Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 22.04.2008

На пасяджэнні Савета Міністраў абмяркоўваліся вынікі работы эканомікі Беларусі ў першым квартале 2008 года

На пасяджэнні Савета Міністраў абмяркоўваліся вынікі работы эканомікі Беларусі ў першым квартале 2008 года

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі крытыкаваў валаўтваральныя прадпрыемствы, якія дапусцілі зніжэнне аб'ёмаў вытворчасці. Аб гэтым ён заявіў сёння на пасяджэнні Савета Міністраў, дзе абмяркоўваліся вынікі работы эканомікі Беларусі ў першым квартале 2008 года. Ён адзначыў, што са 166 валаўтваральных прадпрыемстваў 13 дапусцілі зніжэнне вытворчасці. Кіраўнік урада нагадаў, што гэтыя прадпрыемствы забяспечваюць асноўны рост ВУП, таму змяншэнне вытворчасці тут недапушчальна. Сяргей Сідорскі таксама паведаміў, што з ліку прадпрыемстваў, якія стаяць на кантролі Урада, 13 стратныя.

"Гэта буйныя прадпрыемствы, а міністэрствы прадаўжаюць ігнараваць рашэнне ўрада па адсочванню канкрэтнай работы гэтых заводаў, у прыватнасці, як яны выконваюць бізнес-планы", - сказаў Прэм'ер-міністр. "Чым займаюцца канкрэтныя чыноўнікі ў гэтых міністэрствах? Чаму кіраўніцтва ведамстваў не наведвае стратныя прадпрыемствы, не аналізуе іх работу і не прымае мер па выхаду з крызіснага становішча?" - задаў пытанні кіраўнік Урада.

Паводле яго слоў, трывогу выклікае работа камунальных прадпрыемстваў Брэсцкай вобласці. Там з 86 такіх прадпрыемстваў не выканала вытворчыя заданні 21. У Гродзенскай вобласці толькі 8 раёнаў дасягнулі тэмпаў росту аб'ёмаў вытворчасці 109 працэнтаў. Пры тым, што прамысловыя прадпрыемствы рэспублікі павінны дэманстраваць у цэлым тэмпы росту 113 працэнтаў. У Гродзенскай вобласці аб'ёмы вытворчасці знізілі 32 прадпрыемствы камунальнай уласнасці.

Прэм'ер-міністр таксама лічыць, што "зніжаны патрабаванні да выканання паказчыкаў па знешнеэканамічнай дзейнасці ў Мінску". Акрамя таго, у сталіцы няма належнай дынамікі прыцягнення замежных інвестыцый, што таксама не з'яўляецца апраўданнем для горада Мінска, падкрэсліў Прэм'ер.

Разам з тым, паводле ацэнкі Сяргея Сідорскага, у цэлым эканоміка Беларусі ў першым квартале развівалася "даволі паспяхова". Дасягнуты верхні прагнозны паказчык росту ВУП (на 9 працэнтаў). Эканоміка ўшчыльную наблізілася да выканання павышанага прагнознага паказчыка ВУП (рост на 11 працэнтаў). За студзень - сакавік тэмп росту ВУП склаў 110,5 працэнта да адпаведнага перыяду 2007 года.

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі таксама заявіў сёння, аб неабоднасцi актывізаваць работу бізнесу ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі.

Паводле яго слоў, па Указу нумар 265 прадпрыемствы, якія працуюць у абласцях, павінны былі атрымаць ільготы на суму Br69 млрд., аднак у бягучым годзе самi вобласці прадаставілі льготы толькі на Br190 млн.

Нягледзячы на тое, што ў канцы мінулага года прыняты Дэкрэт нумар 9 аб развіцці бізнесу ў сельскіх населеных пунктах, у першым квартале 2008 года па ўсёй краіне толькі 43 суб'екты гаспадарання скарысталі льготы ў адпаведнасці з гэтым дакументам.

"Мае наведванні прадпрыемстваў Гомельскай вобласці ў студзені-сакавіку паказваюць, што выканкамы не азадачаны пытаннямі развіцця сваіх рэгіёнаў. Практычна ніхто не працуе з сярэднім і малым бізнесам", - адзначыў Прэм'ер-міністр. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што ў раёнах недастаткова праводзіцца работа па нарошчванню экспарту.

На думку кіраўніка беларускага Урада, невысокімі тэмпамі ў малых і сярэдніх паселішчах развіваецца экатурызм, ад якога сёлета чакаюцца значныя паступленні ў бюджээт.

Урад Беларусі патрабуе ад кіраўнікоў міністэрстваў і канцэрнаў не зніжаць тэмпы росту вытворчасці на прадпрыемствах у красавіку, заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Савета Міністраў.

Ён адзначыў, што галіновыя міністэрствы прадставілі ўжо ва Урад абгрунтаванні таго, што тэмпы росту вытворчасці ў красавіку будуць на 3 працэнты ніжэйшыя ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, а пасля адставанне будзе ліквідавана. Аднак Прэм'ер-міністр не згадзіўся з такімі довадамі. "Трэба нарошчваць вытворчасць сёння, а не рабіць крок назад", - падкрэсліў ён.

Пры гэтым Сяргей Сідорскі паведаміў, што, паводле даных МЗС, беларуская прадукцыя цяпер запатрабавана на знешнім рынку. Таму трэба значна прыбавіць у дынаміцы прамвытворчасці ў бягучым годзе.

Ён таксама запатрабаваў ад Міністэрства замежных спраў глыбокага аналізу экспарту і імпарту. "Мы павінны ведаць, дзе ёсць недапрацоўкі ў гэтым напрамку, а не выкарыстоўваць статыстыку закупак і продажаў", - рэзюміраваў Прэм'ер.

Як паведамiў сёння на пасяджэнні Савета Міністраў Першы намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка, нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы канцэрна "Белнафтахім" загружаны сыравінай у поўным аб'ёме. Паводле яго слоў, на беларускія НПЗ вярнуліся расійскія давальцы. Гэта дало магчымасць павялічыць экспарт нафтапрадуктаў за два месяцы ў 2,8 раза да $2,1 млрд.

Уладзімір Сямашка паведаміў, што рэнтабельнасць ВА "Беларуськалій" павялічылася за гэты перыяд да 144 працэнтаў, Беларуская калійная кампанія пашырае рынкі збыту. Першы віцэ-прэм'ер нагадаў, што БКК заключыла кантракты на пастаўку калійных угнаенняў у Кітай у 2008 годзе з павелічэннем цаны з $250 да $650 за тону.

Усяго прадпрыемствы канцэрна за студзень-люты зарабілі трэцюю частку чыстага прыбытку па прамысловасці - Br677 млрд. "У нас ёсць усе падставы ў перспектыве захаваць стабілізуючую ролю канцэрна ў эканоміцы Беларусі", - лічыць Уладзімір Сямашка.

Стратныя прадпрыемствы краiны, на думку Першага намесніка Прэм'ер-міністра Беларусі, маюць патэнцыял выхаду на прыбытковую работу. "У беларускіх стратных арганізацый ва ўсіх галінах ёсць патэнцыял выхаду на бясстратнасць, і ён павінен быць рэалізаваны", - адзначыў ён.

"У практычнай рабоце па фінансаваму аздараўленню Урад у бягучым годзе стаў больш прытрымлівацца рыначнай логікі, - падкрэсліў Уладзімір Сямашка. - Мы не падтрымліваем праекты масавых раздач прэферэнцый, а ў большай ступені разлічваем на эфектыўнасць працэдур банкруцтва і санацыі".

На яго думку, пытанні фінансавага аздараўлення прадпрыемстваў неабходна вырашаць у працэсе павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі і эканомікі ў цэлым праз рэалізацыю інавацыйных праграм. У мінулым годзе ўрад паставіў задачу радыкальна зрушыць тэрміны рэалізацыі асобных інавацыйных праектаў - з канца 2010 года на 2008-2009 год. Аднак да гэтага часу сістэмнай работы па рэалізацыі намечаных праектаў мала, лічыць Уладзімір Сямашка.

Усяго за два месяцы гэтага года стратнымі былі 1565 арганізацый, або 15,1 працэнта іх агульнай колькасці. Гэта ў некалькі разоў менш, чым у 2003 годзе, калі іх колькасць даходзіла амаль да 6 тыс., і істотна ніжэй, чым у студзені - лютым папярэдняга года, калі такіх прадпрыемстваў налічвалася 2312, або 22,3 працэнта.

Напрыклад, стратнымі лічацца больш як 200 арганізацый Мінсельгахарча, 97 - Мінтранса, 57 - Мінпрама, 33 - канцэрна "Беллегпрам". Акрамя таго, стратнымі з'яўляюцца 675 арганізацый мясцовага падпарадкавання, а таксама 435 юрыдычных асоб без ведамаснай падпарадкаваннасці, гэта значыць прыватных арганізацый. "Напрошваецца пытанне: у чым сэнс стратнага прыватнага прадпрыемства? Хутчэй за ўсё, мы маем справу з масавым праяўленнем штучнай стратнасці дзеля эканоміі на падатках", - растлумачыў Уладзімір Сямашка, дадаўшы, што ў перспектыве на аздараўленне малых і сярэдніх арганізацый павінна быць звернута асноўная ўвага органаў кіравання.

Першы віцэ-прэм'ер таксама звярнуў увагу на тое, што стратнымі з'яўляюцца і некаторыя валаўтваральныя прадпрыемствы, да канца года іх плануецца вывесці на прыбытковую работу.