навіна

ад 24.01.2008

Урад Беларусі зацвердзіў план развіцця перапрацоўчай прамысловасці да 2015 года

Беларуская універсальная таварная біржа ў 2008 годзе арганізуе электронныя таргі ў райцэнтрах

У 2008 годзе ў рабоце Беларускай універсальнай таварнай біржы чакаюцца новаўвядзенні. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка, які сёння прымае ўдзел у пасяджэнні Гомельскага аблвыканкама.

У ліку новаўвядзенняў - пашырэнне наменклатуры тавараў, якія прадаюцца і купляюцца. У прыватнасці, плануецца пашырыць гандаль шкурамі буйной рагатай жывёлы. "Сітуацыя парадаксальная, што мы толькі прыкладна на 50 працэнтаў закрываем патрэбнасці сваёй гарбарна-абутковай галіны", - дадаў першы віцэ-прэм'ер.

Акрамя таго, у гэтым годзе плануецца арганізаваць правядзенне электронных таргоў не толькі ў буйных абласных цэнтрах, але і ў раённых. "Раней усе таргі былі лакалізаваны ў Мінску і мелі явачны характар, гэта значыць людзі павінны былі прыехаць у сталіцу з усёй Беларусі і ўдзельнічаць у таргах. Сёння мы праводзім электронныя таргі па кожнаму абласному цэнтру. На гэты момант вядзецца работа па адкрыццю філіялаў біржы ў буйных населеных пунктах краіны", - сказаў Уладзімір Сямашка.

Ён адзначыў, што біржа - гэта інструмент, які паказвае рэальную цану таго, што "прадаецца на экспарт і купляецца". Напрыклад, на працягу першага года яе работы ў некалькі разоў узняліся цэны на драўніну, якая пастаўлялася ў Еўропу, Скандынавію, краіны Балтыі. Калі два гады таму гэта прадукцыя пастаўлялася па цане $17-23 за 1 куб.м, то сёння - па $75-80. Тое ж адбылося і з сухім малаком.

ААТ "Беларуская універсальная таварная біржа" зарэгістравана ў маі 2004 года. Біржа створана ў мэтах удасканалення механізма дзяржаўнага рэгулявання ў сферы ўнутранага і знешняга гандлю, развіцця арганізаванага аптовага рынку тавараў, забеспячэння суб'ектам гаспадарання роўнага доступу на рынак і стварэння для іх дадатковых эканамічных стымулаў.


Прэм'ер-міністры Беларусі і Расіі 25 студзеня ў Маскве абмяркуюць пытанні двухбаковага супрацоўніцтва

Прэм'ер-міністры Беларусі і Расіі Сяргей Сідорскі і Віктар Зубкоў 25 студзеня ў Маскве абмяркуюць актуальныя пытанні развіцця двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі.

Аб'ём гандлю таварамі паміж Беларуссю і Расіяй у студзені-лістападзе 2007 года ўзрос на 28,8 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам 2006 года да $23,272 млрд. Пры гэтым экспарт беларускіх тавараў у Расійскую Федэрацыю дасягнуў $8,04 млрд., імпарт з РФ - $15,232 млрд., што перасягае паказчыкі студзеня-лістапада 2006 года адпаведна на 28,9 працэнта і 28,8 працэнта.


С.Сідорскі прыме ўдзел у пасяджэнні Міждзяржсавета ЕўрАзЭС у Маскве

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі прыме ўдзел у пасяджэнні Міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС на ўзроўні Кіраўнікоў урадаў, якое адбудзецца 25 студзеня ў Маскве.

Ключавым пытаннем на пасяджэнні будзе фарміраванне прававой базы Мытнага саюза ў ЕўрАзЭС.

На пасяджэнні таксама плануецца разгледзець праекты некалькіх дакументаў. Гэта, у прыватнасці, Канцэпцыя эфектыўнага выкарыстання водна-энергетычных рэсурсаў Цэнтральна-Азіяцкага рэгіёну, Пагадненне аб асноватворных прынцыпах валютнай палітыкі дзяржаў - членаў Еўразійскага эканамічнага супольніцтва па рэгуляванню і кантролю аперацый, звязаных з рухам капіталу, Пагадненне аб падтрымцы і ўзаемнай абароне інвестыцый у дзяржавах - членах Еўразійскага эканамічнага супольніцтва, Пратакол аб выкарыстанні мытных карт пры перамяшчэнні тавараў праз мытныя граніцы дзяржаў - членаў Еўразійскага эканамічнага супольніцтва.

Акрамя таго, плануецца абмеркаваць праект бюджэту Еўразійскага эканамічнага супольніцтва на 2008 год, ход выканання Прыярытэтных напрамкаў развіцця ЕўрАзЭС на 2003-2006 і наступныя гады і Мерапрыемстваў па іх рэалізацыі.

У парадак дня таксама ўключаны пытанні, якія датычацца распрацоўкі міждзяржаўнай мэтавай праграмы Еўразійскага эканамічнага супольніцтва "Інавацыйныя біятэхналогіі", развіцця сацыяльнай сферы ў дзяржавах - членах ЕўрАзЭС і мер па паглыбленню інтэграцыі ў гэтай галіне.