Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 01.06.2016

Андрэй Кабякоў сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам рэгіёна Еўропы і Цэнтральнай Азіі Сусветнага банка

Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў разлічвае, што да 2017 года будзе падрыхтавана ўзважаная эфектыўная стратэгія партнёрства Беларусі і сусветнага банка на бліжэйшую перспектыву. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам рэгіёна Еўропы і Цэнтральнай Азіі Сусветнага банка Сірылам Мюлерам.

"Мы ўдзячны банку за фінансавую падтрымку і арыентаванасць сумесных праектаў на вырашэнне найбольш актуальных задач эканамічнага развіцця і паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва Беларусі. Для нас важны вельмі высокі экспертны патэнцыял банка ў правядзенні аналітычных даследаванняў па розных напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця, - адзначыў Андрэй Кабякоў. - Са свайго боку мы гатовы прапанаваць значны набыты вопыт экспертаў канструктыўнай работы над сумеснымі праектамі і даследаваннямі. Упэўнены, што ўсё гэта дасць магчымасць да 2017 года падрыхтаваць узважаную эфектыўную новую стратэгію партнёрства на бліжэйшую перспектыву".

Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што Беларусь надае вялікае значэнне супрацоўніцтву з Сусветным банкам. "Мы заўсёды разглядаем Сусветны банк у якасці важнага і сур'ёзнага партнёра, які мае значныя інвестыцыйныя рэсурсы і самыя перадавыя вопыт і веды", - сказаў кіраўнік беларускага ўрада.

Андрэй Кабякоў канстатаваў, што за 20-гадовую гісторыю супрацоўніцтва Беларусь атрымала значную фінансавую падтрымку ад Сусветнага банка ў ходзе рэалізацыі сумесных праектаў, за гэты час у развіццё важных напрамкаў банкам інвесціравана амаль $1,5 млрд ільготных крэдытных рэсурсаў. "Толькі за апошнія шэсць гадоў Беларусь атрымала амаль $1 млрд рэсурсаў банка, гэта вельмі паказальныя вынікі", - сказаў ён.

У сваю чаргу віцэ-прэзідэнт рэгіёна Еўропы і Цэнтральнай Азіі Сусветнага банка Сірыл Мюлер заявіў, што Сусветны банк зацікаўлены ў рэалізацыі сумесных праектаў з Беларуссю.

"Хачу падзякаваць за цёплыя словы адносна партнёрскіх адносін паміж Беларуссю і Сусветным банкам. Мы ганарымся работай, якую правялі з вашай краінай. За апошнія гады мы значна нарасцілі партфель праектаў. У нас склалася добрая гісторыя рэалізацыі праектаў у Беларусі і ацэнкі іх вынікаў, - адзначыў Сірыл Мюлер. - Хачу, каб мы прадаўжалі рухацца па гэтай траекторыі і рэалізоўвалі праекты, якія даюць адчувальныя вынікі".

Беларусь з'яўляецца членам Сусветнага банка з 1992 года. Па стане на 19 мая Беларусі належыць 4 тыс. 889 галасоў (0,21 працэнта ад агульнай колькасці) і 4 тыс. 211 акцый (0,19 працэнта).

Дзеючы партфель уключае 9 інвестыцыйных пазык на суму амаль $1 млрд і 4 гранты на агульную суму амаль $8,8 млн. Агульная сума інвестыцый Сусветнага банка з 1992 па 2016 год склала $1,5 млрд.


Фотаздымкі