Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 18.04.2008

Прэм'ер-міністр Беларусі прадставiў калектыву Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання новага міністра Сямёна Шапіру

Прэм'ер-міністр Беларусі прадставiў калектыву Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання новага міністра Сямёна Шапіру

Аграпрамысловы комплекс Беларусі павінен развівацца больш высокімі тэмпамі. Аб гэтым заявіў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, прадстаўляючы калектыву Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання новага міністра Сямёна Шапіру. "Ва Урада ёсць шмат прэтэнзій да работы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. На жаль, папярэдні міністр, яго намеснікі мала ўвагі ўдзялялі рэалізацыі праграмы развіцця вёскі. У асноўным вяліся абмеркаванні, але рэальная работа па яе выкананню не праводзілася", - падкрэсліў Сяргей Сідорскі.

Паводле яго слоў, сельскагаспадарчы сектар эканомікі Беларусі, пры ўсіх поспехах за апошні час па асобных паказчыках, у цэлым не спраўляецца з тымі задачамі, якія паставіў Прэзідэнт.

"Я ў мінулым звяртаў увагу кіраўніцтва Мінсельгасхарча на недапрацоўкі, але гэта не знаходзіла разумення", - адзначыў Прэм'ер-міністр. Сёння ёсць факт: нізкія тэмпы росту аб'ёмаў сельгасвытворчасці ў краіне. "Але кіраўніцтва Мінсельгасхарча лічыць, што так і павінна быць", - дадаў ён.

Таксама Сяргей Сідорскі звярнуў увагу на тое, што кіраўніцтва міністэрства шмат разважала аб тым, быць ці не быць айчыннай сельгастэхніцы на палях краіны. "Прэзідэнт даў даручэнне: працаваць на беларускай тэхніцы, высокаэфектыўнай, прадукцыйнай", - нагадаў кіраўнік беларускага Урада. Акрамя таго, пры былым кіраўніцтве ў міністэрстве не абмяркоўваліся пытанні будаўніцтва новых ферм, комплексаў.

Цяпер, адзначыў Сяргей Сідорскі, перад АПК стаяць важныя задачы (тэхпераўзбраенне прадпрыемстваў, нарошчванне экспартных паставак сельгаспрадукцыі, развіццё інфраструктуры ў вёсцы і іншыя). Для іх вырашэння трэба "рэальна працаваць".

У сувязі з гэтым было прынята рашэнне аб змене міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. Ім стаў Сямён Шапіра, які раней узначальваў ААТ "Агракамбінат "Дзяржынскі". Сяргей Сідорскі падкрэсліў, што ў гэтага чалавека ёсць паспяховы вопыт работы ў сельскай гаспадарцы. Ён выказаў надзею, што пад кіраўніцтвам Сямёна Шапіры Мінсельгасхарч дасягне больш высокіх вынікаў. Тым больш што дзяржава аказвае АПК немалую фінансавую падтрымку. Акрамя таго, неабходна дабіцца больш эфектыўнага расходавання сродкаў, павышэння рэнтабельнасці работы сельгаспрадпрыемстваў.