Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 15.04.2008

На Рэспубліканскую дошку Гонару прапанавана занесці 39 пераможцаў спаборніцтва 2007 года

На Рэспубліканскую дошку Гонару прапанавана занесці 39 пераможцаў спаборніцтва 2007 года

Прэзідыум Савета Міністраў Беларусі адобрыў сёння на чарговым пасяджэнні праект указа "Аб занясенні на Рэспубліканскую дошку Гонару пераможцаў спаборніцтва 2007 года". Пасяджэнне прайшло пад старшынствам Прэм'ер-міністра Сяргея Сідорскага. Як адзначыў міністр эканомікі Мікалай Зайчанка, вылучэнне кандыдатаў на дошку Гонару ў Беларусі праходзіць ужо дзевяты раз. Асноўнымі крытэрыямі з'яўляюцца выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, захаванне працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны.

Акрамя таго, прадпрыемствы не павінны карыстацца дзяржаўнай падтрымкай. За 2007 год вылучаны кандыдаты па ўсіх намінацыях, акрамя абласцей, таму што ні адна вобласць не выканала заданне па развіццю аграпрамысловага комплексу.

Пераможцы вызначаны ў 11 намінацыях. Як адзначыў Мікалай Зайчанка, з 39 месц запоўнена 38. Першае месца сярод раёнаў планавалася аддаць Лепельскаму раёну Віцебскай вобласці. Але гэта кандыдатура адклікана Віцебскім аблвыканкамам у сувязі з заўвагамі, якія паступілі ад Камітэта дзяржкантролю. Гэту намінацыю прапанавана запоўніць іншым прэтэндэнтам - Мінскім мэблевым цэнтрам, які набраў найбольшую колькасць балаў, паведаміў Мікалай Зайчанка. Ён растлумачыў, што палажэннем аб Рэспубліканскай дошцы Гонару дазваляецца пераразмеркаванне не занятых з-за адсутнасці кандыдатур месц на іншую намінацыю. Такім чынам, на дошку Гонару прэтэндуюць цяпер 39 кандыдатур.

У адпаведнасці з праектам Указа на Рэспубліканскую дошку Гонару прапанавана занесці: сярод раёнаў - Смаргонскі (першае месца) і Горацкі (другое месца), сярод гарадоў і раёнаў у гарадах - Гродна (першае месца), Віцебск (другое месца).

Занясенне на Рэспубліканскую дошку Гонару з'яўляецца формай заахвочвання рэгіёнаў і арганізацый, якія дасягнулі найлепшых вынікаў у сацыяльна-эканамічным развіцці, у павышэнні эфектыўнасці вытворчасці, арганізацыі і стымуляванні працы.