навіна

ад 23.01.2008

У Беларусі прынята Праграма развіцця рынку карпаратыўных каштоўных папер на 2008-2010 гады


У Беларусі прынята Праграма развіцця рынку карпаратыўных каштоўных папер на 2008-2010 гады

Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў Пастанове Савета Міністраў і Нацыянальнага банка Беларусі нумар 78/1 ад 21 студзеня 2008 года.

Як растлумачылі ў Дэпартаменце па каштоўных паперах Міністэрства фінансаў, галоўная мэта праграмы - стварэнне неабходных умоў для станаўлення цэласнага, ліквіднага, празрыстага і эфектыўнага рынку каштоўных папер як складальніка фінансавага рынку рэспублікі, інтэграванага ў сусветны рынак каштоўных папер, які садзейнічае прыцягненню інвестыцый, перш за ўсё ў рэальны сектар эканомікі.

Праграма ўключае комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на ўстараненне прычын, якія стрымліваюць развіццё карпаратыўнага сегмента рынку каштоўных папер, і прадугледжвае ўдасканаленне падатковага заканадаўства шляхам зніжэння стаўкі падатку на даходы, атрыманыя ад аперацый з каштоўнымі паперамі; зняцце абмежаванняў на адчужэнне акцый; прывядзенне норм, што рэгулююць прымяненне асаблівага права ("залатой акцыі") дзяржавы на ўдзел у кіраванні гаспадарчымі таварыствамі, у адпаведнасць з міжнароднымі правіламі.

Акрамя таго, дакумент прадугледжвае павышэнне эфектыўнасці кіравання дзяржаўнай уласнасцю, стварэнне інстытута калектыўных інвестараў, укараненне новых інструментаў фондавага рынку, выхад прадпрыемстваў краіны на замежныя рынкі каштоўных папер.