навіна

ад 07.02.2008

Прагнозныя паказчыкі эканамічнага росту ў 2009-2010 гадах у Беларусі будуць не ніжэйшыя, чым у 2008 годзе


Прагнозныя паказчыкі эканамічнага росту ў 2009-2010 гадах у Беларусі будуць не ніжэйшыя, чым у 2008 годзе

Прагнозныя паказчыкі эканамічнага росту ў 2009-2010 гадах у Беларусі будуць не ніжэйшыя, а магчыма і вышэйшыя, чым у 2008 годзе. Аб гэтым заявіў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні калегіі Мінпрама.

Ён адзначыў, што ўжо "ў лютым-сакавіку ўрад пачне разглядаць прагнозныя параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэту на два будучыя гады".

Сяргей Сідорскі звярнуўся да кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў сфармуляваць свае прапановы па перспектывах работы ў 2009-2010 гадах. "Чакаем ад вас канкрэтных прапаноў", - сказаў Прэм'ер-міністр.

Урад Беларусі мае намер павялічыць прагнозны ўзровень сярэдняй заработнай платы ў краіне на канец 2010 года, -- заявіў Прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі.

Сярэднюю зарплату ў рэспубліцы да 2011 года планавалася давесці да $500 у эквіваленце. "Гэту лічбу мы маем намер перагледзець і значна павялічыць", - падкрэсліў Сяргей Сідорскі і растлумачыў, што для рэалізацыі такіх планаў трэба істотна павялічыць у краіне тэмпы эканамічнага росту.

Дзяржзаказ на сельгастэхніку для ўраджаю 2008 года павінен быць сфарміраваны ў лютым. Аб гэтым паведаміў Сяргей Сідорскі.

Ён адзначыў, што на выкананне дзяржзаказу ў бягучым годзе выдзяляецца больш як Br1 трлн. Акрамя таго, плануецца дадаткова выдзеліць яшчэ Br500 млрд. Цяпер ідзе дэталёвае ўзгадненне паміж міністэрствамі і ведамствамі аб'ёмаў і складу закупак.

"Браць тэхніку мы будзем, але не ў такой колькасці, як раней, - адзначыў Сяргей Сідорскі. - Мы не будзем вас напружваць заданнямі па забеспячэнню ўнутранага рынку сельгастэхнікі. Даём вам большую магчымасць нарасціць экспартны патэнцыял".

Кіраўнік урада таксама паведаміў, што ў перспектыве "ўсё менш грошай дзяржава будзе ўкладваць у галіны і прадпрыемствы, якія добра працуюць і самі спраўляюцца з пастаўленымі задачамі". Цяпер галоўная задача ВА "Гомсельмаш", ВА "МТЗ" і іншых вытворцаў сельгастэхнікі - павялічыць продажы гэтай прадукцыі на экспарт, падкрэсліў Прэм'ер-міністр.

Беларусь вядзе перагаворы з замежнымі кампаніямі аб арганізацыі ў рэспубліцы вытворчасці вадкакрышталічных панэлей для тэлевізараў, паведаміў Прэм'ер-міністр Беларусі. Сяргей Сідорскі. А таксама адзначыў, што такі праект вельмі важны для краіны. Яго ажыццяўленне дасць магчымасць павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі айчыннай электроннай прамысловасці і прыцягнуць замежныя інвестыцыі.

Разам з тым "нашы тэлевізійныя заводы ўпусцілі час па рэалізацыі такога праекта", падкрэсліў Прэм'ер-міністр.

Сяргей Сідорскі запатрабаваў эфектыўнай аддачы ад работы ААТ "Гарызонт" і РУП "Віцязь". Пакуль, паводле яго слоў, гэтыя прадпрыемствы маюць шмат даўгоў і страт. Акрамя таго, кіраўнік Урада лічыць недастатковай іх работу па стварэнню новых канкурэнтаздольных мадэлей тэлевізараў.

Урад Беларусі чакае больш канкрэтных вынікаў ад рэалізуемых навуковых распрацовак на дзеючых прадпрыемствах. Аб гэтым заявіў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на калегіі Міністэрства прамысловасці.

"Нам неабходны канкрэтныя, прарыўныя распрацоўкі ў галіне мікраэлектронікі, нана- і біятэхналогій, у іншых сферах", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр. Ён таксама дадаў, што не менш як 80 працэнтаў навуковых распрацовак, якія ўкараняюцца ў вытворчасць, павінны быць айчынныя. Вынікі 2007 года паказваюць, што праводзімая ў краіне работа ў гэтым напрамку пакуль што недастатковая, і ў 2009-2010 гадах неабходна наладжваць больш цеснае ўзаемадзеянне навукі і вытворчасці.

У цэлым Сяргей Сідорскі назваў 2007 год паспяховым для беларускай прамысловасці. Асноўныя паказчыкі па галіне выкананы, прычым, асобныя з іх - з істотным перавышэннем запланаванага ўзроўню. Разам з тым прэм'ер-міністр назваў шэраг праблемных пытанняў, якія Мінпраму не ўдалося вырашыць у мінулым годзе. Размова, у прыватнасці, ідзе аб нізкіх тэмпах росту вытворчасці і продажу айчыннай бытавой тэхнікі, прыцягнення інвестыцый у асноўны капітал, а таксама нездавальняючай рабоце асобных прадпрыемстваў па нарошчванню экспарту. На думку Сяргея Сідорскага, у перспектыве асаблівую ўвагу неабходна ўдзяляць развіццю электратэхнічнай, оптыка-механічнай і тэлевізійнай галін з тым, каб павысіць канкурэнтаздольнасць выпускаемай прадукцыі.

Прэм'ер-міністр таксама падкрэсліў, што ўрад не задавальняе аб'ём замежнага капіталу, які прыцягваецца ў краіну. Сярод асноўных прычын - нізкая актыўнасць дырэктараў прадпрыемстваў па рабоце з патэнцыяльнымі інвестарамі. "Вы не працуеце з кампаніямі, не працуеце з інвестарамі. Вы не навучыліся працаваць з крэдытнымі рэсурсамі ўнутры краіны. Бярыце праекты, вязіце ў краіну, стаўце прадпрыемства", - сказаў Сяргей Сідорскі, звяртаючыся да кіруючага звяна Мінпрама. Урад таксама не задаволены ходам рэалізацыі бізнес-планаў на асобных прамысловых прадпрыемствах.

Асаблівую ўвагу Сяргей Сідорскі звярнуў на неабходнасць неадкладнага прыняцця канкрэтных мер па павелічэнню паставак беларускай прадукцыі за мяжу, а таксама выкананню праграмы імпартазамяшчэння. Паводле яго слоў, сёння многія кіраўнікі прадпрыемстваў не бачаць, што экспартны попыт на іх прадукцыю значна перавышае аб'ёмы фактычных паставак. У прыватнасці, у мінулым годзе, паводле ацэнкі экспертаў, ва Украіну недапастаўлена прадукцыі на суму $30 млн. Не да канца выкарыстаны экспартны патэнцыял па сельгастэхніцы і ў Казахстане. Закранаючы пытанні стварэння тавараправоднай сеткі за мяжой, Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што беларускім вытворцам неабходна "сваёй уласнасцю" ўдзельнічаць у рэалізацыі праектаў па стварэнню аб'ектаў такой сеткі.

На думку Прэм'ер-міністра, кіраўніцтву Мінпрама сумесна з Мінадукацыі трэба вырашыць задачу па скарачэнню дэфіцыту высокакваліфікаваных кадраў рабочых спецыяльнасцей. Ён лічыць, што працэс адаптацыі на вытворчасці зацягваецца. Абучэнне вучняў часта праводзіцца на ўстарэлым абсталяванні. Маладым выпускнікам пасля выхаду на работу даводзіцца сутыкацца з зусім новым абсталяваннем, а значыць, з далейшай перападрыхтоўкай.