навіна

ад 25.11.2016

Андрэй Кабякоў сустрэўся з Прэм'ер-міністрам Славакіі

Беларусь лічыць Славакію важным і перспектыўным партнёрам у Еўропе, заявіў Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на сустрэчы са старшынёй урада Славакіі Робертам Фіца.

"Першы ў гісторыі двухбаковых беларуска-славацкіх адносін афіцыйны візіт кіраўніка ўрада Славакіі, якая цяпер з'яўляецца старшынёй у Савеце ЕС, - гэта знакавая падзея для нашых краін. Беларусь надае вялікае значэнне ўмацаванню партнёрскіх сувязей і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва са Славацкай Рэспублікай. Славакія - наш важны і перспектыўны еўрапейскі партнёр", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, Беларусь расцэньвае гэты візіт як пераканаўчы доказ дружалюбнай пазіцыі Славацкай Рэспублікі, яе гатоўнасці да канструктыўнага дыялогу, сумеснага пошуку магчымасцей і напрамкаў далейшай актывізацыі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Краіны ўжо шмат дасягнулі: актыўна развіваюцца гандлёва-эканамічныя сувязі, сфарміравана дагаворна-прававая база, умацоўваюцца рэгіянальныя, культурныя, адукацыйныя і навуковыя кантакты. "Калі гаварыць адкрыта, патэнцыял двухбаковага ўзаемадзеяння пакуль выкарыстоўваецца не поўнасцю. Па выніках 2015 года тавараабарот Беларусі і Славакіі склаў амаль $170 млн, хоць пяць гадоў таму было амаль $270 млн", - сказаў Андрэй Кабякоў. У сувязі з гэтым Прэм'ер-міністр прапанаваў прыкласці максімум намаганняў для павышэння не толькі колькаснага аб'ёму, але і якаснага складніка беларуска-славацкіх гандлёва-эканамічных сувязей.

У Славакіі функцыянуюць суб'екты тавараправоднай сеткі буйных беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў-экспарцёраў. "Беларусь зацікаўлена ў прасоўванні з дапамогай Славакіі на рынак Цэнтральнай Еўропы шырокай наменклатуры прамысловай прадукцыі", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

На думку кіраўніка беларускага Урада, вопыт паспяховага ўдзелу славацкіх кампаній у мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу, харчовай прамысловасці, дрэваапрацоўкі павінен стаць асновай для пераходу на наступны этап прамысловай кааперацыі - стварэнне сумесных высокатэхналагічных вытворчасцей з перспектывай выхаду на адзіны рынак Еўразійскага эканамічнага саюза, Еўрасаюза, а таксама трэціх краін. У якасці прыкладу можа выступіць стварэнне на базе кампаніі "Націвіта" з удзелам славацкай фірмы "ВітаФарма" ў Бешанковічах сучаснай інавацыйнай высокатэхналагічнай вытворчасці, якая спецыялізуецца на выпуску шырокай наменклатуры лякарстваў для лячэння анкалагічных, аўтаімунных і цяжкіх інфекцыйных захворванняў.

"Перакананы, што сённяшнія перагаворы, а таксама падпісанне шэрага дакументаў у розных сферах узаемадзеяння паслужаць неабходным імпульсам для паспяховага развіцця беларуска-славацкіх адносін", - рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.

Па выніках сустрэчы дасягнута дамоўленасць супрацоўнічаць у атамнай энергетыцы, фармацэўтыцы і нафтахіміі. Перспектыўным таксама бачыцца супрацоўніцтва ў дрэваапрацоўцы, сферы інфармацыйных тэхналогій, сельскай гаспадарцы, турызме.

Як паведаміў журналістам Андрэй Кабякоў, у час перагавораў падрабязна абмяркоўваўся шырокі спектр пытанняў беларуска-славацкага ўзаемадзеяння. Пры гэтым ключавым напрамкам узаемадзеяння з'яўляецца гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва.

Гэты візіт славацкай дэлегацыі мае асаблівую значнасць як для развіцця двухбаковых адносін, так і ў кантэксце пашырэння ўзаемадзеяння Беларусі і ЕС. "Разлічваем на садзейнічанне славацкага боку далейшаму развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва Беларусі з Еўрасаюзам, у тым ліку па лініі "Усходняга партнёрства", - адзначыў Прэм'ер-міністр.

Садзейнічаць рэалізацыі намечаных планаў будзе беларуска-славацкая сумесная камісія па гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. Яе пасяджэнне плануецца ў першым квартале 2017 года.

У сваю чаргу Роберт Фіца прапанаваў правесці ў Славакіі форум прадпрымальнікаў дзвюх краін, а таксама падпісаць двухбаковае пагадненне аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.

Таксама славацкія інвестары зацікавіліся беларускімі праектамі ў энергетыцы, заявіў Андрэй Кабякоў. Сёння абмяркоўвалася магчымасць удзелу славацкіх інвестараў і спецыялістаў у будаўніцтве гідраэлектрастанцый у Беларусі. "Размова ідзе аб двух канкрэтных праектах, якія мы будзем з партнёрамі адпрацоўваць. Разлічваем, што мы знойдзем магчымасць для іх рэалізацыі", - удакладніў Андрэй Кабякоў.

У атамнай энергетыцы Беларусі цікавы славацкі вопыт запуску энергаблокаў, падрыхтоўкі кадраў для АЭС і абыходжання з радыеактыўнымі адходамі.

Роберт Фіца падкрэсліў, што Беларусь і Славакія прытрымліваюцца аднолькавай пазіцыі ў развіцці атамнай энергетыкі і будаўніцтва атамных станцый. Сёння ў Славакіі 50 працэнтаў энергіі генерыруецца АЭС, і, паводле яго слоў, складана ўявіць, чым можна было б яе замяніць. Пры гэтым развіццё атамнай энергетыкі спалучана з высокай міжнароднай канкурэнцыяй. "Было б вялікай памылкай, калі б Славакія і Беларусь, набыўшы вялікі вопыт, не супрацоўнічалі ў галіне атамнай энергетыкі", - лічыць Роберт Фіца.

Андрэй Кабякоў таксама паведаміў, што Беларусь і Славакія будуць сумесна вырабляць высокатэхналагічную прадукцыю для рынкаў ЕС і ЕАЭС. "Мы дамовіліся садзейнічаць стварэнню новых вытворчасцей, арыентаваных на выпуск высокатэхналагічных відаў прадукцыі для яе наступнай рэалізацыі на рынках Еўрапейскага саюза і Еўразійскага эканамічнага саюза", - сказаў Андрэй Кабякоў. У сваю чаргу Роберт Фіца лічыць, што прыярытэтам магло б быць супрацоўніцтва ў фармацэўтычнай галіне, а менавіта навуковыя даследаванні, распрацоўка і вытворчасць прэпаратаў для лячэння анкалагічных захворванняў.

Па выніках сустрэчы Андрэй Кабякоў і Роберт Фіца падпісалі сумеснае камюніке. У ім адлюстраваны падыходы ўрадаў Беларусі і Славакіі да асноўных пытанняў міжнароднага і рэгіянальнага ўзаемадзеяння, замацаваны дамоўленасці па развіцці двухбаковага беларуска-славацкага супрацоўніцтва ў розных галінах. У прыватнасці, бакі дамовіліся прадоўжыць сумесную работу на ўзроўні ўрадаў па актывізацыі ўзаемнага гандлю таварамі і паслугамі з мэтай далейшага павелічэння яго аб'ёмаў, садзейнічаць паспяховай рэалізацыі сумесных праектаў па мадэрнізацыі вытворчасці шыннай прадукцыі, а таксама ў галіне аўтамабільнай прамысловасці, харчовай і фармацэўтычнай прамысловасці. Таксама бакі дамовіліся актывізаваць намаганні па падрыхтоўцы і рэалізацыі новых ініцыятыў і інвестыцыйных праектаў у такіх сферах, як энергетыка, атамная энергетыка і ядзерная бяспека.

Сярод іншага ў камюніке замацавана імкненне падтрымліваць уключэнне ў развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу Беларусі і Славакіі, у тым ліку з выкарыстаннем магчымасцей гандлёва-прамысловых палат, нацыянальных галіновых саюзаў і аб'яднанняў.

Акрамя таго, падпісаны мемарандумы аб супрацоўніцтве паміж славацкай кампаніяй STM Power і ДВА "Белэнерга", а таксама аб супрацоўніцтве паміж славацкай кампаніяй BOMAT і Віцебскім заводам радыёдэталей "Маналіт" аб супрацоўніцтве ў зборы і перапрацоўцы электрабытавых і электратэхнічных адходаў у Беларусі.


Фотаздымкі