Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 23.04.2008

Расія застаецца для Беларусі галоўным гандлёвым партнёрам


Расія застаецца для Беларусі галоўным гандлёвым партнёрам

Расія застаецца для Беларусі галоўным партнёрам у гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве - заявіў сёння Першы намеснiк Прэм'ер-мiнiстра Беларусі Уладзімір Сямашка на беларуска-расійскім бізнес-форуме ў Мінску.

Ён адзначыў, што ў 2008 годзе тавараабарот паміж дзвюма краінамі можа вырасці да $34-35 млрд. Па выніках першага квартала гэтага года тэмп росту гандлю паміж Беларуссю і Расіяй склаў 170 працэнтаў да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года. У 2007 годзе тавараабарот Беларусі і Расіі дасягнуў $26 млрд.

Паводле слоў Уладзіміра Сямашкі, паміж дзвюма краінамі склаўся пэўны алгарытм адносін у эканоміцы. Рэалізацыя саюзных праграм дала магчымасць захаваць цэлыя галіны ў эканоміках дзвюх дзяржаў. Калі для Беларусі Расія - асноўны рынак для экспарту і куплі сыравіны, то для Расіі Беларусь - важнейшы транспартны і транзітны калідор.

Першы віцэ-прэм'ер Беларусі адзначыў таксама важнасць стратэгічнага інтэграцыйнага развіцця дзвюх краін. У Беларусі актыўна вядзецца мадэрнізацыя дзеючай вытворчасці, рэалізуюцца інавацыйныя праекты. Амаль 60 працэнтаў валавога ўнутранага прадукту экспартуецца, у тым ліку ў Расію (у першым квартале гэтага года - 49,7 працэнта ВУП).

Уладзімір Сямашка падкрэсліў важнасць прыцягнення інвестыцый у эканоміку Беларусі. Цяпер патрэбнасці рэспублікі ў інвестыцыях ацэньваюцца ў аб'ёме $37 млрд. У сувязі з гэтым інтарэс да расійскіх партнёраў у Беларусі расце.

Ён высока ацаніў значэнне беларуска-расійскага эканамічнага форуму, першага ў гісторыі Саюзнай дзяржавы, арганізаванага гандлёва-прамысловымі палатамі Беларусі і Расіі. "Мы не можам не радавацца поспехам Расіі - нашага саюзніка і партнёра, - сказаў першы віцэ-прэм'ер. - Не сакрэт, што ў многім справы беларускіх прамыслоўцаў залежаць ад таго, як ідзе работа ў Расіі". Уладзімір Сямашка перакананы, што праводзімы ў Мінску бізнес-форум дасць магчымасць наладзіць новыя і ўмацаваць дзеючыя кантакты паміж краінамі, павысіць канкурэнтаздольнасць эканомік, больш актыўна развіваць інвестыцыйнае супрацоўніцтва.

У Беларусі дзейнічаюць больш за тысячу сумесных прадпрыемстваў з расійскім капіталам, або 25 працэнтаў ад усёй колькасці СП з замежным капіталам у Беларусі -- паведаміў Першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка пад час беларуска-расійскага бізнес-форуме.

"Расія лідзіруе па колькасці створаных у Беларусі сумесных прадпрыемстваў", - адзначыў Уладзімір Сямашка. Усяго ў рэспубліцы дзейнічаюць 4 тыс. СП з 90 краін. У тым ліку створана 500 сумесных прадпрыемстваў з інвестыцыямі з ЗША, 360 - з Германіі, 330 - з Польшчы. У цэлым патрэбнасці Беларусі ў інвестыцыях ацэньваюцца ў аб'ёме $37 млрд.

Тым часам, Уладзімір Сямашка падкрэслiў -- беларускія прадпрыемствы плацяць за расійскі газ каля $150 за тысячу кубаметраў. Цана 1 кВт.гадз электраэнергіі складае 10,54 цэнта, 1 Гкал - $27-28. Такім чынам, для беларускіх суб'ектаў гаспадарання кошт энерганосьбітаў вышэйшы, чым для спажыўцоў у Смаленскай вобласці, у два разы.

Беларусь імпартуе 85 працэнтаў энерганосьбітаў. "Таму пытанне энергаэфектыўнасці для нас надзвычай важнае, і мы вітаем прыцягненне інвестыцый у энергетычную галіну", - падкрэсліў Уладзімір Сямашка.

Ён таксама паведаміў, што ў гэтым напрамку ў Беларусі ўжо дасягнуты станоўчыя вынікі. Так, у 2007 годзе тэмп росту ВУП у параўнанні з 1995 годам склаў 223 працэнты, у той час як тэмп росту выкарыстання энерганосьбітаў - 105,6 працэнта. Гэта значыць, фактычна падвоіўшы ВУП, удалося стрымаць павелічэнне спажывання энерганосьбітаў, падкрэсліў Уладзімір Сямашка.

Беларусь плануе ў перспектыве прыцягваць прыватныя інвестыцыі ў электраэнергетыку. Аб гэтым сёння заявіў Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка на беларуска-расійскім бізнес-форуме ў Мінску.

Ён адзначыў, што цяпер у рэспубліцы рыхтуецца адразу некалькі праектаў законаў у галіне энергетыкі. Гэта законы аб электраэнергетыцы, выкарыстанні атамнай энергіі і выкарыстанні энергакрыніц на аднаўляльных і мясцовых відах паліва. "Да канца бягучага - пачатку наступнага года гэтыя праекты ператворацца ў законы", - сказаў Уладзімір Сямашка.

Цяпер электраэнергетыка Беларусі поўнасцю дзяржаўная. З прыняццем закона аб электраэнергетыцы электрастанцыі змогуць стаць аб'ектамі ўкладання прыватнага капіталу. Адкрываюцца і новыя перспектывы для прыцягнення сродкаў расійскага бізнесу, дадаў Уладзімір Сямашка.

Прыярытэтным напрамкам з'яўляецца таксама будаўніцтва аб'ектаў на аднаўляльных мясцовых відах паліва. Каб забяспечыць акупнасць такіх праектаў, плануюцца прэферэнцыі, у прыватнасці, прадастаўленне на 7 гадоў ільгот у выглядзе спецыяльнага тарыфу на закупку электраэнергіі і іншыя.