навіна

ад 25.01.2008

Беларусь прапанавала прыняць у ЕўрАзЭС канцэпцыі фарміравання адзінай энергетычнай і транспартнай прасторы


Беларусь прапанавала прыняць у ЕўрАзЭС канцэпцыі фарміравання адзінай энергетычнай і транспартнай прасторы

Аб гэтым паведаміў журналістам Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі па выніках праведзенага сёння ў Маскве пасяджэння Міждзяржаўнага Савета ЕўрАзЭС.

На думку беларускага боку, абедзве гэтыя канцэпцыі неабходна вынесці на зацвярджэнне на наступным пасяджэнні Міждзяржсавета ЕўрАзЭС на ўзроўні Кіраўнікоў дзяржаў.

Сяргей Сідорскі таксама паведаміў, што беларускі бок раней ініцыіраваў разгляд праекта пагаднення аб падтрымцы і ўзаемнай абароне інвестыцый. Акрамя таго, Беларусь першая ініцыіравала наладжванне супрацоўніцтва ў рамках ЕўрАзЭС у сферы высокіх тэхналогій. Па прапанове Беларусі на пасяджэнні было разгледжана пытанне аб распрацоўцы міждзяржаўнай праграмы "Інавацыйныя біятэхналогіі", па якой прынята станоўчае рашэнне.

У стварэнні Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана адбыўся істотны прарыў. Аб гэтым заявіў беларускі Прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі, каменціруючы вынікі праведзенага сёння ў Маскве пасяджэння Міждзяржсавета ЕўрАзЭС на ўзроўні Кіраўнікоў урадаў.

Сяргей Сідорскі растлумачыў, што ўсяго для завяршэння фарміравання Мытнага саюза неабходна падпісаць 30 пагадненняў. Чатыры з іх былі раней падпісаны прэзідэнтамі трох краін, яшчэ дзевяць - сёння прэм'ер-міністрамі Беларусі, Расіі і Казахстана. Астатнія дакументы, паводле слоў беларускага Прэм'ера, будуць падпісаны на працягу бліжэйшых двух гадоў.

Ён таксама падкрэсліў, што наступным важным крокам на шляху фарміравання Мытнага саюза стане стварэнне Камісіі Мытнага саюза - наднацыянальнага органа, якому паступова будуць перададзены паўнамоцтвы па рэгуляванню знешнегандлёвай дзейнасці краін-удзельніц.

Паміж урадамі Беларусі і Расіі склаўся канструктыўны ўзровень узаемадзеяння. Аб гэтым заявіў журналістам Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, каменціруючы вынікі праведзеных сёння ў Маскве перагавораў з кіраўніком расійскага Урада Віктарам Зубковым.

Сяргей Сідорскі адзначыў, што ў адносінах паміж дзвюма краінамі ёсць кола пытанняў, якія патрабуюць рэгулярнага абмеркавання на міжурадавым узроўні. Ён растлумачыў, што яны датычацца перш за ўсё транспартнай сферы, у тым ліку перавозак грузаў праз тэрыторыі дзвюх краін, балансу паліўна-энергетычных рэсурсаў і шэрага іншых. Для абмеркавання гэтых пытанняў створаны рабочыя групы. Сёння Прэм'ер-міністры заслухалі даклады віцэ-прэм'ераў дзвюх краін Андрэя Кабякова і Сяргея Нарышкіна.

Прэм'ер-міністр Беларусі таксама паведаміў, што наступныя міжурадавыя беларуска-расійскія рабочыя перагаворы пройдуць 21 сакавіка ў Мінску ў рамках пасяджэння Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы.