навіна

ад 07.06.2017

Сустрэча з губернатарам Пензенскай вобласці Расіі

Беларусь гатова прапанаваць Пензенскай вобласці шырокі спектр сельгастэхнікі, паведаміў Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сёння на сустрэчы з губернатарам Пензенскай вобласці Расіі Іванам Белазерцавым.

Тавараабарот Беларусі і Пензенскай вобласці па выніках першага квартала бягучага года вырас у 1,5 раза. "Гэта сведчыць аб тым, што мы маем вельмі добры патэнцыял і павінны яго максімальна задзейнічаць. Мы бачым магчымасці для рэалізацыі гэтага патэнцыялу перш за ўсё ў гандлёвым супрацоўніцтве. Мы гатовы прапанаваць нашым пензенскім партнёрам увесь спектр прадукцыі машынабудавання, нафтахіміі, лёгкай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, прадуктаў харчавання", - адзначыў Прэм'ер-міністр.

З улікам планаў Пензенскай вобласці па закупцы сучаснай трактарнай, збожжа- і кормаўборачнай тэхнікі, зернесушыльных комплексаў, а таксама рэалізацыі ў расійскім рэгіёне маштабнай праграмы па развіцці аграпрамысловага комплексу Беларусь гатова прапанаваць шырокі спектр сельгастэхнікі. Асноўнымі пастаўшчыкамі сельгастэхнікі ў Пензенскую вобласць могуць выступіць Мінскі трактарны завод, "Гомсельмаш", "Лідсельмаш", "Амкадор". "Думаю, што ваша наведванне выстаўкі "Белагра" дапамагло ацаніць сённяшні ўзровень нашага сельгасмашынабудавання, і мы разлічваем, што зможам знайсці ўзаемавыгадныя праекты, у якіх маглі б паўдзельнічаць", - дадаў кіраўнік Урада. Беларусь таксама гатова пастаўляць шырокі спектр пасажырскага транспарту.

Перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва ўяўляецца развіццё прамысловай кааперацыі. Такое ўзаемадзеянне ўжо наладзілі Мінскі аўтамабільны завод і ААТ "Завод ГрАЗ". "Мы лічым, што такое супрацоўніцтва магло б паслужыць прыкладам і для іншых праектаў", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Добры патэнцыял для ўзаемадзеяння ёсць у аграпрамысловым комплексе. Размова ідзе аб укараненні перадавых тэхналогій у вытворчасць і перапрацоўку сельгаспрадукцыі, пастаўках сучасных даільных залаў у Пензенскую вобласць, развіцці племянной жывёлагадоўлі, будаўніцтве малочнатаварных ферм.

Беларусь таксама гатова супрацоўнічаць у будаўнічай галіне: удзельнічаць у праектаванні і ўзвядзенні сацыяльных, інфраструктурных, вытворчых аб'ектаў, а таксама нарошчваць пастаўкі будаўнічых матэрыялаў. У Пензенскай вобласці плануецца будаўніцтва завода па вытворчасці бульбянога крухмалу - Беларусь мае вопыт стварэння такой вытворчасці і гатова падзяліцца ім з расійскімі партнёрамі.

Акрамя таго, у Беларусі і Пензенскай вобласці ёсць добрыя магчымасці для супрацоўніцтва ў галіне аховы здароўя, адукацыі, турызму і іншых сферах. Як правіла, такое шматпрофільнае супрацоўніцтва з расійскімі рэгіёнамі фіксуецца ў выглядзе асобных планаў дарожных карт, дзе пазначаюцца выканаўцы і тэрміны мерапрыемстваў, дадаў Андрэй Кабякоў.

Іван Белазерцаў у сваю чаргу падзякаваў за магчымасць у час візіту ў Беларусь наведаць мноства аб'ектаў і правесці канструктыўныя перагаворы.​

Фотаздымкі