навіна

ад 19.07.2016

Андрэй Кабякоў сустрэўся з прэзідэнтам кампаніі Citic Group

Беларусь і Кітай ствараюць інвестыцыйны фонд. Мемарандум аб супрацоўніцтве па яго стварэнні падпісаны 19 ліпеня паміж Міністэрствам фінансаў Беларусі і кампаніяй Citic Construction Co., Ltd па выніках сустрэчы Прэм'ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова з прэзідэнтам кампаніі Citic Group Ван Цзюнам.

"Гэта будзе беспрэцэдэнтны праект: размова ідзе аб стварэнні ў Беларусі першага міждзяржаўнага інвестыцыйнага фонду. Гэта поўнасцю адпавядае дамоўленасцям кіраўнікоў нашых дзяржаў у маі 2015 года аб развіцці інвестыцыйнага супрацоўніцтва з акцэнтам на прамыя інвестыцыі. Стварэнне фонду - адзін з важных крокаў у адкрыцці новай эпохі ў развіцці беларуска-кітайскага стратэгічнага партнёрства", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, на першапачатковым этапе капітал фонду складзе $50 млн. "Гэта невялікая сума, у далейшым яна будзе залежаць ад попыту беларускіх і кітайскіх кампаній на рэалізацыю сумесных праектаў на тэрыторыі Беларусі", - растлумачыў Прэм'ер-міністр.

Прадугледжваецца, што да 1 жніўня будзе створана рабочая група, якая да 1 верасня падрыхтуе рамачнае пагадненне, дзе будуць дэталёва прапісаны механізм стварэння, прынцыпы работы і кіравання фондам. Кіраўнік беларускага ўрада расказаў, што асноўным напрамкам дзейнасці на пачатковым этапе стане суфінансаванне рэалізуемых у Беларусі беларуска-кітайскіх інвестыцыйных праектаў пры падтрымцы кітайскіх банкаў праз прадастаўленне крэдытаў і набыццё акцый беларускіх кампаній. "У далейшым плануецца, што фонд павінен выйсці на пошук самастойных праектаў і поўнае іх фінансаванне", - канстатаваў Андрэй Кабякоў.

Ён падкрэсліў, што прыемна працаваць з кампаніяй, якая мае бездакорную рэпутацыю ў Беларусі і ва ўсім свеце. "З задавальненнем канстатую, што адносіны з Citic развіваюцца дынамічна. Мы цэнім, што вашай кампаніяй у Беларусі цяпер рэалізуюцца два буйныя праекты - будаўніцтва завода па вытворчасці легкавых аўтамабіляў "Джылі" і мадэрнізацыя Аршанскага льнокамбіната. Агульная сума праектаў - амаль $350 млн", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Ван Цзюн падзякаваў Андрэю Кабякову за ветлівы прыём і выказаў надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва.

19 ліпеня ў прысутнасці Андрэя Кабякова і Ван Цзюна падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве паміж ААТ "Амкадор" - кіруючая кампанія холдынга" і Citic Construction Co., Ltd аб супрацоўніцтве ў галіне сельгасмашынабудавання, мемарандум аб супрацоўніцтве паміж ЗАТ "Абсалютбанк" і Citic Construction Co., Ltd, мемарандум аб стварэнні сумеснага сельскагаспадарчага холдынга паміж ААТ "Амкадор" - кіруючая кампанія холдынга" і Citic Group.​

Фотаздымкі