навіна

ад 21.01.2008

Напружанасць на рынку рабочай сілы ў 2008 годзе трэба будзе знізіць у 23 малых гарадах Беларусі

Напружанасць на рынку рабочай сілы ў 2008 годзе трэба будзе знізіць у 23 малых гарадах Беларусі

У 23 малых гарадах Беларусі з устойліва высокім узроўнем беспрацоўя, што перавышае сярэднеабласныя ўзроўні, у 2008 годзе неабходна знізіць напружанасць на рынку рабочай сілы. Такая задача пастаўлена ў дзяржаўанй праграме садзейнічання занятасці насельніцтва рэспублікі на 2008 год.

Праект гэтай праграмы будзе абмяркоўвацца 22 студзеня на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, якое пройдзе пад старшынствам Прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага.

Дзяржпраграма садзейнічання занятасці насельніцтва на бягучы год распрацавана на аснове важнейшых параметраў і асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2008 год. У ёй улічаны прапановы рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, аблвыканкамаў, аб'яднанняў наймальнікаў і прафсаюзаў, грамадскіх аб'яднанняў інвалідаў. Галоўная мэта праграмы - далейшае павышэнне эфектыўнасці выкарыстання працоўных рэсурсаў. Плануецца павялічыць колькасць занятых у эканоміцы да канца 2008 года да 4460-4535 тыс. чалавек. На лістапад 2007 года гэты паказчык склаў 4439,1 тыс. чалавек. Пастаўлена таксама задача - забяспечыць узровень рэгіструемага беспрацоўя на канец 2008 года ў межах 1,2-1,4 працэнта ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.

Акрамя таго, намечана забяспечыць дзяржаўнымі сацыяльнымі гарантыямі 148,3 тыс. беспрацоўных у выглядзе выплат дапамог па беспрацоўю, кампенсацыйных выплат, аказання матэрыяльнай дапамогі. Неабходна таксама садзейнічаць працаўладкаванню мэтавым групам насельніцтва, якія асабліва маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне - інвалідам, моладзі, жанчынам, якія працяглы час не працуюць, грамадзянам, якія вызваліліся з устаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС.

Мерапрыемствамі па рэалізацыі праграмы плануецца выдзяленне фінансавых сродкаў, што накіроўваюцца на стварэнне рабочых месц для інвалідаў. Для працаўладкавання інвалідаў таксама прадугледжваецца павелічэнне наймальнікам броні прыёму на работу.

У Беларусі цяпер попыт на рабочую сілу павялічыўся. На 1 студзеня 2008 года ў органы па працы, занятасці і сацабароны паступілі звесткі аб наяўнасці 50,8 тыс. вакансій, што склала 113,3 працэнта да ўзроўню 2006 года. Попытам на рынку працы карыстаюцца рабочыя будаўнічых спецыяльнасцей (муляры, страхары, мантажнікі, тынкоўшчыкі), рабочыя па металаапрацоўцы (токары, фрэзероўшчыкі, шліфоўшчыкі). Па-ранейшаму захоўваецца высокі попыт на ўрачоў, інжынераў-праграмістаў, інжынераў-будаўнікоў, інжынераў-канструктараў.

У той жа час у апошнія гады практычна не запатрабаваны на рынку рабочай сілы педагогі, таваразнаўцы, юрысты, эканамісты, асабліва з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

На 1 студзеня 2008 года на ўліку былі 44,1 тыс. беспрацоўных (84,7 працэнта ад колькасці беспрацоўных на 1 студзеня 2007 года). Узровень беспрацоўя ўтрымліваўся ў сацыяльна дапушчальных межах - 1 працэнт ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.

За студзень-лістапад 2007 года знізіўся ўзровень беспрацоўя ў 87 са 130 рэгіёнаў рэспублікі. У малых і сярэдніх гарадах Беларусі зменшылася колькасць беспрацоўных на 2,9 тыс. чалавек, або на 20,7 працэнта. Знізілася колькасць беспрацоўных у 28 з 29 малых гарадоў, уключаных у дзяржпраграму занятасці на 2007 год. Перыяд працаўладкавання беспрацоўных скараціўся з 2,8 да 2,2 месяца.

Разам з тым нягледзячы на атрыманыя вынікі, на рынку працы па-ранейшаму захоўваецца значны структурны і тэрытарыяльны дысбаланс попыту і прапанавання рабочай сілы. Застаецца актуальнай праблема жаночага і маладзёжнага беспрацоўя. Складана вырашаюцца пытанні працаўладкавання інвалідаў, грамадзян, якія вызвалены з месц пазбаўлення волі.

Аналіз паказвае, што ў 2008 годзе рынак рабочай сілы рэспублікі будзе фарміравацца пры скарачэнні колькасці працоўных рэсурсаў. Будзе захоўвацца наяўнасць залішняй рабочай сілы ў адных арганізацыях пры яе дэфіцыце на рэгіянальных рынках працы. Чакаецца таксама скарачэнне колькасці працоўных рэсурсаў за кошт змяншэння працаздольнага насельніцтва ў працаздольным узросце.

Патэнцыяльнай крыніцай росту рэгіструемага беспрацоўя з'яўляецца і эканамічна неактыўнае насельніцтва, а таксама працэсу перарэгістрацыі індывідуальных прадпрымальнікаў у прыватныя унітарныя прадпрыемствы, рэарганізацыя неплацежаздольных прадпрыемстваў і арганізацый, прадукцыя якіх не карыстаецца ўстойлівым попытам.