Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 15.11.2016

Андрэй Кабякоў правёў пасяджэнне Савета Міністраў

Ураду ўдалося забяспечыць макраэканамічную стабілізацыю. Пра гэта заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Савета Міністраў у пашыраным складзе.

"Галоўныя вынікі мінулага перыяду - нам удалося забяспечыць бягучую макраэканамічную стабілізацыю. Улічваючы знешнія шокі, з самага пачатку 2016 года ўрад з Нацбанкам вымушаны прымяніць строгія меры па бюджэтнай кансалідацыі і збалансаванасці плацежнага балансу, не ўключаючы друкарскі станок", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

У выніку, паводле яго слоў, было зніжана дырэктыўнае крэдытаванне, узмоцнены патрабаванні банкаў да ацэнкі інвестыцыйных праектаў. "Несумненна, такія меры аказалі стрымальны ўплыў на эканамічны рост, інвестыцыйную дзейнасць і стан грашовых даходаў насельніцтва. Але пры гэтым, прасеўшы колькасна, мы маем якаснае паляпшэнне макраэканамічных параметраў", - рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.

Прэм'ер-міністр канстатаваў паступовае аднаўленне асноўных паказчыкаў эканамічнага развіцця. "Статыстыка сведчыць аб паступовым аднаўленні асноўных паказчыкаў эканамічнага развіцця. Так, выраўнавалася сітуацыя ў сельскай гаспадарцы - па вытворчасці прадукцыі на 3,8 працэнта перасягнулі ўзровень мінулага года. Штомесяц падцягваецца да ўзроўню мінулага года прамысловасць - 98,5 працэнта. Пры гэтым "Беллегпрам", Мінпрам, "Белдзяржхарчпрам", Міністэрства аховы здаровы (фармпрамысловасць) перасягнулі ўзровень мінулага года на 0,8-6,8 працэнта. Аб'ёмы вытворчасці адноўлены ў 8 з 13 падсекцый апрацоўчай прамысловасці", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Рэнтабельнасць продажаў вырасла да 7,4 працэнта, увайшлі ў графік па ўзроўні інфляцыі - за 10 месяцаў 9,2 працэнта. Збалансаваны знешні гандаль таварамі і паслугамі. "Сальда за 9 месяцаў дадатнае - $391 млн, або 1,1 працэнта ад ВУП, пры прагнозе 0,5 працэнта", - падкрэсліў ён.

Андрэй Кабякоў звярнуў увагу, што стабілізаваны валютны рынак. За 10 месяцаў чысты продаж валюты насельніцтвам і прадпрыемстваў склаў $1,6 млрд, у тым ліку ў кастрычніку - $325 млн.

Таксама ён адзначыў паляпшэнне сітуацыі на крэдытна-дэпазітным рынку. "Тэрміновыя рублёвыя дэпазіты насельніцтва за 10 месяцаў прыраслі на Br203 млн. Толькі за апошні месяц яны павялічыліся на Br78 млн. Гэта ва ўмовах, калі стаўкі па такіх дэпазітах зніжаюцца", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што ВУП Беларусі ў студзені-кастрычніку скараціўся на 2,8 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. "Па ВУП за 10 месяцаў адстаём ад адпаведнага перыяду 2015 года на 2,8 працэнта. Па-ранейшаму асноўны ўплыў на агульны рэзультат аказваюць будаўніцтва, гандаль і апрацоўчая прамысловасць", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Ён канстатаваў, што па валавым рэгіянальным прадукце за 9 месяцаў ніводны з рэгіёнаў не дасягнуў узроўню мінулага года. "Крыху лепш спрацавалі Брэсцкая (98,8 працэнта) і Гродзенская (97,9 працэнта) вобласці, горш - Віцебская вобласць (94,2%), прычым зніжэнне валавой дабаўленай вартасці ў гэтай вобласці ідзе па ўсіх без выключэння секцыях. Плюс да гэтага - пастаянныя праблемы са своечасовай выплатай заработнай платы ў арганізацыях вобласці", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Паводле слоў Прэм'ер-міністра, экспарт тавараў і паслуг у вартасным выражэнні за 9 месяцаў скараціўся на 12,5 працэнта. І гэта ва ўмовах агульнага спаду сусветных экспартных цэн на 16 працэнтаў. "Пры гэтым фізічныя аб'ёмы экспарту тавараў выраслі (0,4 працэнта), а па інвестыцыйных і спажывецкіх нехарчовых таварах экспарт вырас і ў цэнавым выражэнні (9,8 працэнта і 15,7 працэнта адпаведна)", - канстатаваў кіраўнік Урада.

Ён адзначыў, што павелічэнне экспарту тавараў адзначаецца па такіх пазіцыях, як машыны і абсталяванне, транспартныя сродкі, тэкстыльныя вырабы. "Добрыя вынікі па экспарце тавараў у Мінбудархітэктуры, канцэрна "Беллегпрам", Гродзенскага і Магілёўскага аблвыканкамаў. Значна вышэйшы за заданне экспарт паслуг у Міністэрства аховы здароўя, Мінска і Брэсцкага аблвыканкама", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Прэм'ер-міністр звярнуў увагу, што калі не ўлічваць уплыў нафты, нафтапрадуктаў і калію, то астатняя эканоміка за 9 месяцаў па знешнегандлёвым сальда таварамі і паслугамі спрацавала лепш, чым у 2015 годзе на $1,03 млрд. Паводле яго слоў, такая збалансаванасць знешняга гандлю садзейнічае захаванню тэндэнцый на ўнутраным валютным рынку.

Андрэй Кабякоў канстатаваў, што ў кастрычніку на 3,7 працэнтнага пункта выраслі суадносіны запасаў і сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці. "Хоць яны і выраслі, але гэта абсалютна камфортны паказчык для эканомікі, і ён ніжэйшы, чым у 2015 годзе. У асноўным гэта за кошт арганізацый "Белдзяржхарчпрама" - выраслі запасы цукру (сезонны фактар). Па ўсіх астатніх міністэрствах і канцэрнах запасы знізіліся", - адзначыў кіраўнік урада.

Паводле яго слоў, задача, прадугледжаная ўказам нумар 78 аб зніжэнні сабекошту прадукцыі, па выніках 9 месяцаў не выконваецца. "Сабекошт рэалізаванай прадукцыі за 9 месяцаў вырас на 10,5 працэнта", - сказаў ён.

Колькасць стратных арганізацый на 1 кастрычніка на 13 працэнтаў вышэйшая, чым на аналагічную дату мінулага года. Аднак сума чыстай страты стратных арганізацый зніжана на 40 працэнтаў, а чыстая страта на адну арганізацыю скарацілася амаль удвая і склала Br1 млн супраць Br1,8 млн у 2015 годзе. "У цэлым арганізацыямі краіны атрыманы чысты прыбытак у памеры Br3,7 млрд, які за год вырас на 18 працэнтаў у параўнанні з 1 кастрычніка 2015 года", - рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.

Кіраўнік Урада акцэнтаваў увагу, што стварэнне новых рабочых месц пакуль не стала прыярытэтам у рабоце для кіраўнікоў раённага звяна. "Для кіраўнікоў раённага звяна стварэнне новых рабочых месц пакуль не стала прыярытэтам у рабоце. Яны па-ранейшаму ў большай ступені арыентаваны на пасяўную і ўборачную кампаніі, на сітуацыю на дзеючых прадпрыемствах, а не на сістэмную работу па стварэнні рабочых месц і новых прадпрыемстваў", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што задача, вызначаная ўказам нумар 78 аб штогадовым стварэнні не менш як 50 тыс. новых рабочых месц, выконваецца. "За 9 месяцаў, паводле статыстыкі, створана 54,2 тыс. рабочых месц, у тым ліку 29,2 тыс. - на наваствораных прадпрыемствах. Але пры гэтым колькасць занятых у эканоміцы знізілася на 60 тыс. чалавек. Таму няма поўнай яснасці, ці дастаткова ствараемых рабочых месц для вырашэння праблемы занятасці насельніцтва. Пытанні занятасці мы цяпер сур'ёзна аналізуем, створана рабочая група", - сказаў Прэм'ер-міністр.

Ён нагадаў, што ўказам нумар 78 дадзены ўсе неабходныя паўнамоцтвы на прыняцце рашэнняў на месцах, у тым ліку адносна суб'ектаў гаспадарання, якія неэфектыўна працуюць, устаноўлена адказнасць кадраў і вызначаны асноўныя крытэрыі іх ацэнкі.

Прэм'ер-міністр звярнуў увагу, што стаўка па новых крэдытах для юрыдычных асоб у нацыянальнай валюце без уліку льготных склала 21,8 працэнта. "Таннейшымі рэсурсы сталі для банкаў - стаўка на міжбанкаўскім рынку знізілася з 29,6 працэнта ў снежні 2015 года да 13 працэнтаў у кастрычніка 2016 года, а сёння яна складае 11,5 працэнта. Гэта дало магчымасць павысіць даступнасць крэдытных рэсурсаў для эканомікі. За кастрычнік стаўка па новых крэдытах юрыдычным асобам у нацыянальнай валюце без уліку льготных склала 21,8 працэнта, што на 12,4 працэнтнага пункта ніжэй за стаўкі ў снежні 2015 года", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, забяспечваюцца выплаты па валютных даўгах, выкарыстоўваючы, у тым ліку, прафіцыт рэспубліканскага бюджэту Br1,4 млрд. Пры гэтым удалося нарасціць золатавалютныя рэзервы на $0,6 млрд.

Андрэй Кабякоў канстатаваў стабільную сітуацыю на валютным рынку. За 10 месяцаў чысты продаж валюты насельніцтвам і прадпрыемствамі склаў $1,6 млрд, у тым ліку ў кастрычніку - $325 млн.

Таксама падчас пасяджэння Андрэй Кабякоў даручыў забяспечыць кіруемую сітуацыю на спажывецкім рынку ў час падрыхтоўкі да навагодніх свят. "Пачынаецца падрыхтоўка да навагодніх свят. Сітуацыя на спажывецкім рынку павінна быць кіруемай. Таму прашу міністра Уладзіміра Калтовіча звярнуць на гэта асаблівую ўвагу, у тым ліку на асартымент і цэны, арганізаваць адпаведную работу", - адзначыў Андрэй Кабякоў.



Фотаздымкі