лічыць неабходным урэгуляваць і пытанні спагнання расходаў з непрацаздольных грамадзян (пенсіянераў, інвалідаў першай і другой групы), прадугледзеўшы магчымасць вызвалення іх ад кампенсацыі расходаў.

Згодна з судовымі пастановамі кампенсаваць расходы на ўтрыманне дзяцей абавязаны 25 759 чалавек. Ухіляюцца ад кампенсацыі расходаў 5 555 гора-бацькоў. У папраўчых калоніях, следчых ізалятарах, турмах, папраўчых установах адкрытага тыпу, ЛПП знаходзяцца 2 746 чалавек, у вышуку - 1 134 чалавекі. Паводле слоў Віктара Галаванава, знаходжанне абавязаных асоб у вышуку, нізкая заработная плата працаўладкаваных гора-бацькоў, адмова ад работы - асноўныя фактары, якія ўплываюць на рэзультатыўнасць дзейнасці судовых выканаўцаў па спагнанню з нядбайных бацькоў расходаў па ўтрыманню дзяцей на дзяржзабеспячэнні.