Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 05.11.2016

Андрэй Кабякоў сустрэўся з Прэм'ерам Дзяржаўнага савета Кітая

Беларусь плануе пашырыць прысутнасць на аграпрамысловым рынку Кітая. Умовы ўзаемадзеяння дзвюх краін па шэрагу перспектыўных напрамкаў, у тым ліку ў аграпрамысловым комплексе, абмяркоўваліся 5 лістапада ў Рызе на сустрэчы Прэм'ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова з Прэм'ерам Дзяржаўнага савета Кітая Лі Кэцянам.

"Мы спадзяёмся, што ў гэтым годзе зможам завяршыць працэдуру па допуску ялавічыны. Акрамя таго, стварэнне сумесных прадпрыемстваў у Кітаі дасць магчымасць актывізаваць продажы нашай сельскагаспадарчай тэхнікі", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Перспектыўным Прэм'ер-міністр таксама назваў супрацоўніцтва дзвюх краін у прамысловасці і гандлі паслугамі, перш за ўсё турыстычнымі.

Яшчэ адзін напрамак узаемавыгаднага партнёрства - фінансавы сектар. "У час візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай на рабочым узроўні дасягнута дамоўленасць аб адкрыцці ў Беларусі прадстаўніцтва Дзяржаўнага банка развіцця КНР. Спадзяюся на вашу падтрымку, - сказаў Андрэй Кабякоў. - Мы прадаўжаем работу па асваенні крэдытных ліній, стварэнні інвестыцыйных фондаў".

Ён нагадаў, што на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў дзвюх краін было прапанавана прапрацаваць пытанне аб стварэнні механізма правядзення дыстанцыйных перагавораў паміж Беларуссю і Кітаем. Пакуль гэты механізм знаходзіцца ў рабоце, прэм'ер-міністр Беларусі прапанаваў Лі Кэцяну разгледзець некалькі важных пытанняў, якія датычацца рэалізацыі сумесных праектаў. "Лічу, што з удзелам прэм'ер-міністраў гэтыя пытанні знойдуць сваё рашэнне", - рэзюмаваў кіраўнік беларускага Урада.

Адрэй Кабякоў таксама запрасіў Прэм'ера Дзяржаўнага савета Кітая Лі Кэцяна наведаць з візітам Беларусь.  Андрэй Кабякоў нагадаў, што па выніках дзяржаўнага візіту ў Кітай Аляксандра Лукашэнкі ў верасні 2016 года ўстаноўлены новы ўзровень адносін давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж краінамі. "Знаходзячыся ў Пекіне, кіраўнік беларускай дзяржавы выступіў з ініцыятывай стварэння фармату штогадовых асабістых сустрэч на ўзроўні кіраўнікоў урадаў дзвюх краін. Пачаць можам з вашага візіту ў Беларусь. Я пацвярджаю накіраванае вам запрашэнне наведаць нашу краіну", - сказаў Прэм'ер-міністр.

Ён таксама падзякаваў за запрашэнне ўдзельнічаць у саміце кіраўнікоў урадаў краін - удзельніц фармату "16+1", які праходзіў у Рызе 5 лістапада. "Дазвольце выказаць удзячнасць кітайскаму боку і асабіста вам за падтрымку ўдзелу Беларусі ў новым для нас фармаце "16+1", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

У сваю чаргу Лі Кэцян падзякаваў за запрашэнне наведаць Беларусь і заявіў, што са свайго боку зробіць усё неабходнае для ўмацавання двухбаковых адносін паміж краінамі. "Важна, каб нашы ведамствы пастаянна падтрымлівалі сувязі. І я асабіста гатовы садзейнічаць вырашэнню шэрага пытанняў, узнятых беларускім бокам. Неабходна таксама, каб мы з вамі разам вызначылі вектары нашага супрацоўніцтва", - заявіў ён.

Акрамя таго, Лі Кэцян звярнуў увагу на тое, што "важным момантам стала садзейнічанне ўдзелу Беларусі ў "16+1" у якасці наглядальніка". "Сёння прыемна адзначыць, што гэта мэта дасягнута", - падкрэсліў ён.

"16+1" - ініцыятыва Кітая, сутнасць якой у актывізацыі супрацоўніцтва з 11 краінамі - удзельніцамі ЕС і 5 балканскімі краінамі (Албанія, Балгарыя, Боснія і Герцагавіна, Венгрыя, Латвія, Літва, Македонія, Польшча, Румынія, Сербія, Славакія, Славенія, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія, Эстонія) у галіне інвестыцый, транспарту, фінансаў, навукі, адукацыі і культуры.


Фотаздымкі