Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 07.02.2008

Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы ў студзені павялічылі рэнтабельнасць утрая

Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы ў студзені павялічылі рэнтабельнасць утрая

Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы ў студзені 2008 года павялічылі рэнтабельнасць у тры разы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Аб гэтым паведаміў сёння ў Мінску журналістам Першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка.

Ён адзначыў, што ў 2007 годзе Урад выбудоўваў сістэму кампенсацыйных мер для нафтаперапрацоўчых заводаў. Цяпер гэта праблема вырашана. Прадпрыемствы выканалі намечаныя вытворчыя праграмы.

ААТ "Нафтан" інвесціравала ў мінулым годзе ў мадэрнізацыю асноўных фондаў $216 млн., ААТ "Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод" - $125 млн. Гэта будзе садзейнічаць павелічэнню ў перспектыве аб'ёму перапрацоўкі нафты, а таксама глыбіні - з 68-70 працэнтаў да 92-93 працэнтаў, падкрэсліў Уладзімір Сямашка.

Акрамя таго, ён нагадаў аб задачы забяспечыць нафтахімічны комплекс рэспублікі зыходнымі хімічнымі прадуктамі, у тым ліку параксілолам - прадуктам, які ўключаны ў праграму імпартазамяшчэння.

Уладзімір Сямашка адзначыў, што цяпер палепшылася кан'юнктура продажу нафтапрадуктаў. У мінулым годзе пасля ўзлёту цэн на нафту былі вялікія затраты на яе закупку, у выніку павысіліся выдаткі, а цэны на нафтапрадукты тады раслі марудней. "Заўсёды існуе такі часавы лаг, калі цэны на нафту і нафтапрадукты растуць неадэкватна і ўтвараецца своеасаблівая дэльта", - растлумачыў ён. Сёння цана на нафтапрадукты на сусветным рынку павялічылася. Беларуская нафтавая кампанія ў сувязі з гэтым ужо разгортвае сваю работу. Таму цяпер норма прыбытку на перапрацоўку кожнай тоны нафты значна вышэйшая, чым была ў мінулым годзе.

Цана на расійскі газ для Беларусі ў другім квартале 2008 года будзе нармальная, паведаміў журналістам Першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка.

Ён не стаў канкрэтызаваць, якая будзе цана на газ, пры гэтым дадаў, што ва Украіне з пачатку бягучага года расійскі газ падаражэў на $49,5 за адну тысячу куб.м, для Малдовы - на $50. Беларусь у першым квартале купляе расійскі газ па $119 за адну тысячу куб.м . Гэта нармальная цана, падкрэсліў Уладзімір Сямашка.

Імпартазамяшчэнне ў 2007 годзе забяспечыла 40 працэнтаў прыросту эканомікі Беларусі. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.

Ён адзначыў, што "гэта львіная доля, што дало магчымасць перажыць нашай эканоміцы рост цэн на энерганосьбіты". Уладзімір Сямашка паведаміў, што ў 2007 годзе дадатковая нагрузка на эканоміку за кошт павышэння цаны на газ склала $1,2 млрд., а павышэнне цаны на нафту і ўвядзенне пошлін на яе "дабавіла для Беларусі нагрузку яшчэ на $1,5 млрд.".

Акрамя таго, рэалізацыя дзяржаўнай праграмы імпартазамяшчэння дала магчымасць стрымаць рост адмоўнага гандлёвага сальда, дадаў Першы віцэ-прэм'ер.

Паводле яго слоў, урад ставіць задачу ў бліжэйшыя 2-3 гады выйсці на нулявое сальда знешняга гандлю або невялікі дадатны баланс. З гэтай мэтай намечаны шэраг новых імпартазамяшчальных праектаў. У іх ліку - стварэнне на Беларускім металургічным заводзе новай вытворчасці - халоднакачанага ліста. "Мы працуем і над іншымі новымі імпартазамяшчальнымі праектамі, хоць эфект ад іх рэалізацыі атрымліваем не адразу", - канстатаваў Уладзімір Сямашка.