Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 23.11.2015

Андрэй Кабякоў сустрэўся з губернатарам Ленінградскай вобласці

Беларусі і Ленінградскай вобласці Расіі неабходна знайсці рэзервы для нарошчвання ўзаемнага тавараабароту як мінімум да $700 млн. Пра гэта заявіў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы з губернатарам Ленінградскай вобласці Аляксандрам Драздзенкам.

Прэм'ер-міністр Беларусі канстатаваў, што ў супрацоўніцтва Беларусі з Ленінградскай вобласцю сур'ёзная аснова. "У нас працуе камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Тым не менш, сустрэчы вельмі карысныя, каб знайсці новыя рэзервы, зламаць сталыя стэрэатыпы для таго, каб знайсці новыя магчымасці для нарошчвання ўзаемнага тавараабароту", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, Беларусь і Ленінградская вобласць маюць стабільны тавараабарот $500 млн. "Не са многімі краінамі ў нас так складваюцца адносіны. Намецілася тэндэнцыя на невялікае зніжэнне, таму мы павінны зрабіць усё, каб яе пераламаць і пачаць нарошчваць, як мы і дамовіліся, да $700 млн", - сказаў кіраўнік беларускага Урада.

Андрэй Кабякоў канстатаваў, што Ленінградская вобласць з'яўляецца развітым аграрным рэгіёнам, многія беларускія кампаніі, якія працуюць у гэтай сферы, актыўна ўзаемадзейнічаюць з калегамі з гэтага расійскага рэгіёна. "Сем-восем гадоў таму мы вялі размову аб тым, што вам патрэбны трактары больш магутныя, чым беларускія. Думаю, што цяпер для вас не сакрэт, што мы асвоілі шырокую гаму энерганасычанай тэхнікі. Мы хацелі б цесна з вамі папрацаваць над магчымасцямі, якія ў нас з'явіліся", - адзначыў ён.

Таксама Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што Беларусь мае добрыя напрацоўкі ў перапрацоўчай прамысловасці. "Думаю, што магчымы не толькі абмен вопытам, але і стварэнне сумесных прадпрыемстваў па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі", - лічыць Андрэй Кабякоў. Паводле яго слоў, у Беларусі і Ленінградскай вобласці нядрэнныя магчымасці супрацоўніцтва ў племянной жывёлагадоўлі.

Кіраўнік беларускага Урада таксама канстатаваў, што Беларусь прапануе шырокую лінейку камунальнай і дарожна-будаўнічай тэхнікі. "Мы ведаем, што ў вас ёсць праграма дарожнага будаўніцтва. Мы гатовы ўдзельнічаць на ўсіх умовах - як падрадныя арганізацыі, так і генпадрадную функцыю выконваць, займацца праектаваннем", - запэўніў Андрэй Кабякоў.

Прэм'ер-міністр адзначыў, што Беларусь гатова актывізаваць супрацоўніцтва з Ленінградскай вобласцю. "Думаю, нам ёсць што дабавіць, чым па-добраму адзін аднаго здзівіць з тым, каб мы не зніжалі наш тавараабарот, а выйшлі на траекторыю ўстойлівага росту", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

У сваю чаргу губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка сказаў, што зніжэнне ўзаемнага тавараабароту ў бягучым годзе абумоўлена курсавымі розніцамі. "Сёння ў нас з вамі ёсць магчымасць па-новаму паглядзець на ўжо існуючыя гандлёва-эканамічныя адносіны", - адзначыў ён. Паводле яго слоў, сёння беларускія тавары любой наменклатуры маюць прыярытэт у параўнанні з іншымі пастаўшчыкамі па суадносінах "цана-якасць".

Фотаздымкі