Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 17.04.2008

Новыя механізмы прыцягнення інвестыцый будуць прымяняцца ў Беларусі

Новыя механізмы прыцягнення інвестыцый будуць прымяняцца ў Беларусі

У Беларусі будуць прымяняцца новыя механізмы прыцягнення фінансавых сродкаў у эканоміку, сказаў Першы намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка.

Ён адзначыў, што ў 2008 годзе працэс прыватызацыі, у тым ліку акцыяніравання, у Беларусі актывізуецца. "Гэта пытанне ўжо сфармулявана ва Урадзе. Падрыхтваны адпаведны праект Пастановы, ёсць рэальныя дзеянні па канкрэтных прадпрыемствах. Да канца года будуць відавочныя змяненні ў гэтым напрамку", - сказаў Уладзімір Сямашка.

У сувязі з гэтым Беларусі неабходна ўключаць зусім іншыя механізмы прыцягнення грошай. "Гэта проста - узяць банкаўскі крэдыт пад высокія працэнты, а потым думаць, як абслугоўваць гэтыя працэнты, як аддаваць асноўны доўг. У той час як ёсць іншыя механізмы прыцягнення грошай: выпуск аблігацый, размяшчэнне каштоўных папер на фондавых біржах, дадатковыя эмісіі акцый, - падкрэсліў першы віцэ-прэм'ер. - Гэтыя механізмы будуць задзейнічаны, каб падтрымаць тыя высокія тэмпы эканамічнага росту, якія мы запланавалі, і забяспечыць рэалізацыю інавацыйнай праграмы".

Пры гэтым Уладзімір Сямашка прызнаў, што ў Беларусі пакуль, па сутнасці, няма рынку каштоўных папер. Таму прэзідэнтам краіны, урадам пастаўлена задача зрабіць рэальныя крокі на шляху да яго стварэння. На гэта накіраваны Дэкрэт нумар 7. "Такім шляхам мы павысім эфектыўнасць нашых гаспадарак. Хоць гэта не робіцца адразу, за год такую работу не правядзеш. Але рабіць яе неабходна. Трэба, каб людзі ўбачылі, што ёсць рэальны рух", - адзначыў ён.

Для рэалізацыі дэкрэта яшчэ будзе прынята нямала нарматыўных дакументаў. Але самае галоўнае, што "мы псіхалагічна адчуваем гатоўнасць да гэтай работы, да актывізацыі працэсаў прыватызацыі", лічыць першы віцэ-прэм'ер. Ён нагадаў, што раней Беларусь часта абвінавачвалі ў нежаданні праводзіць прыватызацыю. Але Кіраўнік дзяржавы заўсёды гаварыў, што ніколі не пойдзе на абвальную прыватызацыю. "А цяпер настаў такі момант, калі цывілізавана, нармальна мы можам ісці ў гэтым напрамку. Раней за кантрольны пакет ААТ "Белшына" замежныя інвестары прапаноўвалі $50 млн. А сёння, калі гэта зусім іншае, сучаснае прадпрыемства, за яго прапануюць ужо $1 млрд. І нам сёння не страшна выставіць пакет акцый гэтага прадпрыемства на продаж", - падкрэсліў Уладзімір Сямашка.

Сёння пра Беларусь, пра яе фінансавыя і эканамічныя магчымасці ўжо думаюць не так, як 3-5 гадоў таму. "І дзяржава не баіцца акцыяніраваць прадпрыемствы, прадаваць на адкрытым конкурсе акцыі, у тым ліку прыватным інвестарам, таму што ў нас цяпер фінансавыя магчымасці зусім іншыя. Цяпер дакладна выпрацавалася сістэма, як і што прадаваць. Мы шукаем інвестараў - прыватных або карпаратыўных, у якіх ёсць грошы, каб не толькі купіць прадпрыемства, але і развіваць яго", - адзначыў Першы намеснік Прэм'ер-міністра.

Паводле яго слоў, пры продажы пакета акцый якога-небудзь прадпрыемства будуць выконвацца тры ўмовы. Першая - наяўнасць у пакупніка інвестыцыйнай праграмы, "што ён плануе зрабіць на гэтым прадпрыемстве ў бліжэйшыя 5 гадоў". Другая - наяўнасць у інвестара матэрыяльных рэсурсаў. "Калі ён прыходзіць на нашу нафтаперапрацоўку - ён павінен мець нафту або іншыя рэсурсы. Адпаведная база ў яго павінна быць, калі ён цікавіцца нашай металургіяй". Трэцяя ўмова - наяўнасць рынку збыту прадукцыі.

Сёння Беларусь мае краінавы крэдытны рэйтынг. "А яшчэ два гады таму мы баяліся нават заікацца аб гэтым: было шмат насцярожанасці. Але Беларусь першапачаткова атрымала высокі краінавы рэйтынг. У гэтым годзе мы яго пацвярджаем. Эканоміка краіны развіваеца, і гэта нельга не заўважыць. Так што мы цяпер з усіх бакоў падышлі да таго, каб будаваць з нашымі замежнымі партнёрамі цывілізаваныя рыначныя адносіны", - рэзюмаваў першы віцэ-прэм'ер.