Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 01.06.2016

Андрэй Кабякоў уручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам працоўных калектываў

Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў уручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам працоўных калектываў.

"Сёння ў першы каляндарны дзень лета па даручэнні Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі будуць уручаны заслужаныя дзяржаўныя ўзнагароды лепшым прадстаўнікам працоўных калектываў нашай краіны. У гэтай зале - прадстаўнікі розных прафесій: сацыяльныя работнікі, урачы, выкладчыкі, вучоныя, работнікі прамысловасці і будаўнікі, прадстаўнікі мытных органаў, дзяржаўныя служачыя, журналісты, творчая інтэлігенцыя. Кожны з вас унёс уклад у развіццё незалежнай і квітнеючай Беларусі", - адзначыў Андрэй Кабякоў, звяртаючыся да прысутных.

Паводле яго слоў, сімвалічна, што ў Дзень абароны дзяцей, які адзначаецца сёння, дзяржаўныя ўзнагароды атрымліваюць сацыяльныя работнікі. "У Беларусі ахова дзяцінства, абарона правоў і інтарэсаў дзяцей - адзін з прыярытэтных напрамкаў у дзейнасці дзяржавы. Рэалізацыя сацыяльнай палітыкі, накіраванай на забеспячэнне дастойнага дзяцінства, з'яўляецца неабходнай умовай устойлівага развіцця краіны як на бліжэйшым этапе, так і ў доўгатэрміновай перспектыве", - канстатаваў Прэм'ер-міністр.

Дзяржава захоўвае свае сацыяльныя абавязацельствы па падтрымцы сем'яў і дзяцей. У краіне забяспечаны рост памераў дапамог па доглядзе дзяцей, уведзены дадатковыя віды матэрыяльнай падтрымкі сем'яў, прадастаўляецца шырокі спектр сацыяльных паслуг. Сістэма падтрымкі шматдзетных сем'яў узмоцнена ўвядзеннем сямейнага капіталу.

Сёння ўручаны падзякі Прэзідэнта за забеспячэнне датэрміновага ўводу ў эксплуатацыю Рэспубліканскага цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі. "Абсталяванне цэнтра дапамагае ажыццяўляць раннюю дыягностыку захворванняў, назначаць схему лячэння, выбіраючы лякарства, якое падыдзе пацыенту лепш за ўсё", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Таксама падзякі Прэзідэнта атрымалі людзі, якія ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. "За мінулыя гады ў рэабілітацыю пацярпелых тэрыторый былі ўкладзены дзясяткі мільярдаў долараў, і затрачаныя намаганні былі не дарэмнымі, - адзначыў Андрэй Кабякоў. - Нядаўна на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы мы з расійскім калегам прыйшлі да агульнага меркавання ў пытаннях аказання комплекснай дапамогі асобным катэгорыям грамадзян Беларусі і Расіі, пацярпелым ад катастрофы на ЧАЭС. Аказанне такой дапамогі плануецца ажыццявіць на базе трох спецыялізаваных медцэнтраў нашых краін".

Сярод узнагароджаных - група работнікаў Аршанскага льнокамбіната. "Сёння прадпрыемства займае 8 працэнтаў сусветнага рынку тэхнічных тканін з лёну і забяспечвае 3 працэнты сусветнага рынку льняных тканін. Дзякуючы тэхпераўзбраенню на прадпрыемстве сёння выпускаюцца тканіны, якія адпавядаюць еўрастандартам", - сказаў Прэм'ер-міністр.

За шматгадовую плённую дзейнасць, высокі прафесіяналізм, вялікі асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай журналістыкі аб'яўлена падзяка Прэзідэнта прадстаўнікам рэдакцыі "Сельской газеты".

Асобныя словы ўдзячнасці Андрэй Кабякоў сказаў настаўнікам, выкладчыкам і вучоным. "Вы ўносіце вялікі ўклад у развіццё навукі, станаўленне інавацыйнай эканомікі, эканомікі ведаў, прафесійную падрыхтоўку падрастаючага пакалення", - падкрэсліў кіраўнік беларускага Урада.

Высока ацэнены дасягненні Мінскай вобласці. Сярод узнагароджаных - супрацоўнікі аблвыканкама. "Яны атрымаюць медалі за працоўныя заслугі. Адзначаны іх асабісты ўклад у забеспячэнне законнасці, умацаванне правапарадку, абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян, развіццё нацыянальнай культуры і творчасці Беларусі, у ахову здароўя насельніцтва і грамадска-палітычнае развіццё вобласці", - канстатаваў Андрэй Кабякоў.

"Усе вы ведаеце, што 2016 год аб'яўлены ў Беларусі Годам культуры, таму мне ўдвайне прыемна ўручыць узнагароды нашай творчай інтэлігенцыі. Сёння медалі Францыска Скарыны атрымаюць нашы папулярныя акцёры і тэлевядучыя", - сказаў ён.

Андрэй Кабякоў завяршыў выступленне словамі Бенджаміна Франкліна: "Вы будзеце мець усё, калі не будзеце перажываць, каму дастануцца ўзнагароды за вашы заслугі".

Усяго дзяржаўныя ўзнагароды з рук Прэм'ер-міністра атрымалі больш як 50 чалавек.


Фотаздымкі