навіна

ад 30.01.2008

Мясцовыя органы ўлады павінны актывізаваць работу па стварэнню бізнесу ў рэгіёнах


Мясцовыя органы ўлады павінны актывізаваць работу па стварэнню бізнесу ў рэгіёнах

У Беларусі павінна пачаць дзейнічаць сістэма, якая давала б магчымасць мясцовым бюджэтам зарабляць грошы. Аб гэтым заявіў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні калегіі Міністэрства фінансаў.

Паводле яго слоў, у першую чаргу мясцовыя органы ўлады павінны актывізаваць работу па стварэнню бізнесу ў рэгіёнах. Дзяржава са свайго боку зрабіла для гэтага ўсё неабходнае. У прыватнасці, у малых і сярэдніх гарадах створаны прэферэнцыі па падаткаабкладанню, па ўваходжанню карпаратыўных структур у бізнес. "Мы пайшлі на зніжэнне з 2008 года падатковай нагрузкі за кошт адмены шэрага падаткаў. У выніку ў распараджэнні рэальнага сектара эканомікі застаецца больш як Br1 трлн.", - сказаў Сяргей Сідорскі. Стаўка ПДВ пакінута на ранейшым ўзроўні - 18 працэнтаў. Тым не менш, даходная частка бюджэту была павялічана і трэба знайсці крыніцы яе папаўнення.

Прадпрыемствам у малых і сярэдніх гарадах неабходна больш актыўна працаваць з буйнымі прадпрыемствамі, прапаноўваць ім пераносіць свае вытворчасці ў рэгіёны. Для гэтага ёсць аб'екты, не завершаныя будаўніцтвам, ёсць патэнцыял. Пакуль гэтыя пытанні ў краіне вырашаюцца марудна, сказаў Сяргей Сідорскі. Паводле яго слоў, гэтымі праектамі павінны займацца ў першую чаргу мясцовыя органы ўлады.

"Трэба аддаць зямлю ва ўласнасць тым, хто хоча працаваць. Зямля павінна прыносіць даход", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр. У прыватнасці, мясцовым органам улады неабходна вызначыць прамысловыя, турыстычныя і іншыя зоны і прыцягваць туды бізнес. Сяргей Сідорскі адзначыў нізкі ўзровень правядзення ў рэгіёнах аўкцыёнаў па продажы зямельных участкаў, але пры гэтым заўважыў, што ў асобных раёнах пазітыўныя змяненні ўсё ж ёсць, але гэтыя выпадкі адзінкавыя.

У якасці прыкладаў для патэнцыяльнага інвесціравання сродкаў у праекты ў малых і сярэдніх гарадах Прэм'ер-міністр назваў вытворчасць мінеральнай вады. "Дарыда" атрымлівае значны прыбытак. А гэта ж прыродная крыніца. Такія ёсць у многіх рэгіёнах. Стварайце прадпрыемствы і працуйце. Багацці Беларусі мы павінны максімальна выкарыстоўваць", - сказаў Прэм'ер-міністр.

Усё гэта, на думку кіраўніка беларускага Урада, будзе садзейнічаць папаўненню мясцовых бюджэтаў, паколькі ўсе паступленні ад бізнесу ў рэгіёнах будуць заставацца ў распараджэнні мясцовых улад.

Тэмп росту ВУП Беларусі ў 2007 годзе склаў 108,2 працэнта, -- паведаміў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі.

Ён адзначыў, што прамысловая вытворчасць у мінулым годзе павялічылася на 8,5 працэнта, рэальныя грашовыя даходы насельніцтва павялічыліся на 15 працэнтаў, уведзена амаль 4,7 млн.кв.м жылля. Выкананы найважнейшыя параметры бюджэту Беларусі. Выплата пенсій, стыпендый ажыццяўлялася своечасова і ў поўным аб'ёме.

Сяргей Сідорскі падкрэсліў, што ў цэлым 2007 год быў складаны з-за зменення ўмоў знешняга гандлю. Акрамя таго, адбылося падзенне долара на сусветных фінансавых рынках. Фінансавы крызіс на азіяцкіх рынках прадаўжаецца і цяпер. Паводле слоў кіраўніка беларускага Урада, усё гэта запатрабуе напружанай работы эканомікі ў 2008 годзе.

У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў нумар 8, якой вызначаны Асноўныя мэтавыя паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на бягучы год, тэмп росту ВУП краіны ў 2008 годзе павінен скласці 111 працэнтаў да ўзроўню 2007 года.

Беларускія страхоўшчыкі павінны актывізаваць работу па аказанню паслуг у сферы экспартна-імпартных аперацый, заявіў Прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі на пасяджэнні калегіі Міністэрства фінансаў.

"Я не задаволены работай страхавых кампаній у краіне. Гэта адна з сфер, дзе мы проста не атрымліваем грошай", - падкрэсліў Сяргей Сідорскі.

"Чаму расійскія кампаніі, якія прыйшлі на наш рынак, у разы павялічылі свой бізнес", - заўважыў Прэм'ер. Паводле яго слоў, "сёння страхавы рынак з насельніцтвам вышэйшы за рынак з аб'ектамі нерухомай маёмасці".

У краіне прынята праграма па развіццю страхавога рынку. Аднак, на думку Сяргея Сідорскага, яна не напружаная і патрабуе перагляду. "Мы не можам гадамі чакаць і развіваць рынак так, як хочацца камусьці. Зарплата ёсць, машыны ў кожнага, а рынак - $2-3 млн. Што гэта за рынак для краіны?" - сказаў Прэм'ер-міністр.

У Беларусі трэба зрабіць усё неабходнае для павышэння эфектыўнасці работы сельгаспрадпрыемстваў і прадпрыемстваў, якія перапрацоўваюць сельгаспрадукцыю, -- заявіў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні калегіі Міністэрства фінансаў.

"Мы сёння шмат гаворым аб тым, што змяніліся ўмовы працы сельгаспрадпрыемстваў. Так, праяўляюцца знешнія ўздзеянні, растуць аб'ёмы спажывання. Таму мы павінны зрабіць усё, каб прадукцыя сельгаспрадпрыемстваў эфектыўна перапрацоўвалася. Менавіта перапрацоўцы мы ўдзелім самую глыбокую ўвагу", - падкрэсліў Сяргей Сідорскі. Паводле яго слоў, цяпер 61 працэнт беларускага рынку сокаў сфарміраваны пастаўкамі з Украіны, еўрапейскіх і іншых краін.

На думку Прэм'ер-міністра, шмат нявырашаных пытанняў застаецца і ў сферы перапрацоўкі малочнай прадукцыі. У якасці станоўчага прыкладу работы прадпрыемства на малочным рынку Сяргей Сідорскі прывёў ААТ "Бабулін гладыш", якое за сем месяцаў пабудавала сучасны завод па вырабу сыроў і ўжо вяртае раней атрыманыя крэдыты. На думку кіраўніка беларускага Урада, астатнім прадпрыемствам неабходна яшчэ больш паглыбіць перапрацоўку, што дасць магчымасць атрымліваць больш якасны беларускі прадукт. "Гэта "жывыя" пытанні, над якімі трэба працаваць", - падкрэсліў ён.