Бюджэт Беларусі 2009 года павінен захаваць сацыяльную накіраванасць


Бюджэт Беларусі 2009 года павінен захаваць сацыяльную накіраванасць

Бюджэт Беларусі 2009 года павінен захаваць сацыяльную накіраванасць. Аб гэтым заявіў сёння Прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, на якім разглядаўся праект асноўных напрамкаў бюджэтна-падатковай палітыкі Беларусі на 2009 год і на перыяд да 2010 года.

"Бюджэт 2009 года павінен быць сацыяльна арыентаваны. Фінансаванне па артыкулах падтрымкі пенсіянераў, інвалідаў, удзельнікаў усіх войнаў, праграм падтрымкі дзяцей, мацярынства, развіцця аховы здароўя павінна быць на ўзроўні, не ніжэйшым за параметры 2008 года", - адзначыў Сяргей Сідорскі. З гэтай мэтай плануецца мінімізаваць асобныя расходы бюджэту.

"Частка сродкаў павінна зарабляцца міністэрствамі і ведамствамі самастойна. Поўнасцю спадзявацца на бюджэт не трэба", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр.

Ён нагадаў, што Прэзідэнт Беларусі даў шэраг даручэнняў па падрыхтоўцы найважнейшых дакументаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. У прыватнасці, ім пастаўлена задача не зніжаць тэмпы эканамічнага развіцця на бліжэйшыя гады. У сувязі з гэтым Міністэрству эканомікі дадзена заданне закласці прагнозныя параметры да 2011 года, якія значна перавышаюць цяперашні ўзровень. Таксама пастаўлена задача выйсці на павышаны паказчык сярэдняй заработнай платы ў краіне - не ніжэй як $700 у эквіваленце да канца 2010 года.

Акрамя таго, апошнім часам на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы прынята нямала дакументаў, накіраваных на развіццё бізнесу ў малых і сярэдніх гарадах. Пры распрацоўцы бюджэту на 2009 год неабходна ўлічыць, што грошы, якія зарабляе эканоміка ў гэтых гарадах, павінны заставацца на развіццё рэгіёнаў, падкрэсліў Сяргей Сідорскі.

Як паведаміў першы намеснік міністра фінансаў Андрэй Харкавец, дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту Беларусі ў 2009 годзе плануецца на ўзроўні 1,1 працэнта да ВУП. Даходы кансалідаванага бюджэту (з улікам мэтавых бюджэтных фондаў) ацэньваюцца ў Br49,8 трлн., расходы - Br51,6 трлн. Дэфіцыт бюджэту складзе Br1,8 трлн., або 1,1 працэнта да ВУП.

Як падкрэсліў Андрэй Харкавец, фінансаванне дэфіцыту рэспубліканскага бюджэту плануецца ажыццяўляць за кошт знешніх і ўнутраных дзяржаўных пазык.

Сярэднямесячная заработная плата ў Беларусі да канца 2009 года можа скласці $550 у эквіваленце -- . заявіў першы намеснік міністра фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў. Плануецца, што да канца 2010 года заработная плата ўзрасце да $700 у эквіваленце. Адначасова будзе забяспечаны адпаведны рост сацыяльных трансфертаў насельніцтву (бюджэтных пенсій, стыпендый, дзяржаўных дапамог).

Паводле слоў Андрэя Харкаўца, бюджэт 2009 года захавае існуючую структуру даходаў і забяспечыць неабходную фінансавую падтрымку для ажыццяўлення дзяржрасходаў. Акрамя росту заработнай платы ў бюджэтнай сферы асноўным напрамкам у галіне расходаў у бліжэйшыя гады будзе жорсткая пазіцыя адносна ўтрымання бюджэтных арганізацый, а таксама карэкціроўка форм дзяржаўнай падтрымкі рэальнага сектара эканомікі. У прыватнасці, Мінфін лічыць неабходным скараціць прамую дзяржпадтрымку прадпрыемстваў з бюджэту ў форме фінансавай дапамогі, бюджэтных пазык на карысць ускоснай дзяржпадтрымкі ў выглядзе льгатавання працэнтаў па крэдытах.

Плануецца, што доля сацыяльных расходаў у структуры бюджэту ўзрасце з 61 працэнта ў 2008 годзе да 64 працэнтаў у 2009-м. Будуць забяспечаны больш высокія ў параўнанні з іншымі расходы на фінансаванне асноўных галін сацыяльнай сферы (ахова здароўя і адукацыя).

Надрукавана з сайта www.government.by
Адрас публікацыі http://www.government.by/be/content/2807
надрукаваць