Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 15.05.2008

Да распрацоўкі праграм навучання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця трэба падключыць беларускіх праграмістаў


Да распрацоўкі праграм навучання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця трэба падключыць беларускіх праграмістаў

Беларускіх маладых праграмістаў неабходна падключыць да распрацоўкі камп'ютэрных праграм для навучання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, заявіў сёння на выязным пасяджэнні нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці "Адукацыйная інтэграцыя і сацыяльная адаптацыя дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі" віцэ-прэм'ер Беларусі Аляксандр Косінец.

Аляксандр Косінец падкрэсліў, што дзяржава траціць значныя сродкі на набыццё замежнага праграмнага забеспячэння для работы, навучання і развіцця дзяцей з парушэннем слыху, зроку і інш. "А ў Беларусі вельмі шмат таленавітых маладых спецыялістаў, якія самі могуць стварыць лепшае ў свеце праграмнае забеспячэнне для нашых дзяцей", - сказаў віцэ-прэм'ер.

Паводле яго слоў, навучальным установам, навуковым арганізацыям, міністэрству адукацыі неабходна праводзіць сярод таленавітай моладзі конкурсы на распрацоўку праграмнага прадукту. Заахвочваннем можа быць аўтарская прэмія, а таксама дазвол на ўвядзенне праграмы ў вучэбны працэс. "Ствараць безбар'ернае асяроддзе трэба зыходзячы з інтарэсаў і запытаў кожнага дзіцяці", - рэзюміраваў Аляксандр Косінец.