Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 23.05.2011

Праграма развіцця страхавой дзейнасці на 2011-2015 гады прынята ў Беларусі

Рэспубліканская праграма развіцця страхавой дзейнасці на 2011-2015 гады зацверджана Урадам Беларусі. Адпаведнае рашэнне прынята пастановай Савета Міністраў ад 20 мая 2011 года нумар 631.

Праграма распрацавана з улікам вынікаў ацэнкі сучасных тэндэнцый развіцця страхавога рынку Беларусі, якія сведчаць аб росце ролі страхавання ў сістэме сацыяльна-эканамічных і фінансавых адносін.

Разам з тым, на сёння страхаванне ў Беларусі развіта недастаткова. Сума страхавых узносаў, якая прыпадае на аднаго чалавека, складае Br142 тыс. або $48. Для параўнання, у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы гэты паказчык складае ад $75 да $495.

Такая сітуацыя ўплывае і на ўдзел галіны страхавання ў фарміраванні валавога ўнутранага прадукту. Удзельная вага страхавых узносаў у ВУП склала 0,82 працэнта. На фоне краін Еўрапейскага саюза, дзе доля страхавых узносаў у ВУП вагаецца ад 5 да 16 працэнтаў, паказчык Беларусі невялікі. У сувязі з гэтым неабходна ў далейшым павышаць узровень забеспячэння страхавой абаронай грамадзян і прадпрыемстваў.

На выпраўленне сітуацыі ў гэтай сферы якраз і накіравана Рэспубліканская праграма развіцця страхавой дзейнасці на 2011-2015 гады.

Праграмай прадугледжваецца ўкараненне новых відаў страхавання, страхавых тэхналогій, павышэнне якасці страхавых паслуг, прадастаўленне роўных правоў на ажыццяўленне дзейнасці для страхавых арганізацый усіх форм уласнасці. Плануецца ўдасканаліць сістэму падатковых стымулаў для спажыўцоў страхавых паслуг. Далейшае развіццё атрымаюць добраахвотныя віды страхавання. Асаблівую ўвагу трэба будзе ўдзяліць добраахвотнаму страхаванню жыцця і дадатковай пенсіі.

Важным элементам развіцця страхавой галіны павінна стаць маштабная лібералізацыя заканадаўства аб страхаванні, якая створыць сур'ёзныя перадумовы для прыходу замежных інвестараў у гэту сферу. Нацыянальнае заканадаўства будзе адпавядаць еўрапейскім падыходам і сусветнай практыцы.

Рэалізацыя праграмы дасць магчымасць давесці ўдзельную вагу страхавых узносаў у ВУП да канца пяцігодкі да 1,2 працэнта.​