Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 03.11.2016

Андрэй Кабякоў прыняў удзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў краін ШАС

Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні партнёрства з краінамі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў краін ШАС, якое прайшло ў Бішкеку.

Адным з галоўных прыярытэтаў Прэм'ер-міністр назваў вытворчую кааперацыю з краінамі ШАС. "Мы зацікаўлены ў максімальным пашырэнні вытворчай кааперацыі, у тым ліку з улікам існуючага ў нас вопыту стварэння сумесных прадпрыемстваў на розных кантынентах, - адзначыў Андрэй Кабякоў. - Бачым добрыя магчымасці для кансалідацыі намаганняў па выпуску найноўшых узораў канкурэнтаздольнай машынабудаўнічай прадукцыі, забеспячэнні належнага сэрвіснага і пасляпрадажнага абслугоўвання".

Яшчэ адным напрамкам узаемавыгаднага супрацоўніцтва можа стаць аграпрамысловы комплекс. "Беларусь з'яўляецца адным з лідараў у сферы аграпрамысловага комплексу, мае па шэрагу напрамкаў вынікі сусветнага ўзроўню. І тут мы гатовы падзяліцца напрацоўкамі са сваімі партнёрамі", - сказаў кіраўнік Урада.

На яго думку, партнёрства бакоў у прамысловасці і сельскай гаспадарцы павінна быць падмацавана пастаянным развіццём лагістычнага і транспартнага складнікаў.

"У гэтым плане значным крокам стаў бы ўдзел Беларусі ў пагадненні паміж урадамі дзяржаў - членаў ШАС аб стварэнні спрыяльных умоў для міжнародных аўтамабільных перавозак ад 12 верасня 2014 года", - заявіў Прэм'ер-міністр. Нараўне з гэтым выключна важным ён назваў развіццё ўзаемадзеяння ў галіне фінансавых і банкаўскіх паслуг, а таксама выпрацоўку агульных падыходаў да ацэнкі рызык краін і фінансавых інстытутаў па лініі краін - удзельніц ШАС.

Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што Беларусь адкрыта для наладжвання цесных кантактаў у сферы навукі, адукацыі, турызму, гуманітарнага супрацоўніцтва, маладзёжных праектаў, каардынацыі работы ў сферы абароны навакольнага асяроддзя з краінамі ШАС.

"Выказваем надзею на ўлік магчымасцей і патэнцыялу Беларусі пры распрацоўцы перспектыўных планаў і праектаў арганізацыі, - дадаў Прэм'ер-міністр. - Хацеў бы падкрэсліць нашу адкрытасць самым смелым і наватарскім ініцыятывам, адданасць узаемавыгаднаму стваральнаму ўзаемадзеянню з дзяржавамі-членамі, дзяржавамі-наглядальніцамі і партнёрамі па дыялогу Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва".

Ён таксама адзначыў, што Беларусь падтрымлівае ідэю інтэграцыі Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. "У частцы эканамічнага ўзаемадзеяння мы поўнасцю падзяляем ідэю расійскіх партнёраў па цеснай інтэграцыі ЕАЭС і ШАС", - сказаў Прэм'ер-міністр. Паводле яго слоў, такі падыход падтрымліваецца кіраўніцтвам Беларусі і сугучны з ініцыятывай "інтэграцыі інтэграцый".

"Са свайго боку мы падтрымліваем намеры і канкрэтныя планы кітайскіх партнёраў па ўдзеле нашых краін у ініцыятыве эканамічнага пояса Шаўковага шляху, па стварэнні платформ супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці, транспарту і камунікацый, інавацыйнага і фінансавага супрацоўніцтва, інфармацыйных тэхналогій", - дадаў Андрэй Кабякоў. Беларусь валодае развітым навукова-тэхнічным патэнцыялам для ўнясення дастойнага ўкладу ў рэалізацыю сумесных праектаў у галіне прамысловасці, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, энергетыкі, сельскай гаспадаркі і іншых галінах.

Прэм'ер-міністр адзначыў, што Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва адзначае сваё пятнаццацігоддзе ў няпростых умовах. "Усім нашым краінам даводзіцца шукаць эфектыўныя адказы на новыя выклікі і пагрозы, улічваць рост рэгіянальнай напружанасці, адаптавацца да ўзмацнення глабальнай канкурэнцыі на фоне складанасцей у сусветнай эканоміцы", - сказаў ён.

У сувязі з гэтым узаемадзеянне ў ШАС як у сферы бяспекі, так і ў эканоміцы набывае ўсё больш важнае значэнне. "Сёння аб'ектыўна ўзрастае роля каардынацыі намаганняў па далейшым развіцці ШАС", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

У 2016 годзе Беларусь у якасці наглядальніка пры ШАС прыняла актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прадугледжаных планам дзейнасці арганізацыі. "Грунтуючыся на дамоўленасцях, зафіксаваных у падагульняючых дакументах Ташкенцкага саміту арганізацыі, беларускі бок гатовы да далейшага паглыблення супрацоўніцтва з дзяржавамі-наглядальнікамі і партнёрамі па пытаннях процідзеяння новым выклікам і пагрозам, развіццю гандлёва-эканамічных сувязей і культурных абменаў", - дадаў Прэм'ер-міністр.

Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што Беларусь гатова ўзаемадзейнічаць з краінамі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) у сферы забеспячэння бяспекі. Мінулы год паказаў, што ўзаемадзеянне сілавых і праваахоўных ведамстваў цяпер актуальна як ніколі, падкрэсліў Андрэй Кабякоў. І гэта датычыцца абсалютна ўсіх краін. "Беларусь гатова да супрацоўніцтва ў сферы процідзеяння міжнароднаму тэрарызму і злачынствам у галіне інфармацыйных тэхналогій, незаконнаму перамяшчэнню праз граніцы дзяржаў - членаў ШАС наркатычных і псіхатропных рэчываў, - адзначыў Прэм'ер-міністр. - Усе гэтыя негатыўныя праяўленні маюць трансгранічны характар. І эфектыўна процістаяць ім можна толькі аб'яднаўшы нашы агульныя намаганні".

Як член Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Беларусь выступае за паслядоўнае пашырэнне ўзаемадзеяння АДКБ з Рэгіянальнай антытэрарыстычнай структурай ШАС у галіне ўмацавання бяспекі і стабільнасці, у тым ліку ў сферы інфармацыйнага абмену, процідзеяння рэлігійнаму экстрэмізму і нелегальнай міграцыі.

"Лічу, што для сумеснага абмеркавання згаданых пытанняў быў бы карысным удзел дзяржаўных сакратароў саветаў бяспекі краін-наглядальніц у адпаведных штогадовых сустрэчах дзяржаў - удзельніц ШАС", - дадаў Андрэй Кабякоў.

Перспектыўным ён назваў і развіццё супрацоўніцтва на міжведамасным узроўні. "Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі гатова далучыцца да мерапрыемстваў пад эгідай ШАС у галіне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый у 2017 годзе", - адзначыў кіраўнік Урада.

Пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва прайшло ў Бішкеку. Кіраўнікі ўрадаў разгледзелі ход рэалізацыі праграмы шматбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзяржаў - членаў ШАС, зацвердзілі бюджэт арганізацыі на 2017 год. Асноўная ўвага ў час перагавораў удзелена пытанням эканамічнага ўзаемадзеяння ў ШАС. Па выніках падпісана каля 10 дакументаў.


Фотаздымкі