навіна

ад 29.09.2016

Андрэй Кабякоў прыняў удзел у форуме "Пашыраючы гарызонты: інвестыцыі, фінансы, развіццё"

Беларусь гатова пераймаць лепшыя сусветныя інвестыцыйныя практыкі і гарантаваць іх выкананне, заявіў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на адкрыцці форуму "Пашыраючы гарызонты: інвестыцыі, фінансы, развіццё". "Беларусь гатова пераймаць лепшыя сусветныя практыкі і гарантаваць іх якаснае выкананне", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Кіраўнік Урада прызнаў, што, нягледзячы на ўсе намаганні, Беларусь пакуль не атрымала той прыток замежных інвестыцый, на які разлічвала. "Не апошнюю ролю тут адыгрывае недастатковая інфармаванасць інвестараў аб існуючых у Беларусі патэнцыяльных магчымасцях. Мы мэтанакіравана працуем над пераадоленнем гэтых недахопаў. Мы арганізавалі шэраг буйных мерапрыемстваў у Нью-Ёрку, Лондане, Вене. Сённяшні форум прадаўжае пералік гэтых мерапрыемстваў", - растлумачыў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, другая, не менш важная мэта форуму - выпрацаваць меры па ўдасканаленні ўмоў інвестыцыйнай дзейнасці. "На форуме арганізаваны круглыя сталы, запрошаны аўтарытэтныя навуковыя арганізацыі. Перакананы, што форум стане пляцоўкай, на якой разгорнуцца плённыя дыскусіі і будуць выпрацаваны рашэнні, што станоўча ўплываюць на інвестыцыйны клімат у Беларусі", - сказаў Прэм'ер-міністр.

Андрэй Кабякоў звярнуў увагу, што Беларусі неабходна забяспечыць якасны і аператыўны пераход ад замежных крэдытаў да прамых інвестыцый.

"Перад намі стаіць задача забяспечыць якасны і па магчымасці аператыўны пераход ад пераважнага прыцягнення замежных крэдытных рэсурсаў да паўнацэннага прытоку прамых замежных інвестыцый у розныя сферы нацыянальнай эканомікі. Для гэтага нам неабходна ў большай ступені арыентаваць інвестыцыйную палітыку на канкрэтных інвестараў, добра ўяўляць сабе іх чаканні і магчымыя апасенні", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Ён канстатаваў, што сёння свет сутыкнуўся з беспрэцэдэнтнымі выклікамі. Ва ўмовах нявызначанасці і ўзрастаючых глабальных рызык усё больш абвастраецца барацьба за прыцягненне капіталу, прарыўных тэхналогій і якаснага менеджменту, здольнага забяспечыць максімальную аддачу пры мінімальных выдатках. Паводле яго слоў, Беларусь у гэтым плане не з'яўляецца выключэннем.

Андрэй Кабякоў лічыць, што адна з дзейсных форм атрымання неабходнай для прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў інфармацыі - гэта дыялог з дзелавой супольнасцю. "Наш форум з'яўляецца яркім прыкладам такога дыялогу", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр.

Ён таксама адзначыў, што  Беларусь паслядоўна пераходзіць на новы ўзровень узаемадзеяння з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі.

"Беларусь паслядоўна пераходзіць на новы ўзровень узаемадзеяння з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі. Сумеснымі намаганнямі мы выпрацоўваем і рэалізуем меры структурнай палітыкі ў эканоміцы і фінансах. Яны выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы праграмных дакументаў краіны на бліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектыву", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, у аналагічным ключы прадугледжваецца праводзіць дыялог з бізнес-супольнасцю. "Наш форум сёння - канкрэтнае таго пацвярджэнне", - запэўніў Прэм'ер-міністр.

Андрэй Кабякоў канстатаваў, што ў Беларусі сфарміравана нядрэнная заканадаўчая база для прыцягнення замежных інвестыцый. "Значная частка тэрыторыі краіны - гэта функцыянуючыя прэферэнцыйныя рэжымы для размяшчэння бізнесу ў рамках свабодных эканамічных зон, Парка высокіх тэхналогій, індустрыяльнага парка "Вялікі камень", - нагадаў кіраўнік Урада.

Форум "Пашыраючы гарызонты: інвестыцыі, фінансы, развіццё" праходзіць у Мінску 29-30 верасня. Мэта мерапрыемства - у фармаце адкрытага дыялогу паміж прадстаўнікамі дзяржаўных органаў Беларусі, міжнародных фінансавых інстытутаў, замежных інвестараў, беларускай улады, нацыянальнага бізнесу і экспертнай супольнасці абмеркаваць актуальныя аспекты інвестыцыйнага супрацоўніцтва, прыцягнуць увагу патэнцыяльных інвестараў да Беларусі як перспектыўнай пляцоўкі для ўкладання капіталу.

Форум сабраў амаль 300 удзельнікаў. Эксперты абмяркоўваюць стратэгіі прыцягнення замежных інвестыцый у Беларусь, перспектывы інвестыцыйнага супрацоўніцтва з фінансавымі інстытутамі ЕС, Еўразійскага эканамічнага саюза і Кітая, а таксама магчымасці для прыцягнення да ўдзелу ў рэалізацыі праектаў амерыканскіх інвестараў і іншыя актуальныя пытанні. Плануецца выпрацаваць дарожную карту, якая задасць асноўныя напрамкі ўзгодненых дзеянняў па паляпшэнні інстытуцыянальнага асяроддзя для пашырэння магчымасцей па прыцягненні інвестыцый і фінансавання, што пасадзейнічае развіццю дзяржаўнага і прыватнага сектара беларускай эканомікі.


Фотаздымкі