Беларусь і Ніжагародская вобласць выйшлі на якасна новы ўзровень супрацоўніцтва


Беларусь і Ніжагародская вобласць выйшлі на якасна новы ўзровень супрацоўніцтва

Беларусь і Ніжагародская вобласць выйшлі на якасна новы ўзровень узаемавыгаднага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў сёння на чацвёртым пасяджэнні Савета дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Ніжагародскай вобласці ў Магілёве Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Андрэй Кабякоў.

Усе больш ствараецца сумесных вытворчасцей, паглыбляецца кааперацыя паміж прадпрыемствамі, умацоўваецца супрацоўніцтва на міжрэгіянальным узроўні, адзначыў ён. У многім дзякуючы гэтаму тавараабарот паміж Беларуссю і Ніжагародскай вобласцю ў мінулым годзе ўзрос у 1,4 раза і дасягнуў амаль $600 млн.

На думку Намесніка Прэм'ер-міністра, для захавання высокіх тэмпаў росту тавараабароту сёння патрэбны новыя адносіны і нестандартныя падыходы. У якасці прыкладу Андрэй Кабякоў прывёў стварэнне РУП "Магілёўліфтмаш" і ААТ "Трансэнерга" сумеснай вытворчасці "Ніжагародліфтмаш" (горад Кстова Ніжагародскай вобласці) па выпуску ліфтаў і ліфтавага абсталявання. Выпушчана ўжо больш як 20 новых ліфтаў.

Андрэй Кабякоў лічыць таксама неабходным далейшае развіццё ўзаемадзеяння кампаній Беларусі і Ніжагародскай вобласці ў мадэрнізацыі прадпрыемстваў-партнёраў, а таксама паглыбленне і пашырэнне пабрацімскіх сувязей паміж гарадамі і раёнамі. "Мы разлічваем, што стварэнне ў Ніжагародскай вобласці гандлёва-лагістычных цэнтраў, рознічнай сеткі, збытавой сеткі беларускіх прадпрыемстваў будзе садзейнічаць насычэнню не толькі рынку гэтага рэгіёну, але і сумежных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Ён адзначыў, што разам з эканамічным складальнікам актыўна развіваеца супрацоўніцтва ў галіне выставачнай дзейнасці, культуры, адукацыі, спорту і турызму.

"Яшчэ адной новай формай нашага супрацоўніцтва будзе непасрэднае ўзаемадзеянне прадстаўнічай улады, якое будзе ажыццяўляцца на аснове падпісанага сёння дагавора аб супрацоўніцтве паміж Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Заканадаўчым сходам Ніжагародскай вобласці", - дадаў Андрэй Кабякоў.

Надрукавана з сайта www.government.by
Адрас публікацыі http://www.government.by/be/content/2823
надрукаваць