навіна

ад 23.01.2008

Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" павінен карэнным чынам змяніцца - А.Косінец


Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" павінен карэнным чынам змяніцца - А.Косінец

Такую задачу паставіў сёння на калегіі Міністэрства культуры Беларусі па выніках работы галіны ў 2007 годзе Намеснік Прэм'ер-міністра Аляксандр Косінец.

Фестываль з году ў год праходзіць дастаткова аднатыпна. Неабходна мяняць падыход і да рэжысуры, і да прадстаўніцтва ўдзельнікаў, лічыць віцэ-прэм'ер. У Віцебску павінна быць закладзена Алея зорак, з запрашэннем персон, якія ўвасабляюць сабой культуру, а таксама ўнеслі ўклад у развіццё фестывалю.

Акрамя конкурсу вакалістаў сярод дарослых і дзіцячага спаборніцтва трэба арганізаваць конкурс сярод прадстаўнікоў юнацкага ўзросту. У цэлым у "Славянскім базары" павінны прымаць удзел выключна зоркі. "Адзін канцэрт Тота Кутуньё абыходзіцца ў суму каля Br600 млн. Запрасіце 5-7 такіх выканаўцаў", - сказаў віцэ-прэм'ер.

На арганізацыю міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ў гэтым годзе плануецца зрасходаваць каля Br4 млрд. На правядзенне гэтага фестывалю ў 2007 годзе былі выдзелены Br3 млрд. 932 млн. Даходы ад мерапрыемстваў фестывалю склалі Br2 млрд. 971 млн. Аляксандр Косінец адзначыў, што нелагічны плануемы даход ад фестывалю ў гэтым годзе Br2 млрд. 783 млн.

Да гэтага часу няма бізнес-плана фестывалю і мерапрыемстваў, якія будуць праводзіцца на працягу летняга перыяду на пляцоўцы амфітэатра. Гэта сцэна не эксплуатуецца на належным узроўні. Трэба запрашаць артыстаў з імем, сусветнага ўзроўню.

Работы па рэканструкцыі замкаў у Нясвіжы і Міры трэба актывізаваць. Такую задачу паставіў сёння на калегіі Міністэрства культуры Беларусі па выніках работы галіны ў 2007 годзе Намеснік Прэм'ер-міністра Аляксандр Косінец.

Тэрміны ўвядзення гэтых аб'ектаў Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы вызначаны: работы на Мірскім замку павінны быць практычна завершаны ў 2008 годзе, у Нясвіжскім - у 2009 годзе. Разам з тым яшчэ шмат пытанняў па адкрыццю гасцініцы, рэстаранаў і іншых аб'ектаў. Негатыўна адбіваецца на развіцці турызму і адсутнасць бізнес-планавання гэтых аб'ектаў.

Сур'ёзная рэканструкцыя плануецца ў Палацы Рэспублікі. Гэта датычыцца як мадэрнізацыі абсталявання, так і абнаўлення залаў. Палац спорту пасля рэканструкцыі павінен стаць аб'ектам двайнога прызначэння - для правядзення спартыўных мерапрыемстваў і культурна-забаўляльных.

Акрамя таго, Аляксандр Косінец завастрыў увагу на неабходнасці прывядзення ў належны від кінатэатраў краіны. "Усе 145 кінатэатраў павінны прыняць удзел у кінафестывалі "Лістапад". Эфектыўнасць правядзення мерапрыемстваў не толькі ў Мінску пацвярджаюць лічбы мінулага года: колькасць гледачоў на фестывальных паказах павялічылася ў два разы ў параўнанні ў 2006-м і склала 90 тыс. А гэта дадатковыя сродкі на развіццё культуры", - сказаў віцэ-прэм'ер.

Крыніцай дадатковых сродкаў можа стаць таксама гандаль сувенірнай прадукцыяй. Акрамя спецыялізаваных магазінаў ва ўсіх рэгіёнах, асартымент такой прадукцыі павінен прысутнічаць і ў прыдарожным сэрвісе.

У сферы культуры неабходна перагледзець кадравую палітыку, у першую чаргу ў пытанні фарміравання рэзерву кіруючых кадраў. Такую задачу паставіў сёння на калегіі Міністэрства культуры Беларусі па выніках работы галіны ў 2007 годзе Намеснік Прэм'ер-міністра Аляксандр Косінец.

Работа з рэзервам кіруючых кадраў пастаўлена недастаткова эфектыўна. "Пайдзі сёння Валянцін Елізар'еў, або Міхаіл Фінберг, або Радзівон Бас - замяніць іх няма каму. У навучальных установах таксама не падрыхтаваны рэзерв", - адзначыў віцэ-прэм'ер.

На беларускіх тэлеканалах няма праектаў, аналагічных расійскім "Дзве зоркі", "Калядныя сустрэчы", дзе побач са знакамітымі майстрамі выступаюць і маладыя. У Беларусі неабходна стварыць магутную навукова-педагагічную школу, з тым каб мэтры эстрады, тэатральнага мастацтва перадавалі сваё майстэрства выхаванцам.

У сферы культуры настаў час, калі павінны прыйсці менеджэры - спецыялісты, якія ўмеюць прадставіць, падаць таленавітых артыстаў, музыкантаў, якіх у Беларусі нямала. Трэба, каб таленавітыя людзі былі ацэнены ў сваёй краіне, а не працавалі ў сумежных дзяржавах, дзе артысты заключаюць дагаворы на вельмі жорсткіх умовах, і ў канчатковым выніку больш працуюць на менеджэра і мінімальна атрымліваюць за свой талент.

Аляксандр Косінец таксама адзначыў, што неабходна рыхтаваць кадры ў адпаведнасці з патрэбнасцямі дзяржавы. Не павінна быць так, каб ад спецыялістаў, якія паехалі па размеркаванню, на месцах адмаўляліся. І перапрафілявання кадраў таксама не павінна быць. Па самых сціплых падліках, дзяржава страчвае штогод у выніку змянення спецыялістамі прафесіі больш як Br50 млрд. У Беларусі будзе распрацоўвацца праграма "Малады спецыяліст", сказаў віцэ-прэм'ер. Але пры гэтым на месцах спецыяліст павінен быць забяспечаны жыллём, яму неабходна прадаставіць умовы для работы і заработную плату. Тады ніякага адтоку кадраў у вёсцы не будзе, рэзюмаваў Намеснік Прэм'ер-міністра.