Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 13.05.2008

У Мінску адбылося пасяджэнне рабочай групы Савета дзелавога супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь Санкт-Пецярбурга


У Мінску адбылося пасяджэнне рабочай групы Савета дзелавога супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь Санкт-Пецярбурга

Тавараабарот Беларусі і Санкт-Пецярбурга ў 2008 годзе можа дасягнуць $2 млрд., паведаміў Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Андрэй Кабякоў сёння на пасяджэнні рабочай групы Савета дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Санкт-Пецярбурга ў Мінску.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што за студзень-люты гэтага года тавараабарот паміж бакамі ўзрос амаль у 1,5 раза і дасягнуў 5 млрд. расійскіх рублёў, або больш як $210 млн. "Такая дынаміка нас больш як задавальняе", - адзначыў віцэ-прэм'ер.

На яго думку, штоквартальныя сустрэчы ў рамках рабочай групы Савета дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Санкт-Пецярбурга прызначаны садзейнічаць паскоранаму развіццю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Рэгулярны характар правядзення пасяджэнняў дае магчымасць аператыўна вырашаць канкрэтныя задачы.

У сваю чаргу віцэ-губернатар Санкт-Пецярбурга Міхаіл Асяеўскі адзначыў, што ў Беларусі і Санкт-Пецярбурга ёсць добрая аснова для нарошчвання эканамічнага патэнцыялу супрацоўніцтва, і ў гэтым зацікаўлены абодва бакі.

Паводле яго слоў, тавараабарот паміж Санкт-Пецярбургам і Беларуссю дынамічна развіваецца. "Упершыню ў гэтым годзе для Санкт-Пецярбурга закуплена 60 тралейбусаў, зробленых у Беларусі", - адзначыў Міхаіл Асяеўскі. Ён таксама выказаў упэўненасць, што гэта тэндэнцыя захаваецца. "Кожны раз мы прыязджаем у Беларусь, як да сябе дадому, нас звязваюць добрыя, таварыскія адносіны", - падкрэсліў віцэ-губернатар.

Усяго на пасяджэнні рабочай групы Савета дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Санкт-Пецярбурга было разгледжана 12 пытанняў. Па выніках абмеркавання Камітэту эканамічнага развіцця, прамысловай палітыкі і гандлю Санкт-Пецярбурга і Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі даручана распрацаваць прапановы па наменклатуры і аб'ёмах паставак харчовых тавараў з Беларусі ў Санкт-Пецярбург на 2008 год.

Разгледжана канцэпцыя адкрыцця рознічнай сеткі з 50 беларускіх прадуктовых магазінаў у Санкт-Пецярбургу. Бакі таксама дамовіліся правесці ў 2009 годзе Дні культуры Санкт-Пецярбурга ў Беларусі і ў 2010 годзе Дні культуры Беларусі ў Санкт-Пецярбургу.

Акрамя гэтага, было прынята рашэнне распрацаваць да верасня 2008 года сумесную праграму развіцця супрацоўніцтва навуковых арганізацый і ўстаноў Беларусі і Санкт-Пецярбурга ў навуковай сферы на 2009-2011 гады.

Бакі абмеркавалі магчымасці развіцця супрацоўніцтва паміж ААТ "Звязда" і аб'яднаннем "Беларуская чыгунка". Імі, у прыватнасці, рыхтуецца да падпісання сумесны пратакол аб развіцці супрацоўніцтва на 2008-2010 гады, які датычыцца абнаўлення парку рухомага саставу дызель-паяздоў у адпаведнасці з праграмай развіцця Беларускай чыгункі да 2010 года.

Зацікаўленасць у развіцці далейшага супрацоўніцтва выказалі таксама ЗАТ "Завод імя Казіцкага" і ААТ "Гарызонт". Прадугледжваецца стварэнне ў Беларусі вытворчасці перадатчыкаў для лічбавага тэлевяшчання.

Таксама плануецца стварэнне сумеснага расійска-беларускага цэнтра па мікрасістэматэхніцы ў рамках саюзнай праграмы "Распрацоўка і стварэнне новага пакалення мікрасістэматэхнікі і уніфікаваных сістэм двайных прызначэнняў на яе аснове" на 2009-2012 гады.

На пасяджэнні бакі канстатавалі паспяховае завяршэнне эксплуатацыйных выпрабаванняў самазвала "БелАЗ" грузапад'ёмнасцю 136 т з прыводам вытворчасці ААТ "Сілавыя машыны". Прынята рашэнне аб выпуску доследна-прамысловай партыі кар'ерных самазвалаў "БелАЗ" з новым прыводам. Акрамя гэтага, ААТ "Сілавыя машыны" мае намер прыняць удзел у таргах па закупцы паравой турбаўстаноўкі для энергаблока нумар 5 Бярозаўскай ДРЭС і ў конкурсе па закупцы парагазавай устаноўкі для Мінскай ЦЭЦ-5.

Разгледжаны таксама магчымасці сумеснай вытворчасці тралейбусаў ВА "БелаўтаМАЗ" і групы кампаній "Палітроніка".

Беларусь зацікаўлена ў развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Санкт-Пецярбургам. Аб гэтым заявіў сёння журналістам Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Андрэй Кабякоў па выніках пасяджэння рабочай групы Савета дзелавога супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Санкт-Пецярбурга.

Паводле слоў віцэ-губернатара Санкт-Пецярбурга Міхаіла Асяеўскага, Санкт-Пецярбургу цікавы вопыт Беларусі ў частцы будаўніцтва спартыўных збудаванняў. Гэты расійскі горад таксама мае намер павялічыць закупкі беларускай сельгаспрадукцыі, у прыватнасці, жыта.

Акрамя таго, абмеркаваны магчымасці пашырэння чыгуначных зносін паміж гарадамі Беларусі і Санкт-Пецярбургам (пасажырскія і грузаперавозкі).

Паводле ацэнкі Андрэя Кабякова, меры, якія прымаюцца па нарошчванню гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, даюць магчымасць зрабіць вывад, што дасягненне тавараабароту па выніках 2008 года ў памеры $2 млрд. цалкам рэальна.

Бакі дамовіліся правесці чарговае пасяджэнне рабочай групы Савета дзелавога супрацоўніцтва ў кастрычніку 2008 года ў Санкт-Пецярбургу.