Прэзідыум Саўміна разгледзіў пытанні забеспячэння бібліятэк сацыяльна значнымі кнігамі

Прэзідыум Саўміна разгледзіў пытанні забеспячэння бібліятэк сацыяльна значнымі кнігамі

Запасы кніжнай прадукцыі на складах выдавецтваў Міністэрства інфармацыі Беларусі невялікія - 826 тыс. экзэмпляраў, у тым ліку сацыяльна значнай літаратуры - 194 тыс. экзэмпляраў, або 23,5 працэнта ўсіх запасаў. Аб гэтым паведаміў міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч сёння на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў Беларусі, якое прайшло пад старшынствам Прэм'ер-міністра Сяргея Сідорскага. Уладзімір Русакевіч адзначыў, што адносна агульнага тыражу выпушчанай за сем апошніх гадоў выдавецкай прадукцыі запасы складаюць усяго 2,3 працэнта, а сацыяльна значнай - 0,5 працэнта.

Запасы гатовай прадукцыі ў вартасным выражэнні - амаль Br6,5 млрд., у тым ліку сацыяльна значнай - Br2,3 млрд.

Незапатрабаванымі аказаліся 18-томная "Беларуская энцыклапедыя" (з 12 па 18 том), унікальная 15-томная энцыклапедыя "Гарады і вёскі Беларусі" (том 2 "Гомельская вобласць", тамы 3 і 4 "Брэсцкая вобласць"), выпушчаныя да 60-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне выданні "Памяць Беларусі", "І паўстаў народ", а таксама двухтомнік "Перамога", які атрымаў вышэйшую ўзнагароду Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" і дыплом першай ступені ў намінацыі "Перамога" міжнароднага конкурсу "Мастацтва кнігі" дзяржаў - удзельніц СНД, і іншыя не менш значныя выданні.

Такое становішча пазбаўляе выдавецтвы абаротных сродкаў, прыводзіць да павелічэння крэдыторскай запазычанасці, адзначыў Уладзімір Русакевіч.

Як паведаміў міністр інфармацыі, агульная сума субсідый на выпуск кніг у Беларусі з 1996 па 2007 год склала $22,5 млн. З гэтай сумы 24,7 працэнта выкарыстана на выпуск і бязвыплатную пастаўку ў агульнаадукацыйныя ўстановы кніг серыі "Школьная бібліятэка" (336 назваў тыражом 7,3 млн. экзэмпляраў). 14,8 працэнта затрачана на пастаўку часткі тыражоў сацыяльна значнай літаратуры ў публічныя бібліятэкі (353 назвы тыражом 836 тыс. экзэмпляраў). На падрыхтоўку і выпуск 18-томнай "Беларускай энцыклапедыі" зрасходавана 8,8 працэнта сродкаў, на выпуск хронік "Памяць" гарадоў і раёнаў Беларусі - 4,6 працэнта (выдадзена 146 тамоў, праект завершаны ў 2005 годзе). На выпуск літаратурна-мастацкіх твораў па школьнай праграме для дзяцей-інвалідаў па зроку выкарыстана 2,5 працэнта сродкаў. На працягу 1997-2007 гадоў шрыфтам Брайля выпушчана 55 назваў у 364 кнігах. 44,5 працэнта агульнай сумы накіравана на выданне кніг, што пастаўляюцца ў гандлёвую сетку, якія рэалізуюцца на працягу доўгага часу. Недахоп абаротных сродкаў выдавецтваў быў кампенсаваны поўным пакрыццём затрат на выпуск кніг для бібліятэк.

Міністэрствы інфармацыі, культуры і адукацыі павінны ўзгадніць дзеянні па рэалізацыі сацыяльна значнай літаратуры на беларускім рынку -- такое даручэнне даў сёння на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў Беларусі Прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі.

Тром міністэрствам неабходна скласці графік закупкі абласцямі сацыяльна значнай літаратуры, якая сёння знаходзіцца на складах выдавецтваў Міністэрства інфармацыі.

Акрамя таго, Прэм'ер-міністр даручыў вызначыць неабходны аб'ём сродкаў, каб закупіць для бібліятэк сацыяльна значную літаратуру, і, калі неабходна, унесці прапановы ва Урад.

Сяргей Сідорскі падкрэсліў, што выдавецтвы Беларусі неабходна загрузіць уласнымі заказамі. Гэта павінна быць высакаякасная і змястоўная літаратура.

Прэм'ер-міністр даручыў правесці маніторынг, якія выданні і ў якой колькасці запатрабаваны публічнымі бібліятэкамі.

Надрукавана з сайта www.government.by
Адрас публікацыі http://www.government.by/be/content/2842
надрукаваць