навіна

ад 19.07.2016

Андрэй Кабякоў правёў пасяджэнне Прэзідыума Савета Міністраў

У Беларусі сфарміравана і рэалізуецца дзейсная сістэма па абароне ўнутранага рынку, заявіў Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў "Аб прымаемых мерах па імпартазамяшчэнні і абароне ўнутранага рынку".

"У першую чаргу гэта датычыцца спынення гандлю кантрафактнымі таварамі лёгкай прамысловасці. Для прадпрымальнікаў дзейнічае забарона на гандаль без сертыфікатаў і суправаджальных дакументаў", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Акрамя таго, прадаўжаецца строгі кантроль за выкананнем тэхрэгламентаў, праводзяцца сістэмныя праверкі. Устаноўлена неабходнасць праходжання імпарцёрамі па асобных таварах санітарна-гігіенічнай экспертызы. "Мэта гэтай работы - забяспечыць законную абарону правоў спажыўцоў на набыццё якаснага тавару", - удакладніў Прэм'ер-міністр.

Андрэй Кабякоў нагадаў, што па рашэнні кіраўніка дзяржавы створаны новы антыманапольны орган - Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. "Ад работы гэтага ведамства мы чакаем пэўных вынікаў, у тым ліку ў пытаннях абароны ўнутранага рынку", - сказаў ён.

Пры гэтым кіраўнік урада асабліва падкрэсліў, што найбольш эфектыўны інструмент у барацьбе за рынак - гэта высокая якасць айчыннай прадукцыі, шырокі асартымент і канкурэнтная цана, а таксама правільнае пазіцыянаванне тавараў і іх рэклама.

Па яго словах, доля імпартазамяшчальнай прадукцыі ў прамысловасці Беларусі складае каля 28 працэнтаў.

"За апошнія пяць гадоў выраблена імпартазамяшчальнай прадукцыі на суму каля $70 млрд, доля імпартазамяшчальнай прадукцыі ў прамысловасці дасягнула 27,9 працэнта, у паўтара раза зніжана імпартаёмістасць", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, імпартазамяшчэнне - працэс для Беларусі не новы. "Гэта тое, чым мы прадметна займаемся многія гады. Ва ўмовах адкрытасці нацыянальнай эканомікі толькі выпуск якаснай імпартазамяшчальнай прадукцыі дае магчымасць нам рэалізаваць існуючыя канкурэнтныя перавагі, задавальняць унутраны попыт і экспартаваць прадукцыю за мяжу", - лічыць кіраўнік беларускага Урада.

Андрэй Кабякоў расказаў, што ў рамках імпартазамяшчэння работа вядзецца па двух асноўных напрамках. Першы - гэта вытворчасць прадукцыі, якая ў Беларусі ўжо выпускаецца, але яе колькасці недастаткова. Усяго па гэтым напрамку асвоена вытворчасць практычна ўсёй наменклатуры асноўнай тэхнікі для сельскай гаспадаркі, шырокая наменклатура раней імпартуемых будаўнічых тавараў (напрыклад, паліраванае шкло, гіпсакардон, мінеральная вата), запатрабаванай аўтамабільнай, грузавой і пасажырскай тэхнікі. Другі напрамак - вытворчасць новых відаў прадукцыі, гэта значыць таго, што патрэбна, але на сённяшні момант не выпускаецца. "Паралельна працуем над новымі падыходамі да стварэння прадукцыі, ад вытворчасці якой мы раней адмовіліся, але якая нам сёння вельмі патрэбна", - канстатаваў Андрэй Кабякоў.

Ён нагадаў, што ва ўказе ад 23 лютага 2016 года нумар 78 устаноўлены канкрэтныя патрабаванні да вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі ў 2016 годзе. Прырост такой прадукцыі павінен скласці не менш як $600 млн. Пры гэтым пастаўлена задача забяспечыць актыўнае прыцягненне да імпартазамяшчэння малога і сярэдняга бізнесу.

Па выніках І квартала 2016 года гадавое заданне па выпуску імпартазамяшчальных тавараў, што выпускаюцца ў недастатковай колькасці, выканана на 20,6 працэнта. "Калі глядзець за квартал, то гэта здавальняючы задзел на год. У той жа час ёсць і міністэрствы, якім неабходна сур'ёзна прыбавіць, каб выйсці на прагнозную траекторыю. У першую чаргу, гэта Мінсельгасхарч, Мінбудархітэктуры, канцэрн "Беллеспаперапрам", - сказаў прэм'ер-міністр. Па другім напрамку работы - вытворчасці новых відаў прадукцыі - гадавое заданне па выніках І квартала выканана на 21,5 працэнта. "Тут таксама ёсць над чым працаваць", - рэзюмаваў ён.

Таксама на яго думку, малы і сярэдні бізнес можа забяспечыць патрэбнасць унутранага рынку ў імпартазамяшчальных таварах, што не патрабуюць арганізацыі складанага вытворчага працэсу.

"Хачу асабліва падкрэсліць, што, гаворачы аб імпартазамяшчэнні, размова ідзе не толькі аб буйных прадпрыемствах. Часта замясціць імпарт не вельмі складаных у вытворчасці тавараў значна прасцей невялікім кампаніям, якія мабільныя і лепш адчуваюць, у якіх таварах мае патрэбу спажывец. За кошт малога і сярэдняга бізнесу сёння цалкам магчыма забяспечыць патрэбнасць унутранага рынку ў простых таварах, што не патрабуюць арганізацыі адносна складанага вытворчага працэсу або выкарыстання высокіх тэхналогій", - адзначыў Андрэй Кабякоў. Паводле яго слоў, яны здольны стварыць сетку па прасоўванні айчынных тавараў як у лёгкай прамысловасці, так і ў іншых галінах.

Кіраўнік Урада падкрэсліў, што мэта ва ўсіх адна - задаволіць попыт спажыўцоў на якасную прадукцыю і, як вынік, павысіць долю продажаў айчынных тавараў. Пры гэтым ён канстатаваў, што пакуль ёсць вялікія пытанні да шэрага кіраўнікоў галін і прадпрыемстваў. Па выніках першага квартала склалася самая нізкая доля продажаў беларускіх тавараў з 2008 года - 65,7 працэнта, што на 3,2 працэнтнага пункта ніжэй, чым за аналагічны мінулагодні перыяд.​

Фотаздымкі