навіна

ад 14.01.2008

У Беларусі на ўтрыманне аўтадарог штогод выдзяляецца каля 70 працэнтаў неабходнага аб'ёму сродкаў

У Беларусі на ўтрыманне аўтадарог штогод выдзяляецца каля 70 працэнтаў неабходнага аб'ёму сродкаў

У Беларусі на ўтрыманне аўтамабільных дарог штогод выдзяляецца каля 70 працэнтаў ад аб'ёму сродкаў, неабходнага для выканання ўсіх работ з пэўнай цыклічнасцю і прадугледжанага нарматыўнымі дакументамі. Аб тым, як вырашаецца гэта і іншыя праблемы дарожнай галіны рэспублікі, пойдзе размова на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў. Яно адбудзецца 15 студзеня і пройдзе пад старшынствам Прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага. Будзе абмяркоўвацца ход выканання ў 2006-2007 гадах праграмы "Дарогі Беларусі" на 2006-2015 гады і развіццё прыдарожнага сэрвісу.

За два мінулыя гады прынятыя Мінтрансам і аблвыканкамамі меры далі магчымасць забяспечыць на належным узроўні ўтрыманне аўтамабільных дарог агульнага карыстання на ўсёй працягласці - 82,9 тыс.км. Разам з тым заданні па будаўніцтву, рэканструкцыі, капітальнаму і бягучаму рамонтах аўтамабільных дарог, устаноўленыя праграмай "Дарогі Беларусі", не выкананы. Так, у 2006-2007 гадах рэканструявана і пабудавана 274 км аўтамабільных дарог, што склала 44 працэнты ад задання праграмы. Капітальна адрамантавана 1385 км дарог (79 працэнтаў).

Паводле даных Міністэрства транспарту і камунікацый, забяспечанасць дарожнай гаспадаркі фінансавымі сродкамі ў 2006 годзе склала Br1,5 трлн. (90,6 працэнта да праграмы). У 2007 годзе прафінансавана Br1,6 трлн. з улікам крэдыту ў суме Br117 млрд. (70 працэнтаў). У 2008 годзе плануецца на дарожную гаспадарку накіраваць больш як Br1,7 трлн. з улікам крэдыту Br318 млрд. Гэта складае 64,1 працэнта ад неабходнага па праграме.

За кошт выдзяляемых сродкаў у першую чаргу выконваюцца работы па ліквідацыі дэфектаў, якія непасрэдна ўплываюць на бяспеку руху.

Па бягучым рамонце выконваліся работы, якія таксама ў першую чаргу ўплываюць на бяспеку дарожнага руху. Праводзіліся гарызантальная разметка дарог, ліквідаваліся дэфекты канструктыўных элементаў дарогі і маставых збудаванняў. У выніку за апошнія два гады выкананы бягучы рамонт 8613 км дарог агульнага карыстання. На бягучы рамонт накіравана Br338 млрд. з улікам крэдытных рэсурсаў. Але гэта склала толькі 18 працэнтаў ад праграмы дарожных работ.

Пры капітальным рамонце аднаўлялася і павялічвалася нясучая здольнасць дарожных пакрыццяў. Яны даводзяцца да нарматыўных патрабаванняў роўнасці, счаплення, ухілаў, шырыні праезнай часткі, абочын, паляпшаюцца паказчыкі маставых збудаванняў. На капітальны рамонт за два гады накіравана з улікам крэдыту Br656 млрд. (35 працэнтаў ад праграмы дарожных работ).

Праграмай таксама прадугледжана фінансаванне работ па ўдасканаленню аўтамабільных дарог, што ўваходзяць у міжнародныя транспартныя калідоры. За два гады на гэтыя мэты накіравана Br353,8 млрд. На 1 студзеня 2008 года працягласць аўтамабільных дарог на напрамках міжнародных транспартных калідораў і іншых грузанапружаных участкаў дарог склала 808 км. У выніку на шэрагу ўчасткаў транспартных калідораў і на найбольш грузанапружаных маршрутах зняты абмежаванні руху па вагавых параметрах.

На 2008 год прадугледжана накіраваць на дарожныя работы Br1,258 трлн., што складае 56,8 працэнта па праграме "Дарогі Беларусі". На гэтыя грошы трэба будзе забяспечыць утрыманне дарог на ўсёй працягласці. Неабходна таксама выканаць бягучы рамонт больш як 3,2 тыс.км дарог агульнага карыстання, 1,4 тыс.км рэспубліканскіх і 1,8 тыс.км мясцовых дарог.