навіна

ад 18.01.2008

Гомельшчына займае адну з вядучых пазіцый у сістэме народнай гаспадаркі Беларусі - С.Сідорскі

Гомельшчына займае адну з вядучых пазіцый у сістэме народнай гаспадаркі Беларусі - С.Сідорскі

Гомельская вобласць займае адну з вядучых пазіцый у сістэме народнай гаспадаркі нашай краіны. Такую характарыстыку даў сёння Гомельшчыне ў гутарцы з журналістамі Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, які знаходзіцца з рабочай паездкай у Гомелі і прымае ўдзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных 70-годдзю стварэння вобласці.

"Бадай, менавіта за гэтым рэгіёнам замацавалася імя самага паспяховага і высокаразвітога індустрыяльнага рэгіёну Рэспублікі Беларусь, - падкрэсліў Сяргей Сідорскі. - Ён мае значны прамысловы патэнцыял і займае па аб'ёму прамысловай вытворчасці першае месца ў краіне".

Урад краіны ўдзяляе вялікую ўвагу развіццю эканамічнага патэнцыялу Гомельшчыны. Толькі ў мінулым годзе, паводле слоў Сяргея Сідорскага, тут было створана больш як 70 новых вытворчасцей і з'явілася 25 аграгарадкоў. Вобласць зноў пацвердзіла лідзіруючыя пазіцыі ў рэспубліцы па тэмпах росту інвестыцый у асноўны капітал, якія значна вышэйшыя за прагноз. З ліку рэалізаваных у 2007 годзе праектаў найбольш буйнымі з'яўляюцца комплекс па вытворчасці бясшвовых труб на Беларускім металургічным заводзе, пашырэнне вытворчасці на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе, пачатак прамысловай вытворчасці новых узораў збожжаўборачнай тэхнікі ў аб'яднанні "Гомсельмаш". Вобласць больш як на трэць павялічыла аб'ём знешняга гандлю, а дадатнае сальда гандлю перасягнула $2 млрд.

Не менш дынамічна будзе ісці развіццё рэгіёну і ў 2008 годзе, адзначыў Сяргей Сідорскі. У прыватнасці, у ААТ "Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод" будуць уведзены ў строй магутнасці па вытворчасці алкілату - высокаактанавай экалагічна чыстай дабаўкі ў бензін для паляпшэння яго якасці. Прадоўжацца таксама работы па стварэнню ўстаноўкі па гідраачыстцы ад серы бензіну, што дасць магчымасць атрымліваць маторнае паліва высокай якасці і з палепшанымі экалагічнымі характарыстыкамі.