Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 14.02.2017

Пасяджэнне Прэзідыума Савета Міністраў

Значнага прагрэсу ў рабоце па ўключэнні ў гаспадарчы абарот дзяржмаёмасці, якая не выкарыстоўваецца, не адзначаецца. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў.

На пасяджэнні разгледжаны вынікі работы ў 2016 годзе па ўключэнні ў гаспадарчы абарот дзяржмаёмасці, што не выкарыстоўваецца і неэфектыўна выкарыстоўваецца, а таксама ўзгадненне пераліку маёмасці, якая не выкарыстоўваецца, неэфектыўна выкарыстоўваецца і знаходзіцца ва ўласнасці Беларусі, для ўключэння яе ў абарот у 2017 годзе.

Сёння ў краіне, паводле афіцыйных даных, не выкарыстоўваецца 2,2 млн кв.м плошчаў, гэта амаль 2 працэнты ўсёй нерухомай дзяржмаёмасці. За гэтымі лічбамі, паводле слоў Андрэя Кабякова, схаваны недаатрыманыя даходы дзяржпрадпрыемстваў і бюджэту, значныя расходы на ўтрыманне такіх аб'ектаў, плюс маёмасныя падаткі. "Пытанні ўключэння ў абарот маёмасці мы разглядаем штогод. Але прыкметнага прагрэсу ў гэтай рабоце не адзначаецца. Доля нерухомай маёмасці, якая не выкарыстоўваецца, у агульным аб'ёме з году ў год застаецца на ранейшым узроўні. Планы па ўключэнні ў гаспадарчы абарот у 2016 годзе не выкананы. Усяго ўключана ў абарот 1006 аб'ектаў, або 65 працэнтаў ад плана. Гэта горш, чым у 2015-м годзе. Мяркуючы па лічбах, прадстаўленых Дзяржкаммаёмасцю, больш прэтэнзій да аблвыканкамаў. Горш за ўсё ідуць справы ў Віцебскай вобласці - 46,6 працэнта ад запланавана і ў Мінску - усяго 32 працэнты", - адзначыў Прэм'ер-міністр.

Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што заканадаўча ўсё ўрэгулявана, паўнамоцтвы ў кожнага ёсць. "Але карыстаемся мы імі вельмі асцярожна, я нават сказаў бы "нясмела". Прадпрымальнікі цалкам справядліва ставяць перад урадам пытанні аб спрашчэнні доступу да дзяржаўнай маёмасці, што не выкарыстоўваецца. Існуе мноства бюракратычных бар'ераў, залішніх ведамасных патрабаванняў да аб'ектаў. Гэта абмяжоўвае магчымасць ініцыятыўных, прыдпрымальных людзей выкарыстоўваць пустуючыя аб'екты пад адкрыццё бізнесу і стрымлівае працэс іх уключэння ў камерцыйны абарот", - канстатаваў кіраўнік Урада.

Паводле слоў Прэм'ер-міністра, ёсць пытанні і да рэгулятара ў асобе Дзяржкаммаёмасці. "З якімі праблемамі сутыкаюцца на месцах, у чым прычына адсутнасці прагрэсу ў гэтай рабоце? Адказу і прапаноў па кардынальнай перабудове гэтай работы, лібералізацыі ўмоў уключэння маёмасці ў гаспадарчы абарот няма", - заўважыў Андрэй Кабякоў.

Пры гэтым ён звярнуў асаблівую ўвагу, што ёсць праблема, якую Дзяржкаммаёмасць сумесна з міністэрствамі не можа вырашыць ужо не адзін год - ацэнка эфектыўнасці выкарыстання маёмасці дзяржпрадпрыемствамі і гаспадарчымі таварыствамі. "Павінны быць базавыя крытэрыі вызначэння эфектыўнасці выкарыстання дзяржуласнасці ў залежнасці ад галіны і сферы яе выкарыстання. Такіх крытэрыяў да гэтага часу няма. Аб'ектыўнай ацэнкі эфектыўнасці выкарыстання маёмасці таксама няма", - адзначыў кіраўнік Урада. Справядлівая і крытыка Камітэта дзяржкантролю ў адрас Дзяржкаммаёмасці. "Пры праверках выяўляюцца факты скажэння справаздачнай інфармацыі, выпадкі ўтойвання самой наяўнасці маёмасці, якая не выкарыстоўваецца, адзначаецца адсутнасць належнага кантролю з боку Дзяржкаммаёмасці за арганізацыяй гэтай работы ў абласцях і дакладнасці прадастаўляемых імі даных. Лічу гэта недапушчальным", - сказаў Андрэй Кабякоў.​

Фотаздымкі