навіна

ад 25.01.2008

Беларусь, Расія і Казахстан падпісалі пакет пагадненняў аб фарміраванні Мытнага саюза


Беларусь, Расія і Казахстан падпісалі пакет пагадненняў аб фарміраванні Мытнага саюза

Сёння ў Маскве Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, Прэм'ер-міністр Расіі Віктар Зубкоў і Прэм'ер-міністр Казахстана Карым Масімаў падпісалі 9 дакументаў.

Падпісаны кіраўнікамі Урадаў пакет дакументаў накіраваны на далейшае фарміраванне дагаворна-прававой базы Мытнага саюза трох краін. Пачатак гэтаму працэсу быў пакладзены Прэзідэнтамі Беларусі, Расіі і Казахстана на саміце ў Душанбе.

Сярод падпісаных кіраўнікамі Урадаў дакументаў - пагадненні аб адзіным мытна-тарыфным рэгуляванні, аб вывазных мытных пошлінах у адносінах да трэціх краін, аб адзіных правілах вызначэння краіны паходжання тавараў, аб адзіных мерах нетарыфнага рэгулявання ў адносінах да трэціх краін, аб прымяненні спецыяльных абаронных, антыдэмпінгавых і кампенсацыйных мер у адносінах да трэціх краін. Пакет дакументаў уключае ў сябе таксама пагадненні аб вызначэнні мытнага кошту тавараў, якія выраблены ў трэціх краінах і перамяшчаюцца праз граніцы Мытнага саюза, аб увядзенні мытнай статыстыкі знешняга гандлю таварамі ў Мытным саюзе. Акрамя таго, прэм'ер-міністры трох краін падпісалі пагадненні аб прынцыпах спагнання ўскосных падаткаў пры экспарце і імпарце тавараў, аказанні работ і паслуг, а таксама аб правядзенні ўзгодненай палітыкі ў галіне тэхнічных рэгламентаў санітарных і фітасанітарных мер.

Беларусь з'яўляецца актыўным і шчырым прыхільнікам найхутчэйшага стварэння поўнамаштабнага Мытнага саюза і адзінай эканамічнай прасторы ў рамках ЕўрАзЭС з прыцягненнем да гэтага працэсу ўсіх дзяржаў - членаў Супольніцтва. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі сёння ў Маскве на пасяджэнні Міждзяржсавета ЕўрАзЭС.

Кіраўнік беларускага Урада падкрэсліў, што інтэграцыйнае ўзаемадзеянне Беларусі ў рамках ЕўрАзЭС і іншых рэгіянальных утварэнняў будзе працаваць на развіццё нацыянальнай эканомікі, дапаможа пераадолець цяжкасці адаптацыі да новых цэн на энерганосьбіты і ўмоў глабальнай канкурэнцыі.

Сярод актуальных задач, якія стаяць перад ЕўрАзЭС, Сяргей Сідорскі назваў строгае выкананне плана дзеянняў па фарміраванню Мытнага саюза, зацверджанага Прэзідэнтамі Беларусі, Расіі і Казахстана, і прыняцце канцэпцый фарміравання адзінай энергетычнай і транспартнай прасторы. Прэм'ер-міністр Беларусі прапанаваў прадставіць абедзве гэтыя канцэпцыі для іх зацвярджэння на наступным пасяджэнні Міждзяржсавета ЕўрАзЭС на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. "Іх прыняцце адкрые дарогу да падпісання цэлага шэрага важных міжнародных дагавораў, да фарміравання агульнай энергетычнай і транспартнай палітыкі ЕўрАзЭС, - сказаў Сяргей Сідорскі. - Гэта адпавядала б як логіцы нашага інтэграцыйнага супрацоўніцтва, так і рэаліям сучаснага свету з яго актыўнымі працэсамі рэгіяналізацыі".

2007 год для эканомікі Беларусі, як і для іншых дзяржаў ЕўрАзЭС, быў няпросты. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі сёння ў Маскве на пасяджэнні Міждзяржсавета ЕўрАзЭС на ўзроўні Кіраўнікоў урадаў.

Сяргей Сідорскі адзначыў, што свой уплыў на эканамічную сітуацыю ў Беларусі аказалі агульнасусветныя негатыўныя тэндэнцыі, у тым ліку падаражэнне розных відаў закупляемай сыравіны, матэрыялаў і сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама абвастрэнне сітуацыі на валютным рынку. У комплексе гэтыя працэсы трасфармаваліся ў Беларусі ў рост адмоўнага сальда знешняга гандлю таварамі, якое ў 2007 годзе склала $4 млрд.

Рост цэн на энерганосьбіты, новыя ўмовы гандлю выклікалі неабходнасць вырашэння шэрага пытанняў захавання канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі, падкрэсліў Сяргей Сідорскі. У гэтых умовах асноўны ўпор у Беларусі быў зроблены на інавацыйнае развіццё эканомікі.

У бягучай пяцігодцы ў Беларусі будзе ўведзена ў эксплуатацыю больш як 100 новых прадпрыемстваў і найважнейшых вытворчасцей. Аб гэтым паведаміў сёння на пасяджэнні Міждзяржсавета ЕўрАзЭС Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі.

Паводле яго слоў, будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю такой колькасці прадпрыемстваў прадугледжана прынятай праграмай інавацыйнага развіцця Беларусі. Акрамя таго, запланавана стварыць 386 новых вытворчасцей на дзеючых прадпрыемствах і правесці мадэрнізацыю 609 прамысловых прадпрыемстваў на аснове ўкаранення перадавых тэхналогій.

У 2007 годзе ў Беларусі ўсяго было ўведзена ў эксплуатацыю 166 новых аб'ектаў.

Далейшае развіццё негатыўных тэндэнцый у свеце, перш за ўсё магчымы сусветны фінансавы крызіс, могуць паставіць пад пагрозу асобныя сацыяльныя дасягненні і інавацыйны курс эканамічнага развіцця Беларусі. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, выступаючы сёння ў Маскве на пасяджэнні Міждзяржаўнага Савета ЕўрАзЭС.

Кіраўнік беларускага Урада адзначыў, што асобныя негатыўныя тэндэнцыі праявіліся ў сусветнай эканоміцы яшчэ ў 2007 годзе. У іх ліку - рост цэн на энерганосьбіты і іншую сыравіну, абвостраная сітуацыя на валютным рынку, павелічэнне кошту сельгаспрадукцыі на сусветным рынку.

Сяргей Сідорскі падкрэсліў, што нягледзячы на складаную сітуацыю, кіраўніцтву Беларусі ўдаецца вырашаць задачы сацыяльнай накіраванасці. Так, рэальныя грашовыя даходы насельніцтва павялічыліся ў 2007 годзе на 15 працэнтаў пры гадавым прагнозе прыросту 7,5-8,5 працэнта. Сярэдняя зарплата ў цэлым па краіне ў канцы 2007 года склала амаль 370 долараў у эквіваленце. У 2007 годзе былі зроблены два пераразлікі працоўных пенсій і чатыры разы павышаліся мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, а таксама памеры дзяржаўных дапамог на дзяцей.