навіна

ад 30.11.2010

Пры Урадзе Беларусі створаны Рэспубліканскі савет па справах культуры і мастацтва

Пры Урадзе Беларусі створаны пастаянна дзеючы Рэспубліканскі савет па справах культуры і мастацтва. Такое рашэнне прынята пастановай Савета Міністраў ад 24 лістапада 2010 года нумар 1719.

У склад савета ўвайшлі аўтарытэтныя дзеячы культуры і мастацтва, такія як народныя артысты СССР і Беларусі Расціслаў Янкоўскі, Валянцін Елізар'еў, народныя артысты Беларусі Генадзь Аўсяннікаў, Міхаіл Фінберг, Анатоль Ярмоленка, старшыні творчых саюзаў, навуковыя супрацоўнікі і грамадскія дзеячы Адам Мальдзіс, Алег Трусаў, прадстаўнікі рэгіёнаў, а таксама папулярныя артысты Алег Хаменка, Вольга Гайко.

Высокі статус савета дасць магчымасць абмяркоўваць і ўносіць на разгляд урада прапановы па ключавых праблемах развіцця культуры і мастацтва, па вызначэнню асноўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры і канкрэтных мер па яе рэалізацыі, падтрымцы канкрэтных грамадска значных культурных праектаў.

Работа Рэспубліканскага савета па справах культуры і мастацтва дасць магчымасць забяспечыць больш шырокі ўдзел творчай інтэлігенцыі ў ажыццяўленні дзяржаўнай культурнай палітыкі, аб'ектыўную ацэнку праблемных пытанняў і распрацоўку канкрэтных мер па іх выкананню.​