Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 23.04.2008

Рабочая паездка Прэм'ер-міністра Беларусі ў Магілёўскую вобласць

Рабочая паездка Прэм'ер-міністра Беларусі ў Магілёўскую вобласць

Прадпрыемствы перапрацоўчай галіны Беларусі будуць поўнасцю перааснашчаны на працягу бліжэйшых 2-3 гадоў. Аб гэтым паведаміў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі пад час рабочай паездкi ў Магілёўскую вобласць. Кiраўнiк Урада знаёміўся з ходам рэалізацыі трох буйных інвестпраектаў: па будаўніцтву завода па перапрацоўцы бульбы на крухмал у ААТ "Новая Друць" Бялыніцкага раёна, рэканструкцыі і мадэрнізацыі ААТ "Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод" і КВУП "Слаўгарадскі харчавік".

Паводле слоў Сяргея Сідорскага, у Беларусі плануецца рэканструяваць 24 такія ж, як у Быхаве, вытворчасці, што прадугледжана адпаведным указам прэзідэнта. На гэтыя мэты выдзелены фінансавыя рэсурсы. "Гэта будуць сучасныя заводы замкнутага цыкла: поле - перапрацоўка - упакоўка", - адзначыў Прэм'ер-міністр.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што цяпер галоўнае для кансервавай галіны - "увязаць вытворцу сыравіны і перапрацоўшчыка і стварыць аграхолдынгавыя структуры, якія былі б зацікаўлены пастаўляць якасную сыравіну на кансервавую вытворчасць, а перапрацоўшчыкі, у сваю чаргу, - рэалізаваўшы прадукцыю, дзяліцца часткай прыбытку з вытворцамі сыравіны".

Другая важная задача, лічыць Сяргей Сідорскі, - рэалізаваць прадукцыю, бо ў выніку перааснашчэння перапрацоўчых прадпрыемстваў яе вытворчасць павялічыцца ў Беларусі ў два разы - да 400 млн. умоўных слоікаў. "Трэба, каб наш гандаль працаваў на будучае прадпрыемства, а менеджэры, якія будуць прадаваць кансервавую прадукцыю, выходзілі на тавараправодную сетку за межамі рэспублікі", - сказаў Прэм'ер.

Папераробную машыну на заводзе газетнай паперы ў Шклове плануецца запусціць да 1 мая, паведаміў ў Слаўгарадзе Прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі. Цяпер ужо ўвязаны ўвесь тэхналагічны цыкл вытворчасці і набліжаецца да завяршэння наладка машыны. "У ходзе наладкі давялося не раз уносіць змяненні ў тэхналагічны працэс, прыняты два года таму праект зменены практычна на 30 працэнтаў. У выніку мы атрымалі суперсучасную вытворчасць, аналагаў якой няма ў СНД", - падкрэсліў кіраўнік Урада.

Як расказаў Сяргей Сідорскі, у свеце існуе ўсяго 10 такіх сучасных заводаў па вытворчасці газетнай паперы, у ліку якіх і беларускі. Прычым будаўніцтва завода ў Шклове каштавала на 20 працэнтаў танней, а энергаспажыванне пры вытворчасці паперы будзе зніжана прыкладна на 40 працэнтаў. Штогод на заводзе плануецца выпускаць 40 тыс.т газетнай паперы, з іх 20 тыс.т звычайнай і 20 тыс.т лёгкай мелаванай.

Камунальнае вытворчае унітарнае прадпрыемства "Слаўгарадскі харчавік" (Магілёўская вобласць) пачало мантаж асноўнага тэхналагічнага абсталявання па вытворчасці сушаных прадуктаў з выкарыстаннем сучаснай энергазберагальнай тэхналогіі сушкі інфрачырвоным выпрамяненнем. Аб гэтым паведаміў дырэктар прадпрыемства Аляксандр Самусеў.

КВУП "Слаўгарадскі харчавік" сёння наведаў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі ў час рабочай паездкі па Магілёўскай вобласці.

Паводле слоў дырэктара прадпрыемства, мантаж тэхналагічнай лініі расійскай кампаніі "Руская ежа" вядзецца паралельна з будаўніча-мантажнымі работамі, якія знаходзяцца ў стадыі завяршэння. Рэалізацыя праекта дасць магчымасць забяспечыць перапрацоўку ўсіх відаў агародніны, садавіны, зяленіва, садовых і дзікарослых ягад і наладзіць вытворчасць кампанентаў страў хуткага прыгатавання. Запланаваныя аб'ёмы вытворчасці сушанай прадукцыі складуць да 1050 т у год, з іх амаль 50 працэнтаў плануецца экспартаваць.

На ажыццяўленне інвестпраекта ўжо зрасходавана больш як Вr5 млрд., а ўсяго, з улікам будаўніцтва тут у бліжэйшай перспектыве двух сучасных агароднінасховішчаў умяшчальнасцю 1,5 тыс.т кожнае, плануецца ўкласці амаль Вr24 млрд.

Увод тэхналагічнай лініі запланаваны на снежань бягучага года. У выніку рэалізацыі праекта ў Слаўгарадзе будзе створана 130 новых рабочых месц.