навіна

ад 26.04.2017

Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Малдовы ў Беларусі Георге Хіаарэ

Беларусь разлічвае на развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Малдовай. Пра гэта заявіў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Малдовы ў Беларусі Георге Хіаарэ, які завяршае дыпмісію ў рэспубліцы.

Кіраўнік беларускага Урада адзначыў уклад Георге Хіаарэ у развіццё гандлёва-эканамічных адносін Беларусі і Малдовы. "У нас вельмі добрыя адносіны з Малдовай, малдаўскім народам. Мы разлічваем, што наша партнёрства будзе і ў далейшым паспяхова развівацца з прыходам новага пасла", - сказаў Андрэй Кабякоў.

У апошні час дыялог паміж краінамі прыкметна актывізаваўся. "На нядаўняй сустрэчы прэзідэнтаў дасягнута дамоўленасць аб тым, што ваш кіраўнік дзяржавы прыбудзе да нас у сярэдзіне лета. Мы таксама чакаем з візітам вашага Прэм'ер-міністра Паўла Філіпа. Абмяркуем тыя пытанні, якія патрабуюць нашага прэм'ерскага рашэння, пасля чаго адбудзецца сустрэча кіраўнікоў дзяржаў", - дадаў кіраўнік Урада.

Андрэй Кабякоў звярнуў увагу на паспяховую рэалізацыю Беларуссю і Малдовай шэрагу сумесных праектаў. Адзін з прыкладаў - машынабудаванне. "У мінулым годзе, калі быў з візітам у Малдове, адбылася прэзентацыя сучаснага тралейбуса, які збіраецца ў Малдове з удзелам беларускіх спецыялістаў", - распавёў ён. Дынамічна развіваюцца пастаўкі малдаўскай вінаробнай прадукцыі на беларускі рынак. "Важна, што мы не з'яўляемся канкурэнтамі, а адзін аднаго ўзаемна дапаўняем", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр.

У сваю чаргу Георге Хіаарэ адзначыў уклад Андрэя Кабякова у развіццё двухбаковых адносін Беларусі і Малдовы і выказаў надзею на іх далейшае ўмацаванне.


Фотаздымкі